Top.Mail.Ru

Найлепшы з лепшых. Самы народны каравай выбіраюць у Беларусі

Бітва караваяў распачалася ў Беларусі пасля бітвы за ўраджай. Тэлеграм-канал «Пул першага» прапанаваў падпісчыкам разам выбраць найлепшы каравай з тых, што прадстаўлены ў Палацы Незалежнасці. Сёння — заключны дзень інтэрнэт-галасавання. Да завочнага спаборніцтва падключылася ўся краіна, паведамляе БелТА.


Штогод падчас уборачнай кампаніі кожная вобласць пасля пераадолення мільённага намалоту прадстаўляе ў Палацы Незалежнасці свой каравай. Традыцыйна кандытары здзіўляюць нестандартнымі рашэннямі, эксперыментуюць з памерамі вырабаў, прадумваюць усё да драбнюткіх дэталяў. У выніку кожны каравай ператвараецца ў сапраўдны твор мастацтва.

Выстава кандытарскага майстэрства нязменна прыцягвае ўвагу гасцей Палаца Незалежнасці. Літаральна ўчора караваі ўважліва разглядалі госці з Манголіі. А для айчынных экскурсантаў сфатаграфавацца з вырабам сваёй вобласці — абавязковая частка наведвання Палаца Незалежнасці. Але выбраць найлепшы складана. І раз ураджай збіралі ўсёй краінай, то і выбіраць найлепшы сімвал гэтай талакі таксама вырашылі разам.



За тры дні ў галасаванні прынялі ўдзел больш за 450 тыс. карыстальнікаў. Свайго прадстаўніка ў бітве караваяў падтрымлівае кожная вобласць. І крэатыву тут не менш, чым у стваральнікаў саміх вырабаў. Сацыяльныя сеткі запоўненыя постарамі з заклікамі галасаваць за сваіх. У інтэрнэце разгарнуўся сапраўдны відэафлэшмоб: людзі запісваюць ролікі ў падтрымку свайго фаварыта.

Але калі сур’ёзна, то бітва караваяў — гэта не проста інтэрнэт-спаборніцтва. Гэта чарговая падзяка працавітым аграрыям, якія забяспечылі краіну харчаваннем. Менавіта дзякуючы ім беларусы могуць не турбавацца пра тое, ці будзем мы з хлебам, і замест гэтага ладзіць жартоўныя спаборніцтвы. І, вядома, гэта безумоўнае пацвярджэнне таго, наколькі таленавітыя беларускія майстры, здольныя ствараць такія кандытарскія шэдэўры.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю