Першыя ружовыя і белыя бутоны ўжо радуюць мінчан сваёй прыгажосцю. У Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі квітнеюць раннія магноліі і адна з пяці сакур, перадае агенцтва «Мінск-Навіны».
Вясна ў батанічным садзе стала па-сапраўднаму фотагенічнай: некалькі экзатычных раслін раскрылі бутоны, стварыўшы ідэальную карцінку для здымкаў.
У цэнтры ўвагі — магноліі. Усяго 10 відаў, 20 сартоў, 2 гібрыды, і калекцыя пастаянна папаўняецца. Звычайна красаванне дрэва доўжыцца 5-7 дзён, але бываюць выключэнні. Напрыклад, магнолія «Сьюзан» радуе прыгажосцю да трох тыдняў.
Сад не цвіце адначасова. Пазнейшыя сарты пакажуць сябе ў чэрвені. Так што прыгожыя кадры з магноліямі можна будзе рабіць яшчэ доўга.

Дзе шукаць галоўную фотазону? Арыенцір — дубовая алея. Побач з ёй квітнеюць 3-4 магноліі.
Магноліі растуць не толькі калекцыяй, але і паасобку па ўсім садзе. Асабняком стаіць кобус. Дарэчы, гэта першая магнолія, пасаджаная на тэрыторыі Батанічнага саду. Ёй 68 гадоў. А цяпер яна толькі-толькі ўступае ў пару цвіцення.
Паралельна ў Батанічным садзе зацвіла сакура. Іх тут пяць, але пакуль сваёй прыгажосцю радуе толькі адна. Знаходзіцца яна побач з калекцыяй магнолій.