Top.Mail.Ru

Курс на Паднябесную ўзяў ужо шосты кантэйнерны цягнік з нашымі таварамі

Яго маршрут пралягае па тэрыторыі Саюзнай дзяржавы, потым праз пагранічны пераход «Забайкальск» ён трапіць у Кітай. Цягнік вязе 62 кантэйнеры з прадукцыяй беларускіх прадпрыемстваў.


«Каласок» — гэта новы сэрвіс Беларускай чыгункі і дзяржаўнага прадпрыемства «Белінтэртранс», які быў запушчаны ў пачатку гэтага года і дазваляе ажыццяўляць адпраўкі экспартнай прадукцыі ў розныя правінцыі КНР. У рэалізацыі праекта бяруць удзел і кітайскія партнёры, якія адказваюць за прыём і размеркаванне грузаў на сваёй тэрыторыі. Такая кааперацыя гарантуе зладжаную арганізацыю транспарціроўкі і высокую надзейнасць лагістычнага сэрвісу.
Адпаведную назву праект атрымаў невыпадкова: грузы для зборнага кантэйнернага цягніка фарміруюцца як зярнятка да зярнятка ў каласку.


Першы «Каласок» адправіўся са станцыі Калядзічы 31 сакавіка 2026 года. Ён уключаў 40-футавыя кантэйнеры з прадукцыяй беларускіх прадпрыемстваў: лён, піламатэрыялы, цэлюлоза і сухое малако.

Маштабуем сэрвісы і пашыраем рынкі

Асноўнай задачай «Белінтэртранса», па словах начальніка цэнтра кантэйнерных перавозак кампаніі Наталлі ЛІТВІНКА, з’яўляецца развіццё і аказанне паслуг поўнага лагістычнага цыкла ў цесным узаемадзеянні з Беларускай чыгункай:
— Асаблівую ўвагу ўдзяляем кітайскаму напрамку. Менавіта пад яго ў 2026 годзе і быў запушчаны новы сэрвіс — зборны кантэйнерны цягнік «Каласок».

Праект, як патлумачыла Наталля Аляксандраўна, накіраваны на аптымізацыю лагістычных выдаткаў для экспарцёраў айчыннай прадукцыі. Таксама сэрвіс дае магчымасць арганізацыі экспартных паставак тавараў не толькі буйным грузаадпраўшчыкам, але і сярэдняму і малому бізнесу.

— У такіх прадпрыемстваў часцяком няма дастатковага аб’ёму для загрузкі цэлага цягніка, але ёсць вострая патрэба ў рэгулярных адпраўках грузаў у Кітай невялікімі партыямі, — патлумачыла яна.


Яшчэ адзін бясспрэчны плюс — кошт адпраўкі супастаўны з тарыфамі поўнасастаўных цягнікоў, а рэгулярны графік пазбаўляе кліентаў ад неабходнасці назапашваць буйныя партыі.

Наталля Літвінка праінфармавала, што з пачатку гэтага года ў Паднябесную было адпраўлена 348 кантэйнераў на адрас 15 кітайскіх кампаній.

— А гэта шэсць поўнасастаўных цягнікоў, — удакладніла яна. — Новы сэрвіс выходзіць на стабільны штомесячны графік паставак, а наменклатура грузаў сёння ўжо ўключае пяць і больш пазіцый. У іх ліку — піламатэрыялы, лён, торф, вальфрам і сухое малако. У дадзены момант ідзе напрацоўка грузавой базы для адпраўкі сёмага кантэйнернага цягніка, якая запланавана на жнівень.

Максімальна зручна

«Белінтэртранс» афіцыйна вызначаны кансалідатарам заявак па адпраўцы зборных кантэйнерных цягнікоў у напрамку Кітая пастановай Савета Міністраў № 213 ад 22 сакавіка 2024 года, і ў гэтай якасці прадпрыемства забяспечвае граматнае ўзгадненне як наменклатуры, так і аб’ёму грузаў, ствараючы максімальна зручныя ўмовы для зборных адпраўленняў.

— У складзе «Каласка» звычайна 62 кантэйнеры, аднак пры наяўнасці дастатковай колькасці кліентаў і адпаведнай патрэбы мы гатовы фарміраваць і адпраўляць саставы ўмяшчальнасцю да 76 кантэйнераў, — канстатавала прадстаўнік «Белінтэртранса».

Наталля Літвінка таксама адзначыла, што вялікі ўклад у рэалізацыю праекта ўносяць кітайскія партнёры, якія ажыццяўляюць прыём і размеркаванне грузаў на тэрыторыі КНР.


Збор кантэйнераў адбываецца на тэрмінале «Калядзічы», дзе прапануецца поўны комплекс паслуг: мытнае дэклараванне, дакументальнае афармленне, тэрмінальная апрацоўка, паслугі «першай мілі» — гэта калі забіраюць кантэйнер з грузам на складзе адпраўшчыка, грузаўладальніка, і прывозяць на станцыю, дзе фарміруецца кантэйнерны цягнік і адкуль адпраўляецца далей па прызначэнні.

— Мы можам фарміраваць і монацягнікі — гэта калі яны змяшчаюць адно найменне грузу. Можам адпраўляць і адзінкавыя кантэйнеры — як прычэпы да транзітных цягнікоў, якія едуць з Еўропы ў Кітай. А можам забяспечыць кліентам і мультымадальныя перавозкі, у тым ліку праз парты Расійскай Федэрацыі.

Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю