Тэхналагічны рывок
Сёння беларуская будаўнічая індустрыя — гэта высокатэхналагічны, экалагічны і надзейны сектар эканомікі. Таму нядзіўна, што адным з галоўных дасягненняў пяцігодкі стала ўмацаванне тэхналагічнага суверэнітэту краіны, адзначыў міністр архітэктуры і будаўніцтва Вадзім АЛЬШЭЎСКІ:
— Мы мэтанакіравана рухаемся да поўнага самазабеспячэння краіны ключавымі будаўнічымі матэрыяламі. У 2026 годзе рэалізаваны два значныя інвестыцыйныя праекты, якія адкрываюць новую старонку ў гісторыі нашых прадпрыемстваў.
Па-першае, размова пра мадэрнізацыю флаконнай вытворчасці на ААТ «Белмедшкло» з выкарыстаннем інавацыйных тэхналогій — цяпер на прадпрыемстве будзе выпускацца прадукцыя выключна з айчыннай шкляной трубкі.
— Гэта стратэгічна важна — мы поўнасцю адмаўляемся ад імпарту гэтай прадукцыі, умацоўваючы бяспеку нашай фармацэўтычнай галіны, — паведаміў міністр.
Другі праект рэалізаваны на ААТ «Крычаўцэментнашыфер», дзе асвоена тэхналогія вытворчасці штучнага гіпсу на аснове фосфагіпсу — па сутнасці, з адходаў.
З 1 ліпеня 2026 года тут ужо пачалі вырабляць штучны гіпсавы камень. Імпартазамяшчальны матэрыял паслужыць і на карысць экалогіі краіны.
— Мінулае пяцігоддзе — для нас перыяд сапраўднага прарыву. Будаўнічая галіна стала драйверам усёй нацыянальнай эканомікі. Менавіта будаўнікі зрабілі самы важкі ўнёсак у фарміраванне ВУП нашай краіны. Упершыню ўдзельная вага нашай галіны ў эканоміцы пераадолела планку ў 6,6 %, а рост дабаўленай вартасці склаў 108 %, — канстатаваў Вадзім Альшэўскі.
Экалагічныя, запатрабаваныя і канкурэнтаздольныя
Дарэчы, не за гарамі «зялёная» трансфармацыя галіны: зніжэнне нагрузкі на навакольнае асяроддзе знаходзіцца пад пільнай увагай Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Дзеля гэтага на беларускіх прадпрыемствах паступова павялічваецца выкарыстанне альтэрнатыўнага паліва з перапрацаваных камунальных адходаў. Яскравы прыклад — ААТ «Краснасельскбудматэрыялы». Па словах Вадзіма Альшэўскага, дынаміка ўражвае: у 2024 годзе было выкарыстана толькі 120 тон, у 2025-м — ужо 805 тон, а сёлета — каля 6600 тон гэтага паліва:
— У першую чаргу, гэта садзейнічае замяшчэнню імпартнага каменнага вугалю ў аб’ёме больш як 5 тысяч тон. Фінансавы эфект складае больш як 1 мільён беларускіх рублёў. Але самае галоўнае — экалагічны ўнёсак: больш за 6,6 тысячы тон адходаў аказалася не на палігонах, а было перапрацавана ў энергію. Мы не проста будуем заводы. Мы будуем будучыню з чыстай энергіяй, — падкрэсліў Вадзім Альшэўскі.
Паралельна развіваецца і прамысловасць. Па-сапраўднаму рэкордных паказчыкаў удалося дабіцца айчынным цэментным заводам: прадпрыемствы выйшлі на аб’ём вытворчасці ў 5,4 мільёна тон — абсалютны максімум, які сведчыць аб поўнай загрузцы іх магутнасцяў.
Да таго ж магутнасці прадпрыемстваў галіны ўвогуле дазваляюць не толькі цалкам забяспечваць запатрабаванні айчыннага будаўнічага комплексу, але і нарошчваць прысутнасць на знешніх рынках. Па выніках мінулай пяцігодкі сумарны экспарт будаўнічай прадукцыі, паводле слоў міністра, склаў 4,9 мільярда долараў, пры гэтым змянілася геаграфія паставак:
— Калі ў 2021 годзе доля Расійскай Федэрацыі ў структуры нашага экспарту складала 51 %, то ў 2025-м яна вырасла да 93 %. Мы ўмацавалі супрацоўніцтва з нашым галоўным стратэгічным партнёрам. Сёння беларускія будаўнічыя матэрыялы запатрабаваны і канкурэнтаздольныя на вялізным рынку. І гэтаму зусім не перашкодзіла турбулентнасць на знешніх рынках: летась экспартны патэнцыял галіны перавысіў 2,4 мільярда долараў.
«Квадраты» пад кантролем
Адным з ключавых кірункаў работы будкомплексу было і застаецца жыллёвае будаўніцтва. Намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр ШВАЮНОЎ расказаў: па выніках пяцігодкі ўзровень забяспечанасці насельніцтва жыллём у разліку на аднаго жыхара ў 2025 годзе склаў 30,9 квадратнага метра пры заданні 28,5 квадратнага метра. Да 2030 года плануецца дасягнуць узроўню забяспечанасці 33 квадратныя метры на аднаго жыхара.
З апярэджаннем будуецца і жыллё з дзяржпадтрымкай. Па словах намесніка міністра, за мінулыя шэсць месяцаў ужо было ўведзена ў эксплуатацыю 99,6 % ад задання, устаноўленага на ўвесь год:
— У сельскіх населеных пунктах і малых гарадскіх паселішчах уведзена 836,4 тысячы квадратных метраў — гэта практычна палова ад агульнага аб’ёму, што пацвярджае курс на збалансаванае развіццё рэгіёнаў.
Уражваюць паказчыкі па арэндным жыллі: пры заданні не менш як 540 тысяч квадратных метраў уведзена ў эксплуатацыю 1 мільён 340 тысяч — гэта практычна на
250 % больш, чым было прадугледжана дзяржпраграмай пяцігодкі.
— За наступныя пяць гадоў нам неабходна пабудаваць каля 5 мільёнаў квадратных метраў арэнднага жылля, 2 мільёны квадратных метраў электрадамоў і 1 мільён
250 тысяч квадратных метраў жылля па дзяржзаказе, — пазначыў некаторыя з планаў Аляксандр Шваюноў.
Дарэчы, за першае паўгоддзе 2026-га ўжо было ўведзена 195 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля — на 58,5 % больш у параўнанні з 2025 годам.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА