Асноўная мэта праекта — прыцягнуць увагу работнікаў да пытання захавання заканадаўства аб ахове працы, прафілактыцы і папярэджанні вытворчага траўматызму. Сярод конкурсных работ — і сацыяльная рэклама аб важнасці самадысцыпліны на рабочым месцы, і ролікі аб рабоце грамадскіх інспектараў па ахове працы, і інструктажы па асобных відах работ — ад абрэзкі сукоў да электрабяспекі і работы на стругальных станках. Самае галоўнае — у кожным відэароліку дадзены адказ на пытанне: навошта патрэбна ахова працы?
— Асноўная мэта праекта — прыцягненне ўвагі работнікаў-членаў прафсаюза да пытання захавання заканадаўства аб ахове працы, а таксама прафілактыка і папярэджанне вытворчага траўматызму, стымуляванне росту кваліфікацыі работнікаў, — звярнуў увагу старшыня галіновага прафсаюза Юрый Дарагакупец.
Прафсаюзны лідэр адзначыў, што пытанне матывацыі работнікаў захоўваць тэхніку бяспекі пры выкананні работ, правілы і нормы па ахове працы ўсё яшчэ актуальнае, хаця двойчы ў год праходзяць рэспубліканскія Дні аховы працы. Так, у мінулым годзе з’явіўся праект па стварэнню відэаролікаў ад першасных прафсаюзных арганізацый.
Як і год таму, у новым сезоне рэспубліканскі конкурс праводзіўся ў два этапы. Першы быў рэгіянальны: у кожнай вобласці і сталіцы выбралі лепшыя работы сярод арганізацый прафсаюза.
У 2025 годзе на перамогу прэтэндавалі 7 прадпрыемстваў: Брэсцкую вобласць прадставіў ВКУП «Камунальнік», Гродзенскую — Слонімскі водаканал, Віцебскую — філіял «Оршаводаканал», Мінскую — Маладзечанскае ДВУП «Камунальнік». Таксама ў фінал выйшлі ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна г. Магілёва, Гомельскі гарадскі дарожны будаўніча-рамонтны трэст і «Мінсккамунцепласетка».
У сюжэтах працягласцю да 5 хвілін першасныя прафсаюзныя арганізацыі раскрылі важнасць аховы працы на працоўных месцах, прафілактыкі і папярэджанні вытворчага траўматызму, а таксама стварылі карысны кантэнт з акцэнтам на захаванне жыцця і здароўя.
Сярод фінальных работ былі відэаролікі аб значэнні самадысцыпліны, сродкаў індывідуальнай абароны, інструктажоў. Да прыкладу, дарожны будаўніча-рамонтны трэст з Гомельшчыны даў парады па выбары каскі, Аршанскі водаканал нагадаў аб правілах бяспекі пры выкананні працы ў ёмістных збудаваннях, Слонімскі водаканал — у студнях.
Каманда «Мінсккамунцепласетка» прадэманстравала, што ахова працы — гэта не проста правілы, а зона адказнасці работнікаў за захаванасць уласнага жыцця і здароўя. ЖРЭУ з Магілёва на працягу «300 секунд аб ахове працы» прапагандавала моду на бяспечную працу.
Канкурэнцыя сярод удзельнікаў была высокай. Пры вызначэнні тройкі лідэраў журы абапіралася на асноўныя крытэрыі ацэнкі работ: адпаведнасць роліка зададзенай тэматыцы, актуальнасць, сэнсавая цэласнасць і арыгінальнасць.
Лепшым ролікам па ахове працы прызнана работа першаснай прафсаюзнай арганізацыі Маладзечанскага ДВУП «Камунальнік». Сюжэт набраў 123 балы. Акрамя таго, прадпрыемства святкуе перамогу ў анлайн-галасаванні — свой голас за гэты ролік на сайце галіновага прафсаюза аддалі 592 чалавекі з амаль 1,9 тысяч прагаласаваўшых.
Другое месца з выніковымі 115 баламі заняла першасная прафсаюзная арганізацыя філіяла «Оршаводаканал» УП «Віцебскаблводаканал». Усяго на 4 балы менш набралі прадстаўнікі Брэстчыны — першасная прафсаюзная арганізацыя ВКУП «Камунальнік», якая стала трэцяй.
Пераможцы рэспубліканскага конкурсу відэаролікаў па ахове працы прафсаюза работнікаў ЖКГ і сферы абслугоўвання ўзнагароджаны дыпломамі і грашовымі прызамі.
Алена КРАВЕЦ