Агучу адно непрыемнае назіранне. Досыць часта (усё роўна дзе: на вуліцы, у транспарце, ва ўстановах грамадскага харчавання) можна пачуць мат. Прычым нецэнзурную лексіку ўжываюць у зносінах, у размовах па тэлефоне не толькі дарослыя, але і моладзь, падлеткі, нават малалетнія дзеці. Часам ствараецца ўражанне, што людзі забыліся, што такое культура мовы, забыліся на ўвесь слоўнікавы запас, каб культурна выказаць свае погляды ці эмоцыі. Бо ўзровень ужывання мата ў грамадстве — гэта паказчык яго развіцця і адукаванасці. Дык чаму ж у нас так шмат нецэнзурнай лексікі і як з ёй наогул змагацца?
Для пачатку варта ўзгадаць, што ў далёкія, яшчэ дахрысціянскія часы ненарматыўная лексіка пераважна выкарыстоўвалася падчас паганскіх абрадаў або накладання праклёнаў, часам такімі словамі называліся розныя віды пакаранняў смерцю. Адсюль і яе назва — табуяваная, бо ўжываць яе дзесьці, акрамя гэтых абрадаў, было непрыстойна і дрэнна. За гэтым уважліва сачыла дзяржава і царква, якія імкнуліся змагацца за культуру мовы сваёй паствы. У перыяд існавання Савецкага Саюза выкарыстанне ненарматыўнай лексікі ў грамадскім месцы таксама лічылася непрымальным і нават наказвалася арыштам на 15 сутак.
Працэс разбурэння нашай культуры мовы і адкрытай дэградацыі грамадства пачаўся незадоўга да распаду Савецкага Саюза, калі ў краіне пачалася актыўная прапаганда прынцыпаў жыцця заходняга свету з яго так званымі «каштоўнасцямі» — пошласцю, псеўдасімваламі і перакручанымі сацыяльнымі асновамі. Крах СССР прывёў да канчатковага абнулення практычна ўсіх айчынных культурных сэнсаў і сімвалаў, стаў прычынай найшырэйшага распаўсюджвання брыдкаслоўя. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што свой уплыў аказалі і найцяжэйшыя фінансава-эканамічныя ўмовы, у якіх апынулася насельніцтва на постсавецкай прасторы, і рост злачыннасці. За кошт дэградацыі сацыяльных асноў і маральных каштоўнасцяў ненарматыўная лексіка стала таксама часткай сямейнага жыцця, дзе дарослыя сталі дапускаць выкарыстанне мата ў адносінах да дзяцей. Масмедыя-культура вельмі добра ўлавіла гэтыя тэндэнцыі. Як вынік — у эфіры буйных радыёстанцый з’явілася вялікая колькасць музычных гуртоў з адкрыта мацюкальным рэпертуарам, велізарнымі накладамі пачала выдавацца літаратура, насычаная нецэнзуршчынай, у кінаіндустрыі таксама ўзрасло выкарыстанне ненарматыўнай лексікі. І хоць айчынныя перакладчыкі стараліся нівеліраваць мат заходняга кінематографа з яго шматлікімі факамі і г. д., але паступова ён пачаў пранікаць і на нашы экраны. Сёння, з развіццём інфармацыйных тэхналогій, дэматыватары на аснове мацюкоў складаюць велізарную долю кантэнту ў сацсетках і месенджарах і вельмі негатыўна ўплываюць на асноўнага спажыўца — падрастаючае пакаленне, для якога мат становіцца нормай жыцця. Цяпер ужо не рэдкасць убачыць на вуліцы ці ў транспарце, школе і г. д. брыдкаслова 6-7-гадовага ўзросту або групу падлеткаў, прычым вельмі рэдка ім хто-небудзь робіць заўвагу.
Па сваёй сутнасці мова — гэта адлюстраванне не толькі духоўнага стану асобнага чалавека, але і менталітэту грамадства ў цэлым, яго традыцый, маральных асноў, сістэмы каштоўнасцяў. Безумоўна, мы ўсе хочам жыць у культурным, ветлівым і развітым соцыуме. Аднак выкарыстанне ненарматыўнай лексікі ў зносінах, у размове аддаляе нас ад яго. І гэта сур’ёзная праблема нашага грамадства, якую трэба вырашаць.
І ў прынцыпе, грамадства гатова яе вырашаць.
Паводле даных Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, які праводзіў свае даследаванні ў другім квартале бягучага года, прыкладна 94 % беларускіх рэспандэнтаў прызнаюць, што часта чуюць ненарматыўную лексіку. Пры гэтым амаль 70 % негатыўна ставяцца да яе ўжывання, нейтральна — 27,4 % апытаных, і толькі 2,5 % рэспандэнтаў вітаюць выкарыстанне брыдкіх слоў. Пры гэтым амаль 57 % рэспандэнтаў лічаць, што пакаранне за нецэнзурную лаянку ў грамадскіх месцах варта было б зрабіць больш жорсткім, і амаль 63 % згодны падтрымаць гэту ініцыятыву.
Тое, што насельніцтва гатова змагацца за чысціню мовы, за яе культуру — добра. Аднак, звяртае на сябе ўвагу той факт, што сёння менавіта ў сем’ях усё часцей ужываецца лаянка. І гэта вельмі сумна, бо фарміраванне асобы чалавека, станаўленне культуры яго мовы адбываецца менавіта ў сям’і. Дзіця слухае і ўбірае, што і як кажуць бацькі, а потым пачынае само выкарыстоўваць такі тып гаворкі.
Не так даўно да барацьбы за чысціню мовы далучылася і царква. Так, падчас нядаўняга Тыдня бацькоўскай любові Грамадскі савет па маральнасці БПЦ правёў асветніцкую акцыю «Я і мая сям’я — без брыдкаслоўя». Асноўную задачу, якую ставілі перад сабой праваслаўныя асветнікі, — растлумачыць прыхаджанам, што нецэнзурная лексіка — гэта не лепшы варыянт нормы, пры дапамозе якой дапушчальна выказваць свае думкі ў грамадскай прасторы і сям’і.
Ды і з боку дзяржавы ідзе работа — заканатворчая. Так, у дзеючым Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі, згодна з артыкулам 19.1, прадугледжана адказнасць за брыдкаслоўе ў грамадскіх месцах, а па артыкуле 10.2 адказнасць наступае, калі грубая лаянка накіравана на канкрэтнага чалавека. Пакаранне па гэтых артыкулах уключае ў сябе не толькі штраф да 20–30 базавых велічынь, але таксама адміністрацыйны арышт і грамадскія работы. Іншае пытанне, як гэта ўсё ўжываецца ў дачыненні да тых, хто лаецца, і наколькі гэта эфектыўна?
Падводзячы своеасаблівы вынік, варта сказаць, што толькі сумеснымі намаганнямі дзяржавы і кожнага грамадзяніна, царквы і самога грамадства, якое не толькі праяўляе зацікаўленасць, але і гатова змагацца за чысціню мовы, можна вырашыць праблему культуры мовы.
Сяргей Чычылаў.