Top.Mail.Ru
146

Латвія забароніць нерэгулярныя аўтобусныя рэйсы ў Беларусь і Расію з 1 лістапада

Урад Латвіі прыняў рашэнне забараніць нерэгулярныя аўтобусныя рэйсы ў Беларусь і Расію з 1 лістапада 2025 года да кастрычніка 2026 года, паведамляе БелТА са спасылкай на латвійскія СМІ.




Гаворка ідзе пра разавыя групавыя паездкі па загадзя запланаваным маршруце, напрыклад, на экскурсіі або спартыўныя мерапрыемствы.

«У сувязі з цяперашняй геапалітычнай сітуацыяй і заклікам урада да жыхароў Латвіі ўстрымацца ад паездак у Беларусь і Расію выяўлена павелічэнне патоку нерэгулярных арганізаваных аўтобусных рэйсаў, а таксама заторы на прыгранічных дарогах. Такая сітуацыя стварае дадатковыя рызыкі бяспекі... Таму неабходна ўстанавіць абмежаванні на міжнародныя нерэгулярныя пасажырскія перавозкі пры перасячэнні граніц гэтых краін», — заявіў міністр транспарту Аціс Швінка.

Згодна з распараджэннем Кабінета міністраў, Дзяржпагранахове краіны даручана не прапускаць такія аўтобусы праз граніцу ў пунктах пропуску «Грэбнева» (з расійскага боку — «Убылінка»), «Церахава» («Бурачкі») і «Патэрніекі» (з беларускага боку — «Грыгароўшчына»). Забарона распаўсюджваецца на ўсіх перавозчыкаў незалежна ад краіны рэгістрацыі юрыдычнай асобы або транспартнага сродку.

Перасячэнне граніцы па-ранейшаму будзе магчыма, але толькі на рэгулярных аўтобусных рэйсах, на якіх пасажыры рэгіструюцца і праходзяць праверку. У цяперашні час з Латвіі выконваюцца тры рэгулярныя маршруты ў Беларусь і шэсць — у Расію.

Як паведамлялі раней латвійскія СМІ, Міністэрства транспарту Латвіі прапаноўвала з 15 кастрычніка забараніць нерэгулярныя пасажырскія перавозкі аўтобусамі ў Беларусь і Расію. Латвійскі міністр транспарту Аціс Швінка паведамляў, што статыстыка дэманструе рост пасажырапатоку ў Беларусь і Расію. На думку ўладаў краіны, гэта стварае дадатковыя рызыкі для бяспекі граніц ЕС.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю