Парламентарыі прааналізавалі, як у Веткаўскім раёне здолелі закумуліраваць дзяржаўную падтрымку, ініцыятыву прадпрымальнікаў і мясцовыя рэсурсы для развіцця вытворчых, турыстычных сельгаспраектаў.
Выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы, прысвечанае ўзмацненню ролі малога бізнесу ў развіцці рэгіёнаў, прайшло на Веткаўшчыне.
Калі яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму раён перш за ўсё асацыіраваўся з тэмай пераадолення наступстваў аварыі на ЧАЭС, то сёння тэрыторыю ўсё часцей прыводзяць у прыклад паводле паспяховага прыцягнення інвестыцый і падтрымкі прадпрымальніцкай ініцыятывы.
Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Віктар НІКАЛАЙКІН, перш чым вызначыць месца правядзення пасяджэння, дэпутаты вывучылі сітуацыю ў розных раёнах краіны, і ўвагу парламентарыяў прыцягнулі вынікі, якіх удалося дабіцца менавіта на Веткаўшчыне:
— Сёння ў раёне зарэгістравана 368 суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, з якіх больш за 160 — юрыдычныя асобы. За апошнія гады прыкметна вырас і ўклад бізнесу ў фарміраванне бюджэту раёна. Калі ў 2020 годзе яго доля складала 25 %, то да 2025-га дасягнула 35,6 %. Гэта зноў жа гаворыць пра тое, што бізнес у раёне не проста існуе, ён жыве, развіваецца.

На думку парламентарыя, для пераважна аграрнага раёна з насельніцтвам каля 17 тысяч чалавек гэта паказчык не толькі эканамічнай актыўнасці, але і эфектыўнасці створаных умоў для вядзення ўласнай справы:
— У Веткаўскім раёне актыўна выкарыстоўваюцца магчымасці, прадугледжаныя Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2012 года № 6 «Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці». Дакумент прадугледжвае пэўныя льготы і прэферэнцыі для развіцця малога і сярэдняга бізнесу. Для Веткаўскага раёна гэтая тэма застаецца вельмі актуальнай, і самае галоўнае — мы бачым канкрэтныя вынікі.
Паводле слоў Віктара Нікалайкіна, тэмпы росту інвестыцый у Веткаўскім раёне сёння з’яўляюцца аднымі з найлепшых у краіне. Аб станоўчых зменах сведчыць і рост аб’ёмаў вытворчасці, а як вынік — павялічваецца заработная плата.
Вырабіць сваё
Першым пунктам маршруту выязногапасяджэння стала прадпрыемства «ОнеКС НК», створанае ў рамках праграмы «Адзін раён — адзін праект». Яшчэ некалькі гадоў таму тут была невялікая пякарня. Сёння на вытворчасці занята каля сарака чалавек, працуюць два вытворчыя цэхі, без выхадных выпускаюцца мучныя і кандытарскія вырабы для спажыўцоў па ўсёй краіне. Штомесяц прадпрыемства вырабляе каля 50 тон прадукцыі, якая адгружаецца адразу ж, а попыт зашкальвае, сцвярджае дырэктар прадпрыемства Вольга НІКІЦЕНКА.
— Калі мы разглядалі розныя варыянты размяшчэння вытворчасці, то вывучалі пляцоўкі і ў абласным цэнтры. Але менавіта тут знайшлі прыдатную базу для рэалізацыі сваёй ідэі. Наша галоўная задача — смачна накарміць людзей. Мы ўвесь час вывучаем попыт, аналізуем перавагі пакупнікоў і імкнемся рабіць прадукцыю лепш. Нам важна не проста вырабляць прысмакі, а ствараць прадукт, які пакупнік будзе шукаць ізноў.

Сёння пастаўкі ідуць практычна па ўсёй Беларусі. Часам попыт настолькі высокі, што машыны чакаюць, пакуль мы спакуем чарговую свежую партыю. Лепшай рэкламай застаецца смак і якасць прадукцыі, — лічыць кіраўнік прадпрыемства.
Білет у Праванс
У Веткаўскім раёне сёння больш за 30 фермерскіх гаспадарак. Парламентарыі наведалі адну з іх — сямейны бізнес, створаны пры падтрымцы дзяржавы. Фермерская гаспадарка Алега ДАБУЛЯКА вядома далёка за межамі раёна. Так званы «Гомельскі Праванс» у пару цвіцення лаванды прымае турыстаў не толькі з усёй Беларусі, але і з-за мяжы. Карыстаецца нязменным попытам у садаводаў і мясцовы гадавальнік пладовых дрэў, кустоў, дэкаратыўных раслін. Сваю справу Алег Дабуляк развівае разам з сям’ёй. За некалькі гадоў іх лавандавае поле стала вядомым турыстычным брэндам Гомельшчыны.
Новы знакавы для развіцця турызму ў раёне інавацыйны праект плануецца рэалізаваць літаральна ў двух кіламетрах ад лавандавага поля, звярнула ўвагу начальнік аддзела эканомікі Веткаўскага райвыканкама Марына ВОІНАВА. Размова ідзе аб стварэнні мабільных домікаў для адпачынку, якія дазволяць прапанаваць турыстам прэміяльны фармат размяшчэння пры захаванні натуральнага прыроднага асяроддзя.
Між тым, як падкрэсліла Марына Воінава, развіццё турызму ў раёне будуецца на аб’яднанні ўжо існых і новых аб’ектаў у адзіны турыстычны прадукт. Цэнтральнае месца ў ім займае знакаміты Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава, які даўно не мае патрэбы ў дадатковай рэкламе. У музеі створаны найбагацейшы экспазіцыйны зал неглюбскай тэкстыльнай традыцыі Веткаўшчыны, уключанай ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, якая патрабуе неадкладнай аховы. Супрацоўнікі музея выязджаюць у даследчыцкія экспедыцыі і дагэтуль працягваюць збіраць элементы неглюбскага строю. Падчас наведвання музея парламентарыі асабіста пераканаліся, як развіццё турыстычнага патэнцыялу матывуе вывучаць, захоўваць гісторыка-культурную спадчыну не толькі асобна ўзятага раёна, але і краіны ў цэлым.
Як падкрэсліў па выніках пасяджэння старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Віктар Нікалайкін, сёння дзяржава мае ўсе неабходныя рэсурсы і механізмы для падтрымкі перспектыўных ініцыятыў.
Менавіта развіццё турыстычнага кластара здольна стаць адным з новых пунктаў росту эканомікі Веткаўскага раёна.
Віктар Нікалайкін нагадаў, што пытанні ўдасканалення заканадаўства ў сферы бізнесу пастаянна знаходзяцца ў цэнтры ўвагі Палаты прадстаўнікоў. Нядаўна былі прынятыя істотныя змены ў заканадаўства аб прадпрымальніцкай дзейнасці і дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў, і зараз важна ацаніць, як новыя нормы працуюць на практыцы, у тым ліку механізмы спрошчанага пераходу ад індывідуальнага прадпрымальніцтва да юрыдычнай асобы і іншыя новаўвядзенні.
— Мы наведалі некалькі аб’ектаў, якія з’яўляюцца яскравым прыкладам таго, як можна раскрыць эканамічны патэнцыял малых рэгіёнаў, — падзяліўся сваім уражаннем па выніках работы ў Веткаўскім раёне дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, член Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Руслан ВЯГЕРА. — Любы закон, які ў канчатковым выніку ўвойдзе ў жыццё, павінен ісці ад зямлі і быць для народа. Таму выезд у рэгіёны дазваляе вывучаць сітуацыю ў непасрэдных зносінах з тымі, хто гэтым законам карыстаецца, а таксама бачыць нормы, якія патрабуюць карэкціроўкі. Наша жыццё не стаіць на месцы, усё развіваецца, адпаведна і нормы павінны адпавядаць умовам і часу. Чым больш дынамічна ідзе развіццё, тым больш значны ўклад дэпутатаў, у тым ліку ў сучасную эканоміку.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота ТК «Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь»