У аддзеле спартыўна-тэхнічнага кірунку Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці завяршыўся абласны этап рэспубліканскага конкурсу «ТэхнаЁлка». Сёлета ўдзел у ім узялі 500 творчых работ, прадстаўленых установамі адукацыі вобласці і горада Магілёва. Найлепшыя з іх будуць накіраваны на заключны этап рэспубліканскага конкурсу ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк.
— Экспазіцыя адрознівалася вялікай разнастайнасцю. Тут былі прадстаўлены складаныя інжынерныя канструкцыі, дзейныя механізмы, 3D-мадэлі, арыгінальныя дызайнерскія праекты і вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

На выставе традыцыйныя навагоднія выявы гарманічна спалучаліся з сучаснымі тэхналогіямі. Удзельнікі праектавалі, канструявалі, праграміравалі і эксперыментавалі, ператвараючы свае ідэі ў яркія і незвычайныя экспанаты. Некаторыя вырабы былі дапоўнены падсветкай, рухомымі элементамі і электроннымі кампанентамі. Кожны экспанат прадэманстраваў індывідуальнасць аўтара і яго ўменне знаходзіць нестандартныя рашэнні. Вылучыць нейкія асобныя работы было неверагодна складанай задачай для ўсёй судзейскай калегіі, — адзначыла метадыст аддзела спартыўна-тэхнічнага кірунку Вольга Кавалёва.
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ