Узбекістан найперш хоча рэалізаваць у Беларусі інвестпраекты, прыцягваючы свае кадры. Аб гэтым заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой, каменціруючы тэму прыезду ў краіну працоўных мігрантаў з ліку грамадзян Узбекістана, перадае БелТА.
«Спецыфіка менавіта апошніх перагавораў і дамоўленасцей прэзідэнтаў у тым, што лідары нашых краін гаварылі аб інвестыцыях. Просты гандаль у нас з Узбекістанам развіваецца нядрэнна. Мы рэалізавалі ў іх у краіне шэраг вельмі добрых праектаў, звязаных і з машынабудаваннем, сферай перапрацоўкі мясной прадукцыі, лёгкай прамысловасцю. Узбекі ўбачылі, што мы сур’ёзныя партнёры. І Прэзідэнт Узбекістана выступіў з сустрэчнай ініцыятывай. Насельніцтва ўсё ж 39 млн чалавек, і харчовая бяспека для іх — пытанне нумар адзін. У Беларусі яны хацелі б рэалізаваць інвестыцыйныя праекты, звязаныя найперш з аграпрамысловай перапрацоўкай. І пастаўляць атрыманую прадукцыю (ва Узбекістан. — Заўв. БелТА)», — сказаў Дзмітрый Крутой.
«Пад гэтыя інвестыцыйныя праекты яны прыцягнулі б свае працоўныя рэсурсы. Гэта абсалютна не бескантрольная нейкая міграцыя. Гэта міграцыя, як сказаў Прэзідэнт Узбекістана, фактычна пад яго асабістым кантролем. Тыя спецыялісты, якія прыедуць і будуць асвойваць гэтыя інвестпляцоўкі, будуць мець адпаведную кваліфікацыю і падрыхтоўку», — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі.