З пачатку 2025 года ў Мінскай вобласці раскрыта пяць забойстваў мінулых гадоў, чатыры з іх — асабліва рэзанансныя.
Крымінальныя справы знаходзяцца пад пільным кантролем следчых цэнтральнага рэгіёна. Сведчанне таму — пастаянна дзеючая міжведамасная рабочая група па вывучэнні крымінальных спраў аб злачынствах мінулых гадоў. У яе склад уваходзяць найбольш падрыхтаваныя супрацоўнікі Следчага камітэта, органаў унутраных спраў і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Асаблівая ўвага надаецца арганізацыі работы па цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах.
Як ужо згадвалася, з пачатку мінулага года былі раскрыты чатыры асабліва рэзанансныя злачынствы, учыненыя ў перыяд з 1999 па 2014 год у Барысаўскім, Мінскім і Пухавіцкім раёнах. Адно з іх было здзейснена ў 1999 годзе. Як расказаў намеснік начальніка УСК па Мінскай вобласці Аляксандр ПРАТАСАВІЦКІ, была забіта 19-гадовая мінчанка. Цела дзяўчыны з прыкметамі гвалтоўных дзеянняў сексуальнага характару праз тры дні пасля знікнення было выяўлена на беразе ракі Пціч. Судмедэкспертыза ўстанавіла, што дзяўчына была згвалтавана, а смерць наступіла з прычыны механічнай асфіксіі. «Дзякуючы пільнай праверцы паказанняў падазроных, сучасным метадам генетычных даследаванняў і праведзенай эксгумацыі, праз 26 гадоў карпатлівай работы следству ўдалося ўстанавіць асобу мужчыны, які мае дачыненне да гэтага злачынства. Комплекс праведзеных мерапрыемстваў дазволіў аднавіць поўную карціну таго, што адбылося і пасмяротна пацвердзіць вінаватасць на той момант 22-гадовага жыхара сталіцы ў інкрымінаваным дзеянні», — падзяліўся падрабязнасцямі Аляксандр Пратасавіцкі.
- Доўга працягвалася і расследаванне крымінальнай справы аб забойстве дальнабойшчыка ў верасні 1999 года. «Знаёмы аўтамабіль калегі дальнабойшчыка заўважылі каля кафэ „Страла“ ў Барысаўскім раёне паблізу вёскі Лошніца, але ў кабіне аўто знаходзіліся двое невядомых людзей. Мужчыны паспрабавалі затрымаць незнаёмцаў самастойна, аднак скіраваны ў твар пісталет вымусіў звярнуцца да супрацоўнікаў ДАІ. Аўтамабіль удалося выявіць пазней, у прычэпе знаходзілася цела застрэленага кіроўцы», — расказаў намеснік начальніка УСК па Мінскай вобласці. Рэвізія архіўных матэрыялаў і паўторныя допыты сведак дапамаглі звязаць забойства з разбойным нападзеннем, якое адбылося ў 2000-м, калі злачынцамі была ўжыта аналагічная зброя. Неабвержныя доказы прымусілі аднаго з фігурантаў, асуджанага за іншае злачынства, прызнацца ў забойстве. Другі фігурант да моманту раскрыцця злачынства ўжо памёр.
Яшчэ адна бесчалавечная гісторыя здарылася ў 2007 годзе — ва ўласным доме быў знойдзены забітым ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Праваахоўнікі ўстанавілі, што зламыснік здзейсніў злачынства, каб выкрасці ў чалавека грошы і баявыя ўзнагароды. Пры правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у 2025-м устаноўлена дачыненне да злачынства 36-гадовага раней судзімага жыхара Пухавіцкага раёна. Па словах праваахоўнікаў, падчас следства падазроны даў паказанні і прызнаў віну. Ён таксама паказаў месца, дзе выкінуў выкрадзены ордэн. Пасля ўзнагароду знайшлі ў бліжэйшым вадаёме. «Ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені з’яўляецца нумарной узнагародай. Запатрабаваныя з раённага ваенкамата дакументы пацвердзілі сапраўднасць ордэна і яго прыналежнасць пацярпеламу», — дадаў Аляксандр Пратасавіцкі.
Следчыя таксама раскрылі падрабязнасці забойства жанчыны ў Барысаўскім раёне ў 2014 годзе. На тэрыторыі ляснога масіву ў вёсцы Вуглы было здзейснена разбойнае нападзенне на мясцовую жыхарку, якая вярталася дадому пасля працы. Відавочцам стала суседка, якая ішла недалёка за жанчынай і пачула крыкі аб дапамозе. Пацярпелую экстранна даставілі ў бальніцу, аказалі дапамогу, але, на жаль, яна памерла. Па выніках судова-медыцынскіх даследаванняў было ўстаноўлена, што ёй прычынілі не менш за 12 нажавых раненняў у вобласць галавы, шыі і тулава. Намеснік начальніка УУС Мінаблвыканкама — начальнік крымінальнай міліцыі Сяргей ЯКУБЕЛЬ дадаў, што біялагічныя ўзоры былі ўзятыя ў больш за 2,5 тысячы мужчын, якія знаходзяцца на ўліку ў органах унутраных спраў і пражываюць паблізу ад месца злачынства. «Ні адзін з іх не супаў, — расказаў Сяргей Якубель. — Падчас адпрацоўкі была вылучана версія, што асоба, якая ўчыніла злачынства, пакінула тэрыторыю Барысаўскага раёна і ў цэлым Беларусі».
Пазней атрымана інфармацыя аб тым, што біялагічны ўзор чалавека, які быў асуджаны за згвалтаванне ў Расійскай Федэрацыі, супаў з тым узорам, які быў на месцы злачынства ў Барысаўскім раёне. Гэты вынік стаў ключавым доказам, які дазволіў пацвердзіць яго дачыненне. Следчыя высветлілі, што мужчына жыў недалёка ад месца здзяйснення злачынства. У той дзень ён збіраўся забраць дачку сужыцелькі з дзіцячага садка, выпіў алкаголь, ішоў па прасёлачнай дарозе і ўбачыў жанчыну. Ён захацеў выкрасці яе сумачку, аднак мясцовая жыхарка пачала супраціўляцца, таму што незадоўга да гэтага прадала свой дачны дом. Яна баялася, што атрыманыя грошы могуць украсці з хаты і насіла іх з сабой. Па прыгаворы Мінскага абласнога суда грамадзяніну прызначана пакаранне — 24 гады пазбаўлення волі.
Яна ВАЛАСАЧ