Конкурс праводзіўся сярод усіх абласных, аб’яднаных, пярвічных арганізацый Беларускага саюза жанчын. Удзельніцы прадставілі больш за 100 розных варыянтаў. У шматлікіх работах бачыўся адзіны стыль: многія прапаноўвалі адлюстраваць у лагатыпе вобраз, твар жанчыны. А інтэрпрэтацыі былі зусім розныя.
Пераможцам конкурсу стала лідар маладзёжнага крыла Ваўкавыскай раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Яўгенія Пагранічная. Яна фатограф, раней прэзентавала некалькі ўласных фотавыстаў. Любіць здымаць сям’ю, жанчын.
Паводле слоў Вольгі Шпілеўскай, выбар на карысць работы Яўгеніі Пагранічнай быў аднадушным. «Усе сышліся на тым, што ў гэтым варыянце ёсць усё: і сімволіка краіны — чырвона-зялёныя тоны, арнамент, — і васілёк — сімвал Беларусі і БСЖ, — і, вядома, вобраз беларускай жанчыны, у якім прачытваецца лёгкасць і сіла, дабрыня і прыгажосць», — растлумачыла выбар старшыня Беларускага саюза жанчын.
* * *
Яўгенія Пагранічная, пераможца конкурсу, расказала падрабязнасці стварэння лагатыпа:
— Для мяне гэта было не проста заданне, а магчымасць выказаць сваю любоў да краіны і паказаць, што жанчыны — важная частка нашай дзяржавы. Я вырашыла стварыць лагатып, які адлюстроўваў бы традыцыі і культуру Беларусі, а таксама выяву жанчыны лёгкай, добрай і прыгожай.
Галоўным элементам лагатыпа стаў сілуэт жанчыны, а таксама традыцыйная кветка — васілёк, які з’яўляецца сімвалам Беларускага cаюза жанчын. Акрамя таго, у лагатыпе прысутнічае арнамент, які сімвалізуе сувязь жанчыны з традыцыямі нашай краіны. Першапачаткова я выкарыстоўвала штучны інтэлект для стварэння асновы лагатыпа, але затым дапрацавала яго ўручную. І дадала больш дэталяў, паправіла арнамент і зрабіла лагатып больш гарманічным.
Калі я даведалася аб перамозе, гэта стала для мяне вялікай нечаканасцю. Я нават не разлічвала на поспех, проста хацела паспрабаваць свае сілы. А калі раніцай убачыла віншаванні ў сацыяльных сетках, зразумела, што стала пераможцай. Я ганаруся, што мой лагатып будзе асацыіравацца з Годам беларускай жанчыны. Гэта вялікая перамога для мяне, і я ўдзячна ўсім, хто мяне падтрымаў.