КРОК за крокам
Банкі павінны больш актыўна ўкараняць ШІ ў свае прадукты, лічыць першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў. Гэты тэзіс ён агучыў падчас канферэнцыі «Лічбавы банкінг — 2026». У прыватнасці, на яго думку, калі нашы банкі не будуць прапаноўваць кліентам ШІ-агентаў, то гэты сегмент рынку хутка зоймуць іншыя кампаніі і адцягнуць на свой бок частку бізнесу. Ён таксама нагадаў, што нашы расійскія партнёры (Сбер, Яндэкс і іншыя) вельмі дынамічна павялічваюць колькасць чыпаў, здольных працаваць з вялікімі моўнымі мадэлямі, нейрасеткамі. І гэта з’яўляецца своеасаблівым сігналам, што айчынным удзельнікам фінансавага рынку неабходна больш актыўна ўкладвацца ў развіццё перспектыўных лічбавых прадуктаў.
Па перакананні Аляксандра Ягорава, лічбавізацыя павінна быць накіравана, у першую чаргу, на вырашэнне праблем кліента хутка і для яго бязбольна. Паводле яго слоў, развіваецца шэраг ініцыятыў: пачынаючы ад сістэмы імгненных плацяжоў «КРОК» і заканчваючы ўкараненнем крыптабанкаў. «Задача банкаў і фінансавай супольнасці — аператыўна рэалізаваць усе ініцыятывы Нацбанка і камерцыйных банкаў, якія дазволяць зрабіць нашу сістэму ўстойлівей, перайсці ў значнай ступені ў безнаяўныя плацяжы», — адзначыў ён. Па гэтым кірунку яшчэ ёсць істотны рэзерв для росту. Хоць па колькасці аперацый доля безнаяўных плацяжоў ужо перавысіла 90 %, але ў грашовым выражэнні — менш за 75 %.
З 1 ліпеня новы сэрвіс «КРОК» (ажыццяўленне плацяжоў па QR-кодзе) будзе абавязковым для ўкаранення буйнымі банкамі ў свае мабільныя дадаткі. Таксама першы намеснік старшыні Нацбанка адзначыў, што ідзе работа з Міністэрствам па падатках і зборах, каб зрабіць абавязковым гэты сэрвіс для буйных гандлёвых пунктаў. Акрамя таго, ідзе работа з самымі папулярнымі платформамі і маркетплэйсамі, каб з моманту ўкаранення ў буйных банках сэрвісу «КРОК» з 1 ліпеня ён адначасова запрацаваў і на маркетплэйсах. Такім чынам рэалізуецца стратэгія, што сістэма імгненных плацяжоў спачатку павінна стаць максімальна даступнай для карыстальнікаў. А потым ужо можна казаць аб яе папулярнасці і запатрабаванасці.
Дынамічна прасоўваецца ў краіне і стварэнне крыптабанкаў. Як расказаў Аляксандр Ягораў, на апошнім пасяджэнні Сакратарыята ПВТ быў прыняты дакумент, які вызначае, аперацыі з якімі крыптавалютамі можна будзе здзяйсняць на ўзроўні крыптабанкаў і парадак работы з гэтымі аперацыямі. Плануецца, што ў Беларусі крыптабанкі будуць аперыраваць 26 відамі крыптавалют. Таксама вызначаны 11 аперацый. У іх ліку крыптаўклады, крыптапазыкі, заклад крыпты, аперацыі стэйкінгу, трансфер крыпты ад адной фізічнай ці юрыдычнай асобы іншай юрыдычнай або фізічнай асобе, магчымасць выпуску сваіх токенаў крыптабанкамі, абмен, захоўванне крыптавалюты і г. д. «Гэта асноўныя 11 аперацый, якія вызначаны. Але пералік пакуль не закрыты», — растлумачыў ён. І дадаў, што гэты дакумент «жывы» і будзе дапаўняцца па ходзе работы з інвестарамі і па меры ўзнікнення дадатковых ідэй.
Адзначыў Аляксандр Ягораў і ролю лічбавізацыі для ўмацавання тэхналагічнага суверэнітэту краіны. Ён нагадаў нядаўнюю гісторыю, калі карткі некаторых беларускіх банкаў нечакана перасталі працаваць у Еўропе. Такія кейсы сведчаць, што мяжа абмежаванняў не дасягнутая, і да гэтых нечаканасцяў трэба рыхтавацца. Таму дзяржаўныя банкі павінны ў сярэднетэрміновай перспектыве зрабіць незалежную аўтаматызаваную банкаўскую сістэму, якая дазволіла б кіраваць усімі працэсамі ў банку і не залежаць ад вендараў: банкі павінны быць уласнікамі гэтай сістэмы. Калі казаць пра банкаўскую сістэму ў цэлым, уключаючы недзяржаўныя банкі, тут перш за ўсё пытанне стаіць аб замяшчэнні заходняга праграмнага забеспячэння.
Таццяна ШЧАДРАНОК