Фінал рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства па прафесіі «муляр» адбыўся на адным з будаўнічых аб’ектаў сталіцы. Арганізатарам традыцыйна выступіў Беларускі прафсаюз работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў.
У сваім майстэрстве спаборнічалі 14 чалавек з усёй краіны — 7 вопытных муляраў прадпрыемстваў галіны і 7 таленавітых студэнтаў профільных каледжаў. Усе яны сталі пераможцамі адборачных этапаў у сваіх рэгіёнах. У фінале конкурсу прафмайстэрства ўдзельнікаў чакалі два насычаныя дні практыкі. Канкурсанты спаборнічалі ва ўменні якасна і аператыўна ўзводзіць сцены з цэглы. Дарэчы, заданне накладвала на спецыялістаў асаблівую адказнасць — па завяршэнні конкурсу збудаваныя канструкцыі плануецца прымяніць у эксплуатацыі аб’екта, які будуецца, на якім і адбыліся працоўныя спаборніцтвы.
— Галіновы прафсаюз традыцыйна арганізоўвае такія конкурсы. Працоўныя спаборніцтвы праходзяць практычна па ўсіх прафесіях, якія звязаны з будаўнічай сферай. Гэта дазваляе не толькі павысіць прэстыж працоўных прафесій, але і дэманструе высокія стандарты якасці ў будаўнічай галіне. Мы бачым работнікаў, якія неабыякавыя да сваёй прафесіі, сваёй справы. Гэта заўсёды адбіваецца на агульным выніку. І, безумоўна, у імкненні працаваць на карысць сваіх арганізацый, сваёй краіны людзей важна падтрымліваць, — адзначыў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Дзмітрый Прасвіракоў. — У апошнія пару гадоў імкнёмся да ўдзелу ў конкурсах прафмайстэрства прыцягваць і маладых хлопцаў. Яны не толькі павышаюць свой узровень майстэрства, абменьваюцца вопытам, але і маюць магчымасць паразмаўляць з калегамі з іншых рэгіёнаў, з тымі, хто ўжо працуе на прадпрыемствах галіны. Усё гэта дапамагае ім убачыць перспектывы свайго прафесійнага росту.
Так, першыя месцы ўзялі Дзмітрый Дзікавіцкі (Пінскі дзяржаўны каледж будаўнікоў) і Аляксей Жарскі (муляр 5-га разраду БУ № 210 ААТ «Будтрэст № 35»). На другім месцы — Аляксей Дашкоўскі (навучэнец Гомельскага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў) і Артур Якутовіч (муляр 4-га разраду ААТ «Будаўніча-мантажны трэст № 19»). Трэцяе месца занялі Мікалай Кулеўскі (навучэнец Бабруйскага дзяржаўнага індустрыяльна-будаўнічага каледжа«) і Андрэй Ляўкоў (муляр 5-га разраду ААТ «Будаўнічы трэст № 9» г. Віцебск).
Трэба адзначыць, што конкурсы прафесійнага майстэрства, арганізатарамі якога традыцыйна выступаюць прафсаюзы сумесна з наймальнікамі, праводзяцца ва ўсіх галінах. Штогод удзел у іх бяруць тысячы работнікаў з усёй краіны. Акрамя таго, у многіх калектыўных дагаворах арганізацый і прадпрыемстваў змяшчаюцца нормы па падтрымцы работнікаў, якія прымаюць удзел у працоўных спаборніцтвах. Гэта і матэрыяльная падтрымка, і нават магчымасць павысіць свой разрад.
Алена КРАВЕЦ.