Падчас урачыстага мерапрыемства першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў зачытаў віншавальны адрас кіраўніка дзяржавы, у якім гаварылася аб тым, што высокая духоўнасць у спалучэнні са справядлівай народнай мудрасцю — унікальная рыса айчыннай культуры: «Сёння ў сферы культуры працуюць тысячы выдатных спецыялістаў, энтузіастаў сваёй працы, дзякуючы іх плённай нястомнай дзейнасці, імкненню да пашырэння творчага гарызонту, нашу краіну ведаюць далёка за яе межамі. Упэўнены, што і надалей сваім талентам, вопытам, захопленасцю вы будзеце ўносіць значны ўклад у развіццё Беларусі, выхоўваць у падрастаючага паколення любоў ды родных вытокаў і патрыятізм, умацоўваць сувярэнную беларускую дзяржаву».
Таксама Прэзідэнт пажадаў усім здароўя, новых прафесійных перамог, бясконцага натхнення і дабрабыту.
Прысутнічаў на ўрачыстым узнагароджанні і міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі. Ён заявіў, што менавіта дзякуючы працы і намаганням работнікаў культуры мы маем цудоўную магчымасць пры падтрымцы дзяржавы захоўваць, памнажаць і аднаўляць нашы народныя рамёствы, абрады і святы, захоўваць культурныя каштоўнасці, якія нам пакінулі продкі.
— У нас ёсць магчымасць удасканальваць бібліятэчную сістэму, рабіць яе больш даступнай для людзей, паляпшаць экспазіцыі ў музеях, рабіць цудоўныя тэатральныя і канцэртныя пастаноўкі, пісаць выдатныя песні і вершы, ствараць творы жывапісу і скульптуры, — падкрэсліў ён.
Таксама міністр культуры дадаў, што ён не раз быў сведкам таго, як захапляюцца нашымі дзеячамі мастацтва госці з блізкага і далёкага замежжа.
— Дзякуй вам вялікі за тое, што вы сваім мастацтвам і працай услаўляеце нашу краіну і даяце нам, беларусам, магчымасць ганарыцца нашай культурай. Я выдатна ведаю, што гэта такое — падрыхтавацца, выйсці на сцэну і дарыць сваё мастацтва гледачу, дзеля якога мы ўсё гэта і робім. Я ведаю, наколькі гэта складаная, часам нават непрадказальная праца, таму жадаю вам здароўя, сіл і бясконцага натхнення, — заключыў Руслан Чарнецкі.
Пасля атрымання заслужаных узнагарод усе прысутныя змаглі атрымаць асалоду ад прагляду спектакля «Дзядзечкаў сон».
Лізавета ГОЛАД
фота аўтара