Маршрут будзе ўключаць наведванне музеяў, што дазволіць удзельнікам сумясціць спорт са знаёмствам з культурай горада.
У рэгіёне падтрымліваюць цікавасць людзей да здаровага ладу жыцця і добрай фізічнай формы. Як расказалі ва ўпраўленні спорту, існуючыя забегі будуць развіваць.
— Гэта «Забег першых», забег на «Зубр-фэсце», баранавіцкая «Жырандоля», Маларыцкі марафон, — пералічылі ў ведамстве. — Ёсць планы зрабіць культурны забег у Брэсце. Прапрацоўваем такую ідэю з камандай арганізатараў.
Спартыўных мерапрыемстваў такога фармату ў Брэсцкай вобласці яшчэ не праводзілі. Маршрут культурнага забегу ўключае наведванне музеяў, для яго правядзення не патрабуецца перакрыцця вуліц для руху транспарту.
— У бегавой супольнасці Расіі ён набывае вялікую папулярнасць, — адзначылі ва ўпраўленні спорту. — Разумеем, што гэта будзе цікава і ў нас. Гэта забег не ў звыклым фармаце. Людзі пераадольваюць дыстанцыю, а забягаючы ў музей, пераходзяць на крок і глядзяць экспазіцыю. Выходзячы на вуліцу, далей бягуць па маршруце.
Забег, які дазваляе ўбачыць родны горад пад іншым ракурсам, можа быць цікавы брэстчанам. Таксама гэта выдатная магчымасць для турыстычнага прасоўвання абласнога цэнтра, каб госці маглі актыўна правесці час і паглыбіцца ў мясцовую культуру.
Гэта не адзіная задумка для аматараў бегу, над якой працуюць у Брэсцкай вобласці.
— Будзе праводзіцца забег падчас абласнога зімовага фестывалю «Берасцейскія сані» ў студзені, — акцэнтавалі ўвагу ва ўпраўленні спорту. — Думаем, ён будзе набіраць папулярнасць, паколькі забегаў зімой цяпер мала ў Беларусі.
Дарэчы, у найбліжэйшыя выхадныя, 10 кастрычніка, у паўднёва-заходнім рэгіёне ўжо 43-ы раз пройдзе Маларыцкі міжнародны марафон. На яго старт выйдуць больш за 1 тыс. чалавек. Гэта частка праекта «Бегавая ліга» Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.