У вялікім спорце яе імя — сінонім нязломнай волі. Вяртанне на татамі пасля цяжкай траўмы васьміразовай чэмпіёнкі Беларусі, чэмпёнкі Еўропы і Еўрапейскіх гульняў па дзюдо Марыны Слуцкай стала хрэстаматыйным прыкладам стойкасці і барацьбы. Сёння яе галоўны паядынак — не на дыване, а са стэрэатыпамі і лічбавым светам. Заснаваўшы свой клуб дзюдо, яна не проста трэніруе дзяцей, а стварае альтэрнатыўны сусвет дзюдо, дзе няма «занадта позна» і «няздольны». Падчас шчырай размовы мы пагаварылі аб місіі дзюдо і аб філасофіі «да апошняга імгнення».
Спытайце Марыну Слуцкую, як бы яна сябе ахарактарызавала сёння, і пасля паўзы вы пачуеце нечаканы адказ — «не чэмпіёнка і не старшы трэнер».
«Сёння я — мама і жонка. Гэта самая важная роля», — гаворыць васьміразовая чэмпіёнка Беларусі па дзюдо.
Байцоўская натура, якая прывяла яе да вяршынь, адчуваецца ва ўсім. «Мэтанакіраванасць, звычка дасягаць мэт — гэта ідзе са спорту, — лічыць Марына Слуцкая. — Тое жыццё наклала адбітак на ўсё, што я раблю цяпер».
Яна — мама-трэнер, чый клопат мяжуе са строгасцю, а вера ў чалавека — з патрабавальнасцю чэмпіёна. Знакаміты дэвіз Слуцкай «Пакуль ты жывы — усё магчыма» за гады працы з дзецьмі зведаў метамарфозу. Ён стаў больш тактычны, прыземлены і таму больш магутны.
«Я часта гавару юным дзюдаістам: пакуль у цябе ёсць хоць бы кропелька сілы, адна секунда, адно імгненне нешта змяніць, — рабі. Шанц ёсць заўсёды, — пераканана самая тытулаваная беларуская дзюдаістка. — Важна не проста перамагчы саперніка, а стаць лепшым, выправіць памылку, годна дастаяць да гонгу».
Гэта філасофія «апошняга імгнення» стала стрыжнем яе методыкі. Марына Слуцкая не проста вучыць тэхнікам дзюдо. Яна вучыць ніколі не здавацца — ні на татамі, ні ў жыцці.
Галоўны праект вядомай спартсменкі — клуб дзюдо — вырас не з жадання гадаваць суперзорак. Яго місія куды больш празаічная і грандыёзная адначасова. «На мой погляд, самае галоўнае — распаўсюджваць дзюдо ў масы, даць магчымасць паспрабаваць сябе ў гэтым відзе спорту кожнаму, — лічыць яна. — Гледзячы на мяне — дзяўчынку — шмат гадоў таму, ніхто не сказаў бы, што я чагосьці даб’юся».
Масавая асвета — таксама адна з мэт дзюдаісткі. Расказаць, паказаць, даць дакрануцца да філасофіі дзюдо як мага большай колькасці дзяцей і бацькоў.
«Калі атрымаецца, даць шлях у жыццё, — дадае яна. — Але галоўнае, каб спартсмены выраслі добрымі людзьмі. Каб дзюдо дало ім характар, здароўе, выхаванне. А чэмпіёны... Яны потым самі знойдуцца сярод гэтых добрых людзей».
Размова аб супрацьстаянні прыватных клубаў і дзяржаўнай школы дзюдо Слуцкая адразу спыняе: для яе гэта не саперніцтва, а сімбіёз. «Галоўны плюс клуба — ранняя спецыялізацыя, — тлумачыць Марына Слуцкая. — У спартыўную школу бяруць з дзевяці гадоў. А што рабіць дзіцяці да гэтага ўзросту? А той, хто прыйдзе ў 10-12, ужо будзе вечна даганяць». Яна ведае, пра што гаворыць, бо сама пачала займацца дзюдо ў такім узросце. Аднак стала свайго роду «выключэннем», таму што ўсё роўна прарвалася, нягледзячы на булінг і іншыя складанасці.
Клуб з’яўляецца свайго роду інкубатарам, дзе дзеці павольна, без гонкі за вынікам, улюбляюцца ў дзюдо. Лепшыя з іх потым плаўна перацякаюць у дзяржаўную сістэму, ужо будучы ўсвядомленымі, падрыхтаванымі і матываванымі. «Мы не канкурэнты, мы — памочнікі, якія адкрытыя для сістэмнага партнёрства», — лічыць дзюдаістка.
Сваю асабістую гісторыю барацьбы з ярлыкамі і кпінамі Марына Слуцкая выкарыстоўвае як самы магутны матывацыйны інструмент. «Тыя, на каго вешаюць ярлыкі, павінны ведаць, што іх можна пераадолець, — звяртае ўвагу чэмпіёнка. — Веру, што мой прыклад матывуе кагосьці сказаць: «Чаму я не магу, калі яна змагла?»
Гаворачы аб вяртанні беларускіх дзюдаістаў на міжнародную арэну пад нацыянальным сцягам, у яе голасе з’яўляюцца эмоцыі, якія ідуць з глыбіні кар’еры спартсмена.
«Для мяне адной з галоўных матывацый было стаяць на п’едэстале і бачыць, як уздымаецца пад наш гімн сцяг Беларусі, — расказвае Марына Слуцкая. — Усведамляць, што дзяўчынка з невялікай краіны можа перамагаць. Цяпер галоўны выклік — захаваць гэты дух, гонар за сваю дзяржаву ў новага пакалення».
Эліна ГРАМЫКА, вучаніца 11 «Д» класа Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага резерву
Фота з архіва Марыны СЛУЦКАЙ