Найважнейшы турнір для маладых хакеістаў прайшоў у Мінску. На мінулым тыдні сталічная «Чыжоўка-арэна» прымала міжнародныя спаборніцтвы — Кубак Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Уладальнікамі трафея сталі хакеісты зборнай Беларусі U18.
У фінале яны абыгралі зборную Расіі U16 з вынікам 2:1. Аўтарамі шайбаў сталі Раман Ламан і Надар Фралоў. На шляху да фіналу нашы хлопцы абыгралі зборныя Казахстана-U18 (5:0) і Беларусі-U17 (3:1), расіяне здабылі перамогі над тымі ж сапернікамі (7:0 і 4:2). Трэцяе месца ў дамашнім турніры заняла юнацкая (U17) зборная Беларусі, якая абыграла казахаў з лікам 5:4 у авертайме.
Як заўважыў галоўны трэнер юніёрскай зборнай Беларусі Андрэй Рашчынскі ў інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 5», правільна, што дзве каманды могуць прымаць удзел у дамашнім турніры. «У любой юніёрскай зборнай прысутнічаюць хлопцы, на год маладзейшыя. Па факце, мы можам казаць, што ў нас не 25–30 кандыдатаў, а ўсе 60. Вось гэтае супрацьстаянне паміж сабой якраз дазваляе разглядзець у малодшай камандзе тых, хто можа гуляць і з калектывам старэйшым», — растлумачыў ён.
Кубак Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ўжо сёмы раз застаецца ў Беларусі. У мінулым годзе наша каманда спынілася за крок ад трафея, але, як заўважыў старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Аляксандр Багдановіч, сёлета хлопцы даказалі права называцца пераможцамі. «Каманда паказала добры хакей, атрымаўшы перамогі ва ўсіх матчах як асноўнага турніру, так і кубка ў фармаце 3×3. Хай гэты вынік надасць гульцам яшчэ больш матывацыі старанна працаваць, каб дамагацца самых высокіх вынікаў у форме зборнай Беларусі!» — пажадаў ён.
Для спартсменаў на турніры галоўнае — гульні. А вось трэнеры глядзяць яшчэ і на перспектыву, якая адкрываецца менавіта на такіх спаборніцтвах. «На гэтым этапе для гэтых хлопцаў самае галоўнае — развіццё. Расці можна тады, калі ёсць канкурэнцыя. Я так кажу: кінуць шайбу ў вароты можна ў любой сітуацыі, а хочацца, каб хлопцы вырасталі ў гульнявых дзеяннях. Эмоцыі дае яркая гульня, — адзначыў галоўны трэнер зборнай U17
Яраслаў Чупрыс. — Ёсць сістэма і вертыкаль-U17, U18, „Дынама-Шыннік“, „Дынама-Мінск“. Першапачатковая задача — падрыхтаваць спартсменаў прыстойнага ўзроўню, каб развіць па максімуме іх якасці для галоўнай каманды. Натуральна, пры гэтым хочацца, каб яны крочылі далёка-далёка. У НХЛ, напрыклад. Усе мараць пра гэта. Мара любога маленькага хакеіста — трапіць у НХЛ. Усімі намаганнямі будзем імкнуцца дапамагаць хлопцам».
А тым часам у Санкт-Пецярбургу маладзёжная зборная Беларусі заняла другое месца на міжнародным турніры «Кубак будучыні». Удзел у ім узялі маладзёжныя (U20) зборныя Беларусі, Расіі і Казахстана, а таксама юніёрская каманда Расіі (U18). У першым туры падапечныя Андрэя Міхалёва абыгралі казахаў (3:1), у другім матчы былі мацнейшыя за расійскіх юніёраў (2:1). Але ў вырашальным паядынку хлопцы саступілі маладзёжцы гаспадароў з лікам 0:4.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота БелТА