Top.Mail.Ru
132

Найлепшага маладога работніка сферы ЖКГ назвалі ў сталіцы

Арганізатарамі рэспубліканскага конкурсу выступаюць Беларускі прафсаюз работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сферы абслугоўвання і Міністэрства ЖКГ. У гэтым годзе для ўдзелу ў конкурсе было пададзена каля 200 заявак з розных прадпрыемстваў і арганізацый галіны. Канкурсанты папярэдне прайшлі рэгіянальныя этапы.


Рэспубліканскі этап агляду-конкурсу ацэньваўся па трох асноўных намінацыях. Першая — «Візітная картка», у якім удзельнікі прэзентавалі не толькі сябе, але і сваё прадпрыемства і прафесію. Другая — творчы нумар, у якім яны дэманстравалі сваё майстэрства і талент. Вакал, танец, мастацкае слова, ігра на музычным інструменце, арыгінальны жанр — кожны падрыхтаваў для журы і гасцей уласную прэзентацыю. Таксама канкурсанты прайшлі інтэлектуальнае спаборніцтва ў фармаце «пытанне-адказ». Для журы гэта важны момант: зразумець, якія каштоўнасці блізкія маладым спецыялістам, наколькі свядома яны выбралі сваю прафесію, ці ўмеюць думаць крэатыўна і якой бачаць будучыню — асабістую і ўсёй галіны.

Пры падвядзенні вынікаў улічваліся прафесійныя якасці маладога работніка, а таксама поспехі і дасягненні ў прафесійнай і грамадскай дзейнасці.


Дарэчы, падтрымаць маладых людзей прыехалі не толькі блізкія, але і калегі.

— Асноўная задача конкурсу — фарміраванне станоўчага іміджу галіны, прыцягненне ўвагі маладога пакалення да сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі і раскрыццё прафесіяналізму і талентаў працоўнай моладзі. Моладзь — стратэгічны і кадравы рэсурс кожнага прадпрыемства ЖКГ і ў цэлым усёй нашай краіны. Прафсаюз вялікую ўвагу ўдзяляе працоўнай моладзі, калектыўныя дагаворы напаўняюцца рознымі бонусамі, якія садзейнічаюць матывацыі для кар’ернага росту і замацавання кадраў у галіне, — расказаў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў ЖКГ і сферы абслугоўвання Юрый Дарагакупец.


Паводле яго слоў, стаўка робіцца на вырашэнне жыллёвага пытання — моладзі выдзяляюць арэнднае жыллё або пакой у інтэрнаце. Малады чалавек, які адслужыў тэрміновую службу ў арміі і вярнуўся на прадпрыемства, атрымлівае матэрыяльную падтрымку. Калі малады спецыяліст адпрацаваў належны тэрмін і прадаўжае кантракт на 5 гадоў, у асобных арганізацыях лакальным дакументам прадугледжана аднаразовая выплата. Яе памер можа даходзіць да 150 базавых велічыняў.

Пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу «Найлепшы малады работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі» стала Алена Папчэня — майстар участка «Добраўпарадкаванне» службы санітарнай ачысткі і прыборкі КУМГП ЖКГ «Баранавіцкая гарадская ЖКГ». У Алены за плячыма 7 гадоў працоўнага стажу, з іх — 5 гадоў на пасадзе майстра ўчастка. У падпарадкаванні ў дзяўчыны знаходзяцца 62 работнікі.


— Мы ехалі менавіта па перамогу і іншых варыянтаў не разглядалі. У творчым нумары бралі ўдзел мае калегі і сябры, з якімі працуем кожны дзень разам. Сярод нас няма прафесійных акцёраў, сцэнарый прыдумалі самі. Вельмі дапамагала сям’я — побач са мной на сцэне стаялі муж і дзіця. Прафсаюз падтрымліваў усе нашы ідэі. У нас склалася добрая і дружная каманда. Я шчаслівая, эмоцыі перапаўняюць. А сваю перамогу прысвячаю сваёй роднай ЖКГ, блізкім і родным людзям, — падзялілася Алена Папчэня.

Фіналістам конкурсу ўручылі дыпломы і памятныя падарункі. А ўзнагароджанне прызёраў і пераможцаў пройдзе 18 сакавіка на ўрачыстым сходзе, прысвечаным прафесійнаму святу — Дню работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю