Спектакль «Лэдзі М. цэнскага павета» ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек — гэта чарговы візуальна-метафарычны шэдэўр рэжысёра Яўгена Карняга, які ператварае класічную аповесць Мікалая Ляскова ў жудасную прытчу пра дэструктыўную сілу жарсці.
Пастаноўка распавядае гісторыю купчыхі Кацярыны Ізмайлавай, але без побытавых дэталяў: у ёй пануе татальная апантанасць, якая пазбаўляе жанчыну чалавечага аблічча.
У назве невыпадкова скарочанае імя гераіні да ўмоўнай літары «М.». У трактоўцы Карняга менавіта жарсць, а не сама жанчына, становіцца рухаючай сілай і фактычна гераіняй спектаклю. Яна растворана ва ўсім, ёю дыхае сцэнічная прастора наогул, а не толькі персанажы, што маюць дачыненне да самой гісторыі жудасных і бессэнсоўных злачынстваў. Іх прыроду (адкуль і чаму) мы таксама адчуваем: маладая жонка далёка немаладога купца задыхаецца без кахання, яе дні праходзяць у адзіноце і нудзе. А тут побач ходзіць гэты прыказчык Сяргей, пра якога ўсе кабеты шэпчуцца, а потым аказваецца, што паміж ім і гаспадыняй — нейкая алегорыя... Што гэта такое, кожны ў зале можа сфармуляваць для сябе сам паводле таго, што адчувае: рамантыка ці спакуса, каханне ці юрлівасць?..
Калі і як прыгожае і ўзнёслае пачуццё, што апяваецца ў мастацкіх творах, мяняе сваю прыроду і спапяляе сэрцы і робіць безжыццёвай прастору навокал. Рэжысёр робіць акцэнт на тым, як імгненны запал ператвараецца ў страшную жывёльную сілу і цалкам запаланяе і падпарадкоўвае чалавечы розум.

Канцэпцыя Яўгена Карняга падмацавана працай мастака Таццяны Нерсісян. Яна ўражвае метафарычнасцю пры мінімалістычным аздабленні. Сцэнічнае афармленне патрэбна роўна для таго, каб адцяніць ігру артыстаў, яно робіць яе больш выразнай праз гульню святла і ценю, праз рэдкія ўсплескі чырвонага на чорна-шэрым фоне. Яркі колер з’яўляецца невыпадкова, ён сэнсава абгрунтаваны. Візуальны шэраг падкрэслівае маштаб трагедыі, дзе чалавек хоча зберагчы сваю таямніцу і пачынае забіваць тых, хто перашкаджае ажыццяўляць жаданні. Музыка Кацярыны Аверкавай стварае глыбокую, містычную атмасферу, якая трымае гледача ў пастаянным эмацыйным напружанні. Яго ўзмацняюць пэўныя вобразы, уведзеныя ў спектакль, напрыклад, пацукі-пілы падточваюць існаванне герояў.
На сцэне выключна прадстаўніцы жаночага складу трупы. Нават вялікую ляльку Сяргея ажыўляюць актрысы. А ў нейкі момант яна становіцца ў літаральным сэнсе адным цэлым з Кацярынай — і разумееш, як жарсць падмяняе асобу чалавека. Артысткі дамагаюцца неверагоднай экспрэсіі, выконваючы і агучваючы ў тым ліку мужчынскія вобразы, што ўвасоблены выключна лялькамі (магчыма, так бывае ў разуменні некаторых асабліва карыслівых жанчын). Метафарычнасць лялек дапамагае ўвасобіць тое, што немагчыма паказаць у звычайным драматычным тэатры — страту чалавекам кантролю над уласным целам і розумам, калі ім валодае цёмны інстынкт. Артысткі выдатна працуюць, увасабляючы работніц і суседак, што любяць папляткарыць, выступаюць і ў ролях каражанак, жанчын няпростага лёсу, якім таксама патрэбна пяшчота. Кацярына, якая дагэтуль з халодным сэрцам забівала дзеля каханага, пакутуе ад таго, што ён стаў глядзець на іншых — невыносны боль пячэ сэрца, яна не можа гэтага перажыць...
«Лэдзі М. цэнскага павета» — гэта глыбокае псіхалагічнае даследаванне чалавечай прыроды, калі жаданні могуць пазбавіць здаровага розуму. Незвычайныя лялечныя, пластычныя і гукавыя рашэнні, што ўласціва аўтарскаму почырку Яўгена Карняга і яго каманды, прыцягваюць тэатральных гурманаў, якія не чакаюць простых адказаў — і такіх шмат, бо квіткі на першыя паказы разышліся. Спектакль пра злачынную жарсць, вядома, для дарослых, а яны разумеюць, што паход у Беларускі дзяржаўны тэатр лялек не заўсёды будзе забавай. У дадзеным выпадку дакладна — не. Глеба для роздуму.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота аўтара