— У эпоху глабальных змен менавіта музеі застаюцца захавальнікамі культурнага коду нашых народаў, — адзначыў першы намеснік Генеральнага сакратара СНД Ігар Петрышэнка падчас ІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Музейныя ініцыятывы на прасторы СНД», якая адкрылася ў Мінску. Але два дні ўдзельнікі канферэнцыі правядуць у Нясвіжы.
Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» як базавая арганізацыя СНД у кірунку «Музейная справа» сабраў спецыялістаў з Азербайджана, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Узбекістана і Расійскай Федэрацыі, каб абмеркаваць перспектывы далейшага супрацоўніцтва і адметныя ініцыятывы, якія могуць даць штуршок для развіцця не толькі гэтых устаноў, але наогул культурнай сферы. Канферэнцыя прымеркаваная да 35-годдзя Садружнасці Незалежных Дзяржаў і ладзіцца пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Выканкама СНД, Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва.
Тое, што супрацоўніцтва музеяў краін СНД ідзе даволі актыўна, адзначаюць не толькі самі ўдзельнікі гэтага працэсу, але і наведвальнікі музеяў, якіх радуюць адметныя сумесныя выставачныя праекты. Пра тое, наколькі яны адметныя, сведчыць увага да іх, напрыклад, чарга мінчан і жыхароў іншых рэгіёнаў Беларусі, якія наведалі выстаўку аднаго шэдэўра Марка Шагала «Прагулка» ў Нацыянальным мастацкім музеі. Ёсць і рэальныя вынікі папаўнення калекцый праз супрацоўніцтва з калегамі, напрыклад, летась з архіву Выканаўчага камітэта СНД у фоны Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі перадалі працу Міхаіла Савіцкага з серыі «Ленініяна». Яшчэ адзін значны праект, што ўзнік дзякуючы супрацоўніцтву, — «Віртуальныя музеі краін СНД» — аб’яднаў алічбаваныя фонды вядомых музеяў краін Садружнасці... Ёсць іншыя ідэі, увасабленне якіх наперадзе.
— Беражлівыя адносіны да гістарычнай спадчыны і падтрымка музейнай справы ўзведзены ў ранг дзяржаўных прыярытэтаў як у Рэспубліцы Беларусь, так і ў іншых дзяржавах — удзельніцах СНД, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка і нагадаў пра тое, што для такога супрацоўніцтва была створана глеба. — Важным крокам для прафесійнай супольнасці стала падпісанне ў 2019 годзе кіраўнікамі ўрадаў Пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне музейнай справы. Дакумент адкрыў новыя перспектывы для выбудоўвання прамых сувязяў паміж установамі, даў імпульс выставачным абменам, сумесным навуковым пошукам, развіццю рэстаўрацыйных школ і павышэнню кваліфікацыі кадраў. Гэта дзейнасць знаходзіць лагічны працяг сёння. Так, у сакавіку 2026 года Савет кіраўнікоў урадаў СНД зацвердзіў план асноўных мерапрыемстваў у сферы культуры на бліжэйшыя тры гады. Варта адзначыць, што ў гэту маштабную праграму ўвайшло 138 міжнародных і нацыянальных канкрэтных праектаў, якія ахопліваюць розныя кірункі — ад музейнай практыкі і захавання гістарычнай спадчыны да акадэмічнага ўзаемадзеяння.
Але найперш гаворка пайшла пра захаванне гістарычнай памяці народаў, што жывуць на прасторы СНД, у прыватнасці пра Вялікую Айчынную вайну. На тэрыторыі Беларусі ёсць сімвал агульнай памяці — Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». Паводле слоў дырэктара комплексу Аляксандра Каркатадзэ, праграма рэстаўрацыі і мадэрнізацыі цытадэлі накіраваная на захаванне гістарычнай праўды і патрыятычнае выхаванне моладзі краін Садружнасці. Але штогод крэпасць наведваюць прадстаўнікі розных народаў, знаходзяць тут імёны сваіх герояў і ўскладаюць кветкі ў іх памяць. Ён агучыў ідэю запусціць турыстычны цягнік, маршрут якога злучыў бы розныя пункты на карце і паспрыяў бы фарміраванню гістарычнай свядомасці і захаванню агульнай культурнай спадчыны народаў СНД.
У Нясвіжы спецыялісты з краін СНД будуць аналізаваць, як сучасныя лічбавыя рашэнні ў тэхналогіях дапамагаюць развіваць музейную прастору і рабіць яе больш зразумелай для наведвальнікаў. Што асабліва актуальна для беларускіх музейных устаноў, дык пытанні рэстаўрацыі каштоўнасцяў: ёсць пэўны ўласны досвед, але ж тэхналогіі дазваляюць выкарыстоўваць штучны інтэлект у дапамогу майстрам, што спрабуюць рабіць расійскія спецыялісты. Калі тэхналогіі дапамагаюць зберагчы і паказаць, то ўсё ж сама па сабе прастора музеяў (асабліва такіх, як «Нясвіж») вартая таго, каб у ёй віравала жыццё. Таму адна з найбольш актуальных тэм для абмеркавання — больш дынамічнае ўкараненне інтэрактыўных форм узаемадзеяння з аўдыторыяй, што дазваляе прыцягваць моладзь.
Ларыса ЦІМОШЫК