Top.Mail.Ru

Найлепшыя хлебаробы Міншчыны атрымалі заслужаныя ўзнагароды на абласных «Дажынках»

Залатыя рукі вобласці...

Хлебаробы Міншчыны сёлета намалацілі больш за 2,2 мільёна тон збожжа з рапсам або чвэрць ад рэспубліканскага каравая! Атрымалі рэкордную ўраджайнасць збожжавых — 50 ц/га, а па рапсе і зусім сталі найлепшымі ў краіне. Лепшыя раёны, гаспадаркі і іх работнікаў, якія змаглі забяспечыць самы высокі ў краіне намалот, ушаноўвалі ў суботу ў Заслаўі на абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі — 2025». 

Гаспадарскі падыход, захаванне тэхналогій і працавітасць аграрыяў дазволілі дабіцца цудоўнага выніку

image-21-09-25-05-25 (1).jpeg

Падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў абласнога спаборніцтва па ўборцы ўраджаю намеснік Старшыні УНС, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Мінскай вобласці Аляксандр Косінец зачытаў віншавальны адрас ад Прэзідэнта. Віншуючы хлебаробаў Мінскай вобласці са святам, Аляксандр Косінец адзначыў, што ў харчовай бяспецы збожжа займае першую пазіцыю і, нягледзячы на прыродныя капрызы, аграрыі сабралі выдатны ўраджай: «Кіраўнік дзяржавы ўдзяляе пільную ўвагу Мінскай вобласці, хоць у бацькі дзеці ўсе аднолькавыя. Толькі за апошнія паўгода на тэрыторыі рэгіёна прайшло чатыры семінары, якія дазволілі зрабіць правільныя арыенціры ў развіцці аграпрамысловага комплексу краіны. Гэта мае каласальнае значэнне», — сказаў Аляксандр Косінец.

Але, паводле яго слоў, уборка ўраджаю — гэта толькі першы этап страды, наперадзе вялікая работа па ўборцы кукурузы, гародніны, сяўбе азімых: «У вобласці неабходна збіраць 2,5 мільёна тон хлеба для таго, каб цалкам забяспечыць кармленне і развіццё жывёлагадоўлі», — падкрэсліў Аляксандр Косінец, выказаўшы вялікую падзяку ўсім удзельнікам жніва і ўручыўшы ўзнагароды лепшым. 

Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка падкрэсліў, што беларуская культура прасякнута глыбокай павагай да хлеба, як найвялікшага здабытку народа. Звяртаючыся да герояў страды, губернатар адзначыў: «Год быў няпросты, умовы надвор’я выклікалі трывогу, але гаспадарскі падыход, захаванне тэхналогій і працавітасць аграрыяў цэнтральнага рэгіёна дазволілі дабіцца цудоўнага выніку. І сёння мы ганарымся сваім караваем. Як ганарымся і рэкорднай за ўсю гісторыю цэнтральнага рэгіёна ўраджайнасцю збожжавых у 50 ц/га і лепшай у краіне ўраджайнасцю па рапсе, — сказаў Аляксей Кушнарэнка. — Выдатныя вынікі па намалоце — больш за 100 тысяч тон збожжа — паказалі Нясвіжскі, Мінскі, Слуцкі, Барысаўскі, Дзяржынскі і Капыльскі раёны. Словы асаблівай падзякі — камбайнерам і вадзіцелям. Сёлета 876 экіпажаў сабралі больш за 1 тысячу тон ураджаю; 292 — больш за 2 тысячы тон; 40 — намалацілі больш за 3 тысячы тон, а 6 — больш за 4 тысячы тон».

  • Гонарам Мінскай вобласці і ўсёй Беларусі губернатар назваў механізатара ААТ «Кухчыцы» Паўла Шуціла, які сёлета сабраў 8 тысяч 459 тон збожжа на камбайне «Гомсельмаш». Адзначыў кіраўнік вобласці і вадзіцеляў, задзейнічаных на адвозцы збожжа: «586 вадзіцеляў перавезлі больш чым па 1 тысячы тон збожжа, 211 — больш за 2 тысячы тон, 57 — больш за 3 тысячы тон, 16 — больш за 4 тысячы тон, а больш за 5 тысяч тон — 4 чалавекі. Але асабліва вызначыўся яшчэ адзін прадстаўнік гаспадаркі „Кухчыцы“ Андрэй Аляксейчык, які перавёз на айчынным аўтамабілі МАЗ 7442 тоны збожжа. Усё гэта дазволіла намалаціць 2 мільёна 260 тысяч тон збожжа з рапсам, або чвэрць ад рэспубліканскага ўраджаю».

Аляксей Кушнарэнка падзякаваў кіраўніку дзяржавы за падтрымку і высокую ацэнку працы работнікаў АПК Мінскай вобласці і выказаў упэўненасць, што цэнтральны рэгіён і ў далейшым будзе захоўваць вядучыя пазіцыі, штогод цешачы ўсіх годнымі вынікамі.

Губернатар павіншаваў раёны-пераможцы, лепшых працаўнікоў аграрнай галіны. Пад апладысменты на сцэну падымаліся тыя, чыя самаадданая праца забяспечыла поспех уборачнай кампаніі. «Асабліва сімвалічна, што падобныя працоўныя подзвігі здзейснены ў год 80-годдзя Перамогі. І калі тады нашы дзяды і прадзеды адстаялі свабоду і незалежнасць, то сёння мы, нашчадкі пераможцаў, з гонарам дасягаем такіх вынікаў, якія дазваляюць упэўнена глядзець у будучыню і забяспечваць харчовую бяспеку краіны», — адзначыў Аляксей Кушнарэнка. 

image-21-09-25-05-25 Копия.jpeg

Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што горад Заслаўе да фестывалю прыкметна змяніўся, у ім з’явіліся выдатныя лакацыі, здольныя прыцягнуць увагу шматлікіх гасцей. І ў добраўпарадкаванне горада ўнесла ўклад уся вобласць: 86 прадпрыемстваў прынялі ўдзел у стварэнні малых архітэктурных формаў, якія ўпрыгожылі Заслаўе. «Магчымасць жыць і працаваць на роднай зямлі — гэта вялікае дабро для кожнага чалавека», — рэзюмаваў старшыня Мінскага аблвыканкама. Ён таксама ўзнагародзіў пераможцаў спаборніцтваў. У прыватнасці — Нясвіжскі, Мінскі і Слуцкі раёны, чые вытворчыя паказчыкі былі самымі высокімі. 

Віншуючы герояў жніва са святам і завяршэннем асноўнага этапу ўборачнай кампаніі, намеснік Прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч адзначыў, што калектывы вобласці забяспечылі выкананне задачы, пастаўленай кіраўніком дзяржавы. «Усё гэта стала магчымым дзякуючы высокаму прафесіяналізму, адданасці любімай справе работнікаў АПК. Для многіх з вас — гэта не толькі прафесія. Гэта традыцыя, культура, якую вы перадаеце з пакалення ў пакаленне», — сказаў намеснік Прэм’ер-міністра, які ўзнагародзіў прадстаўнікоў працоўных калектываў граматамі Савета Міністраў.

Паводле яго слоў, работа на зямлі — гэта не толькі прафесія, але і асаблівы ўклад жыцця, традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Віктар Каранкевіч падзякаваў вяскоўцам за працу, самааддачу, высокі ўзровень адказнасці і пажадаў новых поспехаў і дасягненняў на карысць нашай краіны.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Матусевіч падкрэсліў, што патэнцыял Мінскай вобласці вельмі багаты і яна традыцыйна з’яўляецца кузняй кадраў. «Хачу падзякаваць, што ўсе задачы, якія ставіць Прэзідэнт, урад, выконваюцца ў тэрміны», — адзначыў Дзмітрый Матусевіч. 

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы падкрэсліў, што хлеб — слова святое, і хлебаробы, займаюцца не рамяством, а самым сапраўдным мастацтвам: «Каравай вагой больш за 2 мільёны тон — гэта ваш здабытак, які вы стварылі, дзякуючы свайму майстэрству». 

Парламентарый з добрымі пажаданнямі павіншаваў працаўнікоў сельскагаспадарчай галіны: «У наступным годзе мы будзем святкаваць 30 гадоў гэтай унікальнай традыцыі, якую заклаў кіраўнік дзяржавы ў нашай найноўшай гісторыі. І вось выходзілі масцітыя, такія сталыя камбайнеры, а цяпер паглядзіце — якая цудоўная моладзь зараз выходзіць. І рукамі гэтай моладзі робяцца высокія паказчыкі. Значыць, наша краіна — краіна магчымасцяў, краіна будучыні! І мы ўпэўнена перадаём усё, што ў нас ёсць, вось гэтым маладым людзям. Яны ведаюць, што рабіць, і яны зробяць»

Да віншаванняў далучыўся і старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Іван Маркевіч. Ён павіншаваў хлебаробаў і ўручыў падзячныя лісты за значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу. Іван Маркевіч асабліва адзначыў заслугі вадзіцеля з ААТ «Кухчыцы» Клецкага раёна Андрэя Аляксейчыка: «Працуючы на палях роднага прадпрыемства, ён прадэманстраваў выключнае майстэрства, высокую дысцыпліну і адданасць сваёй справе. Яго працоўны подзвіг — яркі прыклад таго, як ад працы кожнага канкрэтнага чалавека залежыць агульны поспех і харчовая бяспека краіны».

image-21-09-25-05-25.jpeg

Парламентарый падкрэсліў, што «Дажынкі» — гэта, перш за ўсё, свята людзей: працаўнікоў палёў і прафесіяналаў сваёй справы, чыёй штодзённай працай ствараецца багацце і росквіт беларускай зямлі. «Менавіта ім, механізатарам, камбайнерам, аграномам, жывёлаводам і ўсім работнікам вёскі сёння прысвечаны ўсе ўрачыстасці, — адзначыў Іван Маркевіч. — Сёлета ў Мінскай вобласці асаблівая падстава для гонару — аграрыі цэнтральнага рэгіёна намалацілі больш за 2 мільёны 200 тысяч тон збожжа. Гэта самы высокі вынік у краіне». 

Цэнтральны рэгіён сабраў годны ўраджай і можа ганарыцца высокімі вынікамі, заявіў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Віталь Кулак. Паводле яго слоў, нягледзячы на высокую тэхнічную аснашчанасць, праца вяскоўца нялёгкая: «Даводзіцца працаваць з раніцы да вечара для таго, каб атрымаць высокія вынікі. І гэтымі вынікамі сёння Мінская вобласць можа ганарыцца. На яе прыпадае чвэрць рэспубліканскага каравая. Шэсць раёнаў цэнтральнага рэгіёна перасягнулі мяжу намалоту ў 100 тысяч тон збожжа. Замацавалі лідарскія пазіцыі ў краіне Нясвіжскі раён і ААТ „Гастэлаўскае“ Мінскага раёна». Віталь Кулак пажадаў працаўнікам Міншчыны далейшых поспехаў у іх нялёгкай працы.

Дзяржынск прымае эстафету: горад-спадарожнік стаў новай сталіцай Міншчыны і гаспадаром «Дажынак — 2026»

Увесь год Заслаўе жыў у прадчуванні галоўнага аграрнага свята — і вось зараз наступіла яго кульмінацыя. Сталіца Мінскай вобласці 2025 года павінна перадаць гэты статус наступнаму гораду, а заадно і эстафету. Але спачатку на сцэну падняўся гаспадар «Дажынак — 2025», старшыня Мінскага райвыканкама Дзяніс Колесень. Ён падзякаваў кіраўніцтву вобласці за магчымасць прымаць у сябе свята хлебаробаў і год насіць статус сталіцы Міншчыны!

А ў губернатара наперадзе адказная і важная місія — абвясціць сталіцу Мінскай вобласці на 2026 год. Такім чынам, эстафету ад старажытнага Заслаўя прыняў самы буйны горад-спадарожнік сталіцы — Дзяржынск! Праз год менавіта ён будзе прымаць і ўшаноўваць хлебаробаў Міншчыны. Аляксей Кушнарэнка перадаў старшыні Дзяржынскага райвыканкама Мікіце Рэўту пераходны сцяг як сімвал адказнасці за правядзенне абласных «Дажынак» 2026 года!

image-21-09-25-05-25_1.jpeg

Наперадзе ў Дзяржынска маштабная падрыхтоўка: добраўпарадкаванне вуліц, стварэнне святочнай інфраструктуры і распрацоўка канцэпцыі фестывалю, які збярэ тысячы гасцей з усёй краіны. Горад-спадарожнік, вядомы сваімі вытворчасцямі і сельгасдасягненнямі, гатовы паказаць не толькі эканамічную моц, але і багатую культурную спадчыну, гасціннасць і інавацыйны падыход да арганізацыі свята.

  • У размове з журналістамі пасля ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання губернатар Міншчыны Аляксей Кушнарэнка падкрэсліў, што сёлета цэнтральны рэгіён дасягнуў гістарычнага максімуму па ўраджайнасці збожжавых. «Гэты агранамічны сезон быў не простым, хоць кожны сезон па-свойму ўнікальны. У Мінскай вобласці пры аблвыканкаме быў створаны штаб, які штодня прымаў тыя ці іншыя рашэнні: старанна прадуманыя, вывераныя. Былі розныя пункты гледжання: як прымаць рашэнне ў той ці іншы перыяд, па той ці іншай культуры, калі сеяць, калі прыбіраць... Дзякуючы спецыялістам, якія працуюць у аграпрамысловым комплексе Міншчыны, дзякуючы залатым рукам нашых хлебаробаў, мы сёння маем дастойны ўраджай», — сказаў кіраўнік вобласці.

Ураджайнасць у 50 цэнтнераў з гектара — гістарычны максімум, які Міншчына дасягнула сёлета. Як і ўраджайнасць па рапсе — самая высокая ў краіне. «Пры гэтым работа ж не спыняецца: мы прыбіраем цукровыя буракі, бульбу, кукурузу. Мэтанакіравана рухаемся да адзнакі ў 3 мільёны тон разам з рапсам і кукурузай, — падкрэсліў Аляксей Кушнарэнка. — Актыўна ідзе пасяўная кампанія: ужо пасеялі 50 % азімых збожжавых культур».

Адзначыў губернатар і ператварэнне Заслаўя: «Мы зрабілі каласальныя ўкладанні. На падрыхтоўку горада да свята было выдаткавана звыш 110 мільёнаў рублёў. Асобнай увагі заслугоўвае творчы, крэатыўны падыходы ў рэалізацыі тых планаў, якія мы сабе па развіцці горада паставілі і якія дасягнулі. Змянілася цэнтральная плошча, адкрыты ўнікальны музей пад адкрытым небам. Старажытнае гарадзішча, дзе мы пачалі раскопкі, і ў наступным годзе іх працягнем. Унікальная экалагічная сцежка, сучасны маладзёжны парк. Мы заклалі фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, які будзе ўзведзены ў бліжэйшыя 2 гады. Упэўнены, гэты аб’ект стане яшчэ адным пунктам прыцягнення».

image-21-09-25-05-25_2.jpeg

Заслаўе — гэта горад для здаровага ладу жыцця, камфортны для пражывання, экалагічна чысты, нагадаў старшыня Мінаблвыканкама: «Тут быў рэалізаваны шэраг ініцыятыў па асобным зборы цвёрдых камунальных адходаў, экалагічнай сцежцы, якую мы ўвялі, прапагандуючы беражлівыя адносіны да прыроды. Вельмі важна, што да гэтай працы прыцягваецца моладзь. Менавіта яна — наша сённяшняе і наша заўтрашняе».

А з нагоды падрыхтоўкі Дзяржынска да наступнага фестывалю аграрыяў, яна пачнецца літаральна адразу ж. «Планка правядзення такіх мерапрыемстваў вельмі высокая, і мы пастараемся ёй адпавядаць», — падагульніў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна Аляксей Кушнарэнка.

Фінальныя акорды свята працаўнікоў вёскі 

Свята «Дажынкі» ў Заслаўі сабрала рэкордную колькасць гасцей — па дадзеных УУС Мінаблвыканкама, мерапрыемства наведалі каля 35 тысяч чалавек, што ў два разы перавышае колькасць насельніцтва горада. Як фінальны акорд свята працаўнікоў вёскі, у Заслаўі прайшоў пампезны канцэрт, хэдлайнерам якога стала папулярная расійская спявачка Слава, а таксама арт-група «Багач», заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Вікторыя Алешка, казачы ансамбль «Бацька Атаман», група «Cosa Nostra» і іншыя яркія артысты, якія зрабілі вячэрні канцэрт у Заслаўі яркім і незабыўным.

Да 21.30 на сцэне выступалі творчыя калектывы і салісты, выконваючы як народныя песні, так і сучасныя кампазіцыі. Гучалі цёплыя словы падзякі хлебаробам і ўсім, чыя праца зрабіла свята магчымым. Кожнае выступленне суправаджалася апладысментамі, а танцавальныя нумары ператваралі плошчу ў яркі калейдаскоп фарбаў і эмоцый.

image-21-09-25-05-25_3.jpeg

Асаблівую атмасферу стваралі светлавыя эфекты і афармленне сцэны — горад нібы заззяў новымі фарбамі. Тым больш, што ён абнавіўся. Людзі ўсміхаліся, спявалі разам з артыстамі, рабілі фатаграфіі, каб захаваць успаміны пра гэты дзень.

Па сутнасці, канцэрт стаў не проста часткай праграмы «Дажынак», а сапраўдным сімвалам радасці і адзінства. Ён паказаў, што свята ўраджаю — гэта не толькі падвядзенне вынікаў года, але і магчымасць сабрацца разам, падзяліць добры настрой і адчуць гонар за сваю зямлю.

Атрымаўшы эстэтычнае задавальненне ад зорак эстрады, вечарам Заслаўе патануў у святле і музыцы. Як толькі на плошчы заціхлі апошнія апладысменты, неба над горадам-спадарожнікам успыхнула яркімі агнямі — доўгачаканым феерверкам — фінальным акордам абласнога фестываля-кірмашу «Дажынкі — 2025»

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Лізаветы ГОЛАД

г. Заслаўе

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю