Top.Mail.Ru

Куды ехаць па бульбу і як змяняюцца цэны на восеньскіх кірмашах Міншчыны

Ад 85 капеек за кіло...

Восеньскія кірмашы ахапілі гарады цэнтральнага рэгіёна. Нягледзячы на дажджы і мокры тавар у адных рэгіёнах, у іншых ажыятаж толькі нарастае, а кошты на галоўную гародніну — бульбу, моркву, цыбулю і капусту — паказваюць прыемную дынаміку. «Звязда» высветліла, колькі будзе каштаваць «баршчавы набор» у тым ці іншым райцэнтры. 

Лагойск

Восень — час традыцыйных сельскагаспадарчых кірмашоў, дзе кожны жадаючы можа папоўніць запасы садавіны і агародніны на зіму. У Лагойску кірмашы праводзяць па суботах на плошчы 8 Сакавіка. Самы першы з іх выклікаў такі ажыятаж, што ў цэнтры горада месцамі здараліся заторы.

На мінулых кірмашах можна было купіць бульбу. Тут цана за кілаграм другога для беларусаў хлеба пачыналася ад 1 рубля 30 капеек. Максімальная цана на гэты карняплод — 1 рубель 40 капеек. Таксама ахвотна людзі бралі моркву. Яе прадавалі па 1 рубель 50 капеек за кілаграм. Цыбулю на кірмашы можна было купіць за 1 рубель 80 капеек, кілаграм буракоў каштаваў на 10 капеек танней. Капусту прадавалі за 1,30-1,50 рубля за кілаграм.

Фермер з суседняга Барысаўскага раёна адзначыла, што цяпер людзі бяруць гародніну не так, як раней:

— Такога ажыятажу, як раней, каб бралі шмат мяшкоў бульбы ў адны рукі ўжо няма. Людзі бяруць мяшок, два, — адзначыла жанчына.

Маладзечна

Сельскагаспадарчыя кірмашы праходзяць у Маладзечне на плошчы Старое Месца. Бульба з-за моцнага дажджу і парываў ветру, якія ўздымалі навесы, намокла. Аднак зніжаць цану на падмоклы тавар ніхто не стаў.

Кошт за кілаграм — ад 85 капеек. У залежнасці ад гатунку, кошт вар’іруецца і дасягае 1 рубля, як, напрыклад, за «Мадэйру». Морква і цыбуля — па 1 рублю 50 капеек, а капуста на 30 капеек таннейшая. 

Вілейка

У Вілейцы восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы радуюць выдатнымі цэнамі! У параўнанні з мінулымі выходнымі цэны на бульбу прыемна знізіліся. 11-12 кастрычніка, бульба розных гатункаў, такіх як «Ласунак», «Растоўская», «Мадэйра» і «Крона», можна было набыць ад 1 рубля за кілаграм, а «Першацвет» і «Канэкт» — усяго за 90 капеек. Асабліва прывабны кошт на гатунак «Каралева Ганна» — 85 капеек за кілаграм. Пры замове ад 5 мяшкоў прадастаўляецца бясплатная дастаўка.

Капуста прапануецца па 1 рублю за кілаграм. Морква, цыбуля і буракі ў сетках даступныя коштам 1,20 рубля. Салодкі перац можна набыць па 4 рублі, яблыкі — ад 3,90 рубля, а часнык — ад 15 рублёў.

Стоўбцы

У Стоўбцах працягваюцца сезонныя кірмашы. Іх мясцовыя жыхары пакідаюць з поўнымі пакетамі бульбы, яблыкаў і іншай сезоннай гародніны. Стаўбчане актыўна выкарыстоўваюць магчымасць закупіць прадукцыю прама з градкі, пакуль прадпрыемствы і прыватныя фермеры яшчэ прывозяць свае тавары.

Мясцовыя жыхары працягваюць актыўна закупляць бульбу. Выбар прапануе амаль кожны прадавец. На прылаўках знайшлі гатункі «Мія», «Каралева Ганна», «Вінета», «Гала» і іншыя. Цэны на гародніну даходзяць да 1,5 рубля каля розных гандлёвых пунктаў. Самыя бюджэтныя варыянты прапануюць мясцовыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы — 1 рубель за кілаграм. Аднак наведвальнік кірмашу падзяліўся, што прыязджаюць прадстаўнікі гаспадарак не кожную нядзелю.

Попытам карыстаецца і іншая сезонная гародніна. Так, кілаграм морквы можна знайсці ад 1,1 рубля, буракоў — ад 80 капеек, цыбулі і капусты — ад 1 рубля. Перцы прадаюць па цане ад 4 рублёў. Гарбуз прыватныя прадаўцы аддаюць ад 1 рубля за кілаграм.

Для закатак можна набыць агуркі і памідоры. Цэны на гэтую гародніну стартуюць ад 5 і 3,5 рубля адпаведна. Можна паспець набыць свежую зеляніну па 1,5 рубля за пучок. А за радыска просяць ад 3,5 рубля. 

photo_6_2025-10-18_09-57-50.jpg

Шматлікія пакупнікі пакідалі кірмаш з поўнымі пакетамі яблыкаў. Хоць, як сцвярджаюць наведвальнікі, цэны на сезонны фрукт не самы нізкі. У розных гандлёвых пунктах сярэдні кошт каля 4-5 рублёў. Аднак выбар гатункаў радуе разнастайнасцю: ад «Антонаўкі» да «Голдэна».

Журавіны можна было знайсці ў прыватных прадаўцоў. За літровы слоік ягады прасілі 10 рублёў. А ў Стаўбцоўскага райспажыўтаварыства яе можна было набыць па 13,33 рубля за кілаграм.

У прыватных прадаўцоў можна знайсці і больш экзатычныя садавіны і ягады. На прылаўках размясціліся мандарыны, гранаты, манга, лімоны, персікі і абрыкосы, кавуны і дыні.

Акрамя прадукцыі «з градкі» прадавалі свежы мёд, хатнія мяса, «малочку» і грыбы. Вялікую цікавасць выклікала ў наведвальнікаў кірмашу і расада: ад насення кветак да саджанцаў садовых дрэў.

Сезонны кірмаш у Стоўбцах прадоўжыцца да 26 кастрычніка. Свежую прадукцыю можна закупіць кожную нядзелю на «Цэнтральным» рынку з 6:00 да 10:00.

Крупкі

Пасля мінулага раённага кірмашу прылаўкі на сельгаскірмашы ў Крупках не пустыя, і прадаўцы ў выдатным настроі. Фермеры з суседніх раёнаў і нават абласцей, а таксама мясцовыя вытворцы прапаноўвалі садавіну, гародніну, сухафрукты, арэхі, бульбу ў сетках. Кошты — розныя, але на «Баршчовы набор» цалкам прыязныя.

Кітайскі вінаград — 13 рублёў за кілаграм — прыцягваў увагу практычна ўсіх пакупнікоў, і мясцовыя блогеры — не выключэнне. Звычайны вінаград можна знайсці ад 5.50 рублёў за кілаграм, апельсіны — за 9 рублёў, грушы — за 6.50 рублёў, былі таксама партыі па 9.50 і 13.50 рублёў за кілаграм.

— Кошты на сухафрукты стараемся трымаць, — адзначаюць мясцовыя прадаўцы, — Напрыклад, чарнасліў і курагу мы прадавалі па 18 рублёў яшчэ ў пазамінулым годзе. Пры гэтым, паглядзіце, прадукцыя якасная, смачная. Уся справа ў дбайным падборы пастаўшчыкоў.

Але цяпер крупчан больш за ўсё цікавіць на кірмашы прадукцыя, якая адносіцца да «Баршчова набору». Што і пачым у Крупках з гэтага пераліку прадуктаў таксама пацікавіліся. 

Высветлілі: бульба — ад 1 да 1,20 рубля за кілаграм (у розных прадаўцоў). У фермераў з Магілёва сеткі бульбы-сеянкі па 25 рублёў за сетку (прыкладна 35 кілаграмаў). Яны гандлявалі гатункамі «Уладар», «Дубрава», «Каломба». У мясцовых прадаўцоў — у нядзелю ў продажы былі гатункі «Рэд Лэдзі» і «Каралева Ганна», «Белароса», «Гала».

Буракі можна было знайсці па 1,20 рубля за кілаграм, капусту — ад 1,20 да 1,30 рубля за кілаграм, моркву — ад 0,80 да 1,30 рубля за кілаграм, цыбулю (з Расіі) — па 1,70 рубля за кілаграм.

Кароткі савет ад пакупніка Міхаіла Сяргеевіча:

— Для класічнага баршчу або супу бярыце бульбу сярэдняй шчыльнасці («Гала» або «Белароса» падыдуць), буйную моркву і сакавітую капусту — так суп атрымаецца наварыстым і яркім. Калі плануеце захоўваць, купіце бульбу ў сетцы — больш выгадна на кілаграмы.

photo_5_2025-10-18_09-57-50.jpg

Распыталі прадаўцоў і пра мінулы кірмаш. Расказалі, што было вельмі ажыўлена. У продажы, акрамя гародніны і садавіны, у багацці было мяса, плеценыя кошыкі, саджанцы дрэў, кустоў і дэкаратыўных раслін. Не было ў гэты раз хіба што жывой рыбы, якую звычайна прывозяць з Любані.

А ў астатнім кошты такія: пшаніца — 35 рублёў за мяшок, гарбуз — 1 рубель за кілаграм, часнык буйны — 16 рублёў за кілаграм, перац — 5.50 рубля за кілаграм, баклажаны — 4 рублі за кілаграм, семечкі — 12 рублёў за кілаграм.

— Клічам да нас на кірмаш у наступную суботу, павінна быць таксама «багата», — адзначылі крупчане. — Наогул па суботах да снежня (калі надвор’е будзе дазваляць), прыходзьце за сезоннай прадукцыяй да нас на сельгасрынак — не памыліцеся.

Беразіно

У мясцовых жыхароў з’явіўся новы трэнд: цяпер кожную суботу яшчэ да сняданку яны спяшаюцца на восеньскі кірмаш па садавіну, гародніну на зіму і смачную правізію для сямейнага абеду. Вызначыць восеньскіх «шапаголікаў» лёгка: у руках у іх вялікія кошыкі і каляскі. Напэўна, каб узяць пабольш. Кожны ведае, што не сыдзе дадому з пустымі рукамі, бо попыт на свежую, якасную прадукцыю прама з градкі, а яшчэ упакаванай у сетку — стабільна высокі. 

З самай раніцы на кірмашы, на цэнтральнай плошчы, ужо шмат людзей і машын. Першымі заўсёды прыязджаюць гаспадаркі раёна на вялікіх МАЗах. Яны прывозяць пшаніцу, якая вельмі патрэбна жыхарам горада і раёна. Сёння пшаніцай гандлююць ААТ «Першамайскі» і «Пагосцкі».

— Попыт такі, што мы, бывала, ужо а 11 гадзіне дадому з’язджалі. — кажуць сельскія бухгалтары-прадаўцы. — Да нас за збожжам з усяго раёна едуць, і не мяшок-два купляюць, а больш.

Калі збожжа купляюць не гледзячы, то іншы тавар выглядваюць, спыняюцца, прыцэньваюцца. А прылаўкі вабяць — радуюць рознакаляровай палітрай фарбаў вырашчанага ўраджаю гародніны і садавіны, а яшчэ зеляніны і кветак. Вочы разбягаюцца: хочацца купіць і тое, і гэта... Ды і кошты, на першы погляд, вельмі дэмакратычныя. А там, дзе танней, тавар проста разлятаецца.

photo_3_2025-10-18_09-57-50.jpg

— Большасць прадаўцоў кожны год гандлююць у нашым раёне, і мы ведаем іх ужо асабіста, — кажуць мясцовыя. — Гэта ж столінцы! Яны ў нас у горадзе прадаюць раннія гародніну і кветкі, а па восені рэалізуюць свой вырашчаны ўраджай. Яны ў нас ужо як родныя і густы нашы ведаюць, і заробкі. Да іх заўсёды вялікая чарга.

— Пяць кіло перцу, сетку лука і мяшок бульбы, — дыктуе па спісе жанчына сярэдніх гадоў.

— Замала нешта, — смяецца прадавец, — у мінулы раз пабольш брала... Ці вырашыла яшчэ адзін заход зрабіць?!

— Можа і так! Вашы суадносіны «кошт — якасць» самыя выйгрышныя для маёй сям’і, — усміхаецца пакупнік, перахопліваючы з рук прадаўца важкі мяшок. 

— Тавар у нас добры і недарагі: мы ж гандлюем прадукцыяй, вырашчанай на сваім участку, пастаянна працуем з гатункамі і выдатна ведаем патрабаванні нашых пакупнікоў. Гандлюем не ў страту. Ужо практычна многае рэалізавалі і бульбу таксама. Цэны, вядома, вышэй, чым у сеткавых крамах. Але мясцовыя з намі не гандлююцца: за нашу бульбу аддаюць больш рубля і хваляць. 

Сярод жадаючых купіць гародніну на зіму шмат пенсіянераў. Яны шмат не бяруць, але вось нават маленькую сетку бульбы ім цягаць складана. На дапамогу заўсёды прыходзяць валанцёры атрада «Добрае сэрца».

Дарэчы, для дастаўкі гародніны на зіму прадстаўнікі срэбнага ўзросту могуць таксама звярнуцца ў сацыяльную службу, іх аўтамабіль кожную суботу дзяжурыць на кірмашы.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота з адкрытых крыніц


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю