На лёдзе сталічнай «Чыжоўка-Арэны» стартуе традыцыйны міжнародны турнір па хакеі з удзелам лепшых маладых гульцоў з дзвюх краін «Кубак Будучыні», паведамляе БелТА.
Удзел у спаборніцтвах прымуць маладзёжная (U20) і юніёрская (U18) зборныя Беларусі, а таксама каманды Расіі да 17 і да 18 гадоў. Касцяк нашай «маладзёжкі» складаецца з хакеістаў бабруйскага «Дынама-Шынніка», таксама ў склад увайшлі прадстаўнікі беларускай экстралігі і расійскіх клубаў МХЛ. Аснову нашай юніёрскай зборнай складаюць юнакі з Вышэйшай лігі Беларусі. За каманды з Расіі згуляюць прэтэндэнты на першы раунд драфта НХЛ, а таксама гульцы, якія маюць вопыт выступленняў у Кантынентальнай хакейнай лізе.
«Для хлопцаў 2006 года нараджэння — гэта апошні турнір за зборную-U20. Хацелася б правесці хлопцаў на добрай ноце. Яны прарабілі вялікую працу, у іх не было чэмпіянатаў свету, таму гэты турнір для іх адзін з самых важных этапаў з пункту гледжання вопыту. Нам важна згуляць менавіта як каманда — адзіным кулаком. Сітуацыі будуць розныя, але галоўнае — гуляць у свой хакей і не даваць гуляць саперніку. Будзем старацца актыўна дзейнічаць у нападзе», — сказаў галоўны трэнер маладзёжнай зборнай Беларусі Андрэй Міхалёў.
Турнір пройдзе ў кругавым фармаце, кожная каманда згуляе адзін з адным па разе. Праграму Кубка Будучыні ў Мінску адкрые сустрэча Расіі-U17 з дзейнымі ўладальнікамі трафея з Беларусі-U20, паядынак стартуе ў 16:00. А восьмай гадзіне вечара на лёд выйдуць зборныя-U18. Наступныя матчы асноўнага розыгрышу адбудуцца 6 і 7 лютага, а ў чацвер удзельнікі вызначаць прызёраў у фармаце 3×3. Уваход на трыбуны «Чыжоўка-Арэны» вольны.