Расія з’яўляецца галоўным гандлёва-эканамічным партнёрам цэнтральнага рэгіёна, і асноўны прынцып супрацоўніцтва — выбудоўванне доўгатэрміновых і ўзаемавыгадных адносін. Гэта падкрэсліў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка на пасяджэнні секцыі «Рэгіянальная палітыка — галоўны інструмент забеспячэння ўстойлівага развіцця тэрыторый Саюзнай дзяржавы», якая праходзіць у рамках XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі на СЗАТ «БелДжы», перадае БелТА.
Як адзначыў кіраўнік Мінскай вобласці, пляцоўка традыцыйнага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі даказала сваю эфектыўнасць як адзін з найважнейшых элементаў інтэграцыі. І цэнтральны рэгіён з’яўляецца актыўным удзельнікам гэтага працэсу.
«Расія — наш галоўны гандлёва-эканамічны партнёр, а асноўны прынцып нашага супрацоўніцтва — выбудоўванне доўгатэрміновых і ўзаемавыгадных адносін. Вядучыя пазіцыі ва ўзаемным гандлі з Мінскай вобласцю займаюць Цэнтральная, Паўночна-заходняя, Прыволжская і Сібірская федэральныя акругі. Найбольшы тавараабарот склаўся з Масквой і Санкт-Пецярбургам, Маскоўскай, Смаленскай, Кемераўскай, Ленінградскай, Свярдлоўскай, Тульскай абласцямі, Рэспублікай Татарстан. Упэўнены, у выніку сумеснай работы ў рамках форуму рэгіянальны і прадметны ахоп нашага ўзаемадзеяння істотна пашырыцца», — сказаў Аляксей Кушнарэнка.
Ён таксама падкрэсліў, што секцыя праходзіць на флагманскім прадпрыемстве беларускага машынабудавання не выпадкова. «Тут ствараюцца айчынныя аўтамабілі пад брэндам BELGEE, сумесна рэалізуюцца імпартазамяшчальныя праекты. Мы выйшлі на прамыя кантракты з найбуйнейшымі гандлёвымі сеткамі і пастаўляем якасную беларускую прадукцыю расійскім спажыўцам», — адзначыў старшыня Мінскага аблвыканкама.
Мінская вобласць таксама актыўна рэалізуе дарожныя карты з Ленінградскай, Архангельскай, Маскоўскай, Омскай абласцямі. Акрамя гэтага, на пастаяннай аснове праводзяцца сустрэчы з прадстаўнікамі Арлоўскай, Цюменскай і Ульянаўскай абласцей.
«Спадзяюся, што форум дапаможа нам актывізаваць наша супрацоўніцтва і з іншымі рэгіёнамі брацкай Расіі. Акрамя эканомікі, наша пабрацімская сувязь выяўляецца ў культуры, адукацыі, спорце і турызме. Моладзь Мінскай вобласці ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах на тэрыторыі расійскіх рэгіёнаў. Здзяйсняюцца двухбаковыя візіты творчых калектываў. Мы будзем падтрымліваць і працягваць існуючыя традыцыі, бо міжрэгіянальнае супрацоўніцтва — гэта жывы арганізм, які пастаянна развіваецца. Менавіта на ўзроўні канкрэтных абласцей і раёнаў нараджаюцца праекты, якія становяцца магутнымі драйверамі сацыяльна-эканамічнага развіцця ўсёй Саюзнай дзяржавы», — падкрэсліў Аляксей Кушнарэнка.