Мінскі Камароўскі рынак насуперак прывычнаму графіку расчыніў свае дзверы для наведвальнікаў у панядзелак, 31 жніўня. З раніцы да вечара працаваў толькі адзін сектар з кветкавай прадукцыяй. І мяркуючы па колькасці наведвальнікаў, такая змена ў графіку стала правільным рашэннем.
— Вельмі важна прыслухоўвацца як да пакупнікоў, так і да прадаўцоў. Тое, што Камароўка працуе ў панядзелак напярэдадні Дня ведаў, — гэта вельмі значна. Прадаўцы былі рады, што мы прынялі рашэнне адкрыць рынак у панядзелак для рэалізацыі кветак і кветкавай прадукцыі, таму што зараз разгар сезона і кветак вельмі шмат. Вядома, усім трэба рэалізаваць прадукцыю, і 1 верасня як раз тая нагода, якая дазваляе гэта зрабіць у вялікіх аб’ёмах, — распавяла начальнік упраўлення рынкавага гандлю дзяржаўнага прадпрыемства «Мінскі Камароўскі рынак» Наталля ПАЛЬЧЫК.

У гэты дзень Камароўка стала цэнтрам прыцягнення для людзей з розных кропак горада. Вялікі паток людзей прыйшоў ужо з самай раніцы.
— Значную ролю ў выбары іграе зручнае размяшчэнне побач са станцыяй метро і ўпэўненасць у свежасці кветак. Асартымент вельмі вялікі: апроч гатовых букетаў на месцы фларысты могуць сабраць кампазіцыю ў адпаведнасці з перавагамі пакупнікоў. Усяго прадстаўлена каля 60 гандлёвых месцаў, — дадала яна.
Сапраўды Камароўка ў гэты панядзелак літаральна духмяніла і патанала ў багацці самых разнастайных кветак. Вочы разбягаліся ад гэтага хараства.
З вялікім задавальненнем аб сваіх кветках расказала прадавец Алена БАГЛАЙ:

— Мы вырошчваем вельмі шмат кветак — гартэнзіі, півоні, лілеі... Але сёння мы прывезлі нашу каралеўну — лілею Роўзлілі Ганнушку з вельмі тонкім далікатным водарам. Яна доўга стаіць, і яе бутоны раскрываюцца вельмі павольна. Калі ў цябе няма настрою — паглядзі на гэтыя кветкі, і на твары ад такой прыгажосці адразу з’явіцца ўсмешка.
Алена даўно займаецца вырошчваннем кветак. Любоў да гэтай справы прыйшла ад маці.
— Было вельмі прыемна, што мяне запрасілі прыняць удзел у гэтым кірмашы. У цэлым гандлюю на Камароўцы рэгулярна. Людзі мяне ведаюць, і некаторыя кліенты нават прасілі адкласці букеты, каб забраць іх увечары пасля працы, — адзначыла яна.
А вось для Раісы КАРАБКО гэта першы вопыт гандлю на Камароўскім рынку:

— Кветкі вырошчваю ў садовым таварыстве «Зорка» Смалявіцкага раёна. Складаннем кветкавых кампазіцый займаюся даўно, але ў асноўным рабіла букеты для сваіх блізкіх. Сёлета дачка падштурхнула да ўдзелу ў кірмашы: кветкі ёсць, кампазіцыі рабіць умею — чаму б не паспрабаваць?
Для Раісы самай эксклюзіўнай і доўгачаканай кветкай у яе асартыменце стала эустома:
— Ёй было займацца складаней за ўсё. Расаду трэба высаджваць ужо ў канцы лістапада. Тры гады спрабавала — не атрымлівалася.
А ў гэтым атрымалася.
Цікава і тое, чаму пакупнікі абралі менавіта Камароўку напярэдадні Дня ведаў. Для шматдзетнай маці Анастасіі купляць кветкі да свята менавіта тут стала добрай традыцыяй. У панядзелак яна прыйшла закупляцца букетамі разам са старэйшым сынам Ільёй.

— Напярэдадні 1 верасня традыцыйна ідзем на Камароўку за гладыёлусамі — гэта нашы самыя любімыя кветкі. Закупляем букеты адразу для ўсіх траіх дзяцей. Тут заўсёды вялікі выбар, людзі душэўныя ды і па кошце больш выгадна атрымліваецца, — сказала яна.
А вось мінчанка Ганна замовіла кветкі загадзя і прыйшла мэтанакіравана за канкрэтнымі кампазіцыямі для сына-чацвёртакласніка і дочкі-першаклашкі:

— Гэта так добра, што сёння на Камароўцы можна купіць кветкі. У нас у руках выдатныя кампазіцыі, якія ў салонах каштуюць значна даражэй.
...Разнастайнасць кветак, даступныя кошты і душэўная атмасфера. Камароўка ў гэты дзень стала не проста гандлёвай пляцоўкай, а месцам, дзе нараджаецца святочны настрой. Пакупнікі сыходзілі з ахапкамі кветак, каб ужо 1 верасня ўрачыста падарыць іх сваім настаўнікам. Так адзін працоўны дзень звыш графіка стаў прыемным выключэннем, якое сапраўды запомніцца надоўга.
Лізавета ГОЛАД, фота аўтара