Найлепшай аўталэдзі краіны, пераможцай рэспубліканскіх спаборніцтваў па вадзіцельскім майстэрстве «Аўталэдзі-2026», прымеркаваных да Года беларускай жанчыны, стала ўдзельніца каманды Дзяржаўтаінспекцыі МУС Ганна Калешка, паведаміла БелТА.
Спаборніцтвы «Аўталэдзі-2026» упершыню праходзяць на рэспубліканскім узроўні. Для ўдзелу зарэгістраваліся 24 каманды ад міністэрстваў, ведамстваў, грамадскіх арганізацый. Акрамя таго, у спаборніцтвах прынялі ўдзел дзве каманды з Расіі. У склад кожнай каманды ўвайшлі тры прадстаўнікі: кіраўнік каманды, удзельніца спаборніцтваў і тэхнічны работнік. У спаборніцтвах маглі прыняць удзел жанчыны, у якіх ёсць вадзіцельскае пасведчанне на права кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі катэгорыі «B». Усе яны прайшлі медыцынскі кантроль і інструктаж па ахове працы перад спаборніцтвамі.

Праграма «Аўталэдзі-2026» уключала як класічныя дысцыпліны аўтамабільнага мнагабор’я, так і творчыя конкурсы. Сёння ўдзельніцы выпрабавалі сябе ў візітнай картцы, праверцы ведаў правілаў дарожнага руху, кіраванні на аўтатрэнажорах, практычным кіраванні аўтамабілем. Акрамя таго, на завяршальным этапе для іх была прадугледжана дадатковая намінацыя «Аўталэдзі-мадэльер» — творчы конкурс на лепшае ўпрыгожванне і дызайн аўтамабіля. Пры гэтым упрыгожванне аўтамабіля, на якім дзяўчына выступала, праводзілася непасрэдна перад глядацкай трыбунай і ацэньвалася асобна. На агульны вынік гэтая ацэнка не ўплывала.

Было таксама падрыхтавана маштабнае шоу з удзелам спартсменаў ДТСААФ, паказ спартыўнай тэхнікі. Праводзілася паказальнае выступленне спартсменаў-парашутыстаў і пралёт спартыўнага самалёта Як-52.

Арганізатарам маштабнага мерапрыемства выступае Цэнтральны савет ДТСААФ. «Аўталэдзі-2026» — гэта не проста тэст на хуткасць, але і дэманстрацыя высокай культуры кіравання, упэўненасці за рулём і каманднага духу.