Вячаслаў Харанека падрыхтаваў 25 ЗЛЖ-рэкамендацый. Дванаццатая парада закранае рэжым дня, які дапамагае сфарміраваць карысныя для здароўя звычкі. Аб гэтым паведамляе «Минск-Новости».
Па словах суразмоўцы, гэта няпростая місія. Напрыклад, неабходна класціся спаць своечасова. Паўнавартасны сон і фізічная актыўнасць — важныя складнікі рэжыму дня. Прачынацца трэба ў адзін і той жа час, а таксама прымаць ежу строга па графіку. Па такіх правілах жывуць прафесійныя спартсмены. Як вынік, нават у звычайнага абывацеля з’яўляецца больш часу, і ён лепш спраўляецца са справамі плюс паўнавартасна спіць, нармальна харчуецца і не мае праблем са здароўем, паколькі ахоўныя сілы арганізма павялічваюцца.
— Важны рэжым дня і для дзяцей. Яго захаванне зніжае ўзбудлівасць, дапамагае пераключацца паміж актыўнасцямі і забяспечвае неабходны час для гульняў і навучання, — адзначыў В. Харанека.
Суразмоўца дадаў, што рэальна выконваць рэжым дня тым, хто працуе пазменна. Арганізм прывыкае да пэўнага распарадку. Гіравік рэкамендуе і ў выхадны дзень не даваць сабе лішнія гадзіну ці гадзіны для сну. На яго думку, лепш падняцца ў звыклы час. Калі захочацца адпачыць, то выкарыстоўваць пасляабедзенны сон.
Карысць захавання рэжыму дня:
- паўнавартасны адпачынак і павышэнне якасці сну;
- наяўнасць фізічнай актыўнасці;
- паляпшэнне работы імуннай і нервовай сістэм;
- паляпшэнне работы ўнутраных органаў;
- зніжэнне рызыкі набору лішніх кілаграмаў;
- рацыянальнае выкарыстанне вольнага часу.