Маладая скрыпачка Ганна Цімохіна ніколі не бачыла Віцебск без «Славянскага базару». За ўсе яе 15 гадоў фестываль нязменна праходзіў у горадзе кожнае лета. Як прызнаецца дзяўчына, без яго ўжо немагчыма ўявіць родны горад. Сама Ганна ўжо які год выступае на вуліцы падчас правядзення васільковага фэсту і дорыць людзям добры настрой сваёй музыкай, паведамляе SB.by.
— Для мяне лета дзеліцца на да і пасля «Славянскага базару». Спачатку горад актыўна рыхтуецца да фестывалю, потым цэлы тыдзень жыве ім, а пасля ўсё вяртаецца на кругі свая. Становіцца пуста і крыху сумна, — дзеліцца Ганна. — Падчас «Славянскага базару» я заўсёды імкнуся трапіць на КВЗ. А яшчэ вельмі люблю вячэрні горад, калі на вуліцы выходзяць музыканты. Раней я была сярод слухачоў, а два гады таму сама пачала іграць на вуліцы.
Раней дзяўчына выступала разам са сваім калектывам на фестывалі вулічных мастацтваў «На сямі вятрах». А сёлета яна ўпершыню выйшла да гледачоў як сольная выканаўца.
— Спачатку было крыху нязвыкла, але, калі бачыш усмешлівыя і ветлівыя твары мінакоў, якія спыняюцца паслухаць, паказваюць «клас» або «сэрцайкі», адразу расслабляешся. Рэпертуар у мяне самы розны — ад класікі да року. Ніколі не ведаеш, што менавіта спадабаецца людзям, таму стараюся спалучаць класіку з поп- і рок-музыкай. Заўважыла, што асабліва цёпла прымаюць песню «Любіце, дзяўчаты» групы «Брава», «Чардаш» Віторыа Монці, знакаміты цыганскі танец, Queen з кампазіцыяй We Are the Champions і Вальс № 2 Дзмітрыя Шастаковіча.