Top.Mail.Ru

Кухараў: Моладзь — будучыня нашай краіны

У Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку прайшла сустрэча старшыні Мінскага гарвыканкама Уладзіміра Кухарава з абноўленым складам Маладзёжных саветаў пры адміністрацыях раёнаў Мінска. Карэспандэнт «Звязды» даведалася падрабязнасці.


Мэр Мінска адзначыў, што правядзенне такіх сустрэч для мясцовых органаў улады вельмі важна. «Мы бачым, што моладзь сёння вельмі актыўна працуе па многіх напрамках. Члены Маладзёжных саветаў пры адміністрацыях раёнаў, якія сустракаюцца з людзьмі, бачаць многія праблемы і маюць свой асаблівы погляд на рэчы. Я думаю, разам мы знойдзем вырашэнне праблемных пытанняў, залог поспеху — гэта калі моладзь сама хоча дапамагчы людзям, — адзначыў Уладзімір Яўгеньевіч.

Старшыня Маладзёжнага савета пры адміністрацыі Першамайскага раёна Павел Трубека расказаў, што многія мерапрыемствы раёна сёлета будуць прымеркаваныя да Года добраўпарадкавання.

— Распрацаваны план праекта па азеляненні нашага раёна, які будзе называцца «Маладзёжная алея» або «Алея моладзі». Яна размесціцца ў скверы насупраць «Першага нацыянальнага гандлёвага дома», — расказаў спікер. 

Член Маладзёжнага савета пры адміністрацыі Маскоўскага раёна Марта Мірэйка паведаміла журналістам, што ў раёне сёлета будуць развіваць два праекты: азелянення раёна, а таксама прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі. «Вельмі спадзяёмся, што Уладзімір Яўгеньевіч (старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў — „Зв.“ ) ацэніць і падтрымае нашы ініцыятывы. У цэлым удзел у савеце дапамагае мне з прафесійнага пункту гледжання. Мая работа звязана з моладдзю, таму тыя ідэі, якія я чэрпаю на працы і ў савеце, магу злучыць разам, і атрымліваюцца яшчэ больш цікавыя праекты», —дадала яна.

Маладзёжны савет Цэнтральнага раёна таксама рыхтуе шэраг мерапрыемстваў, расказала намеснік старшыні Маладзёжнага савета пры адміністрацыі Цэнтральнага раёна Ганна Бачыла.

— Многія з іх будуць прысвечаны Году добраўпарадкавання і 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Вядома, ёсць праекты па добраўпарадкаванні, планы па нанясенні муралаў у гонар Герояў Савецкага Саюза. Упэўнена, сустрэча са старшынёй Мінгарвыканкама дапаможа нам рэалізаваць усе ідэі. Яна карысная і тым, што гэта перадача вопыту ад больш старэйшага пакалення малодшаму. Як кажуць, час выбраў нас, а значыць, мы павінны дапамагаць захоўваць наш Мінск і рабіць яго больш сучасным, тым цэнтрам, на які будуць раўняцца ўсе, — сказала дзяўчына.

Лізавета Грышкевіч працуе на Мінскім заводзе колавых цягачоў. У Маладзёжным савеце пры адміністрацыі Заводскага раёна дзяўчына адказвае за прамысловы сектар. 

— Мы займаемся вольным часам маладых людзей, вядзем работу для таго, каб у дзяўчат і хлопцаў былі наладжаны сацыяльныя сувязі, распрацоўваем розныя акцыі і мерапрыемствы. Вельмі ганаруся, што мне прапанавалі пасаду члена Маладзёжнага савета. Мая мэта ў ім — прадстаўляць свой завод, даносіць думкі, якія моладзь не заўсёды можа агучыць, — рэзюмавала яна.

Напрыканцы мерапрыемства старшыня Мінскага гарвыканкама падзякаваў моладзі за работу. «Моладзь — будучыня нашай краіны. У вас сёння ёсць вельмі шмат задаткаў, і калі вы будзеце рухацца ў тым жа, станоўчым, кірунку, — усё атрымаецца», — запэўніў мэр Мінска.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю