Top.Mail.Ru

Лета і першыя восеньскія месяцы — перыяд павышанай рызыкі дзіцячага траўматызму

Цана бестурботнасці — жыццё дзіцяці

Менавіта ў гэты час, паводле слоў праваахоўных органаў, дзеці часцей аказваюцца без нагляду дарослых. Узрастае колькасць бытавых і вулічных траўмаў — ад падзенняў і ўдараў да цяжкіх пераломаў, транспартных здарэнняў. Больш падрабязна пра небяспекі, якія чакаюць дзяцей у гарадскім і адукацыйным асяроддзі, даведалася карэспандэнт «Звязды».

Рослы не значыць дарослы

Афіцыйныя даныя МУС пацвярджаюць сур’ёзнасць сітуацыі. За лета на дарогах краіны загінулі восем непаўналетніх, яшчэ 144 атрымалі траўмы. Кожнае чацвёртае дзіця, якое пацярпела ў аварыі, становіцца інвалідам. Няўважлівасць, перавышэнне хуткасці, адцягванне ўвагі вадзіцеля — частыя таму прычыны. Аднак і самі дзеці часам не валодаюць дастатковымі навыкамі бяспечных паводзін. Прычым гаворка ідзе не толькі пра выпадкі, калі дзіця выбягае на дарогу ці перасякае яе ў неналежным месцы. Падлеткі трапляюць у небяспечныя сітуацыі не радзей — схільнасць да рызыкі і самастойнасці часам становіцца прычынай трагедыі. Асабліва трывожыць рост колькасці выпадкаў удзелу непаўналетніх у кіраванні транспартам — яны садзяцца за руль машын або матацыклаў без правоў, нярэдка ў стане алкагольнага ап’янення. У жніўні, калі школьнікі вяртаюцца ў горад, колькасць такіх здарэнняў значна расце:

  • — У канцы летніх канікулаў дзеці спрабуюць «нагнаць упушчанае». Таму, на жаль, мы назіраем наступныя сітуацыі: падлеткі садзяцца ў машыны вялікімі кампаніямі, на матацыклы, не маючы правоў, і едуць на дыскатэкі ці так званыя «тусоўкі». Гэта ўжо статыстыка, якая паўтараецца з году ў год, — папярэджвае старшы інспектар па асобых даручэннях галоўнага ўпраўлення ДАІ Міністэрства ўнутраных спраў Ганна Банадык. — Велізарная просьба да бацькоў: удзяліце ўвагу сваім дзецям, не давайце ім доступ да ключоў ад аўтамабіляў, матацыклаў, мапедаў і скутараў.

Нагадаем: дзецям да 16 гадоў можна знаходзіцца на вуліцы без суправаджэння дарослых толькі да 11 гадзін вечара. Акрамя таго, бацькі, з’язджаючы на выхадныя, павінны памятаць: пакінутыя без нагляду падлеткі могуць зладзіць вечарыны, якія нярэдка канчаюцца распіваннем спіртнога, ужываннем псіхаактыўных рэчываў, бойкамі і нават гвалтам. За апошнія месяцы супрацоўнікі міліцыі кожны тыдзень сутыкаліся з такімі выпадкамі. Адзін здарыўся зусім нядаўна ў Жлобіне:

— У чатыры раніцы паступіла паведамленне аб шумнай кампаніі падлеткаў. Міліцыянеры, якія прыбылі на месца, заспелі ў стане алкагольнага ап’янення непаўналетняга, які ўспорваў сабе жывот, пакуль іншыя падлеткі здымалі гэта на відэа, — распавядае Васіль Дземідовіч, намеснік начальніка аддзела па арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх УП ГУАПП МУС. — Падобныя здарэнні разглядаюцца органамі ўнутраных спраў як надзвычайныя і становяцца падставай для распрацоўкі новых мер прафілактыкі.

Рукі прэч ад правадоў!

Электрычнасць даўно стала часткай нашага паўсядзённага жыцця, але пры няправільнай эксплуатацыі яна становіцца смяротна небяспечнай. Неабароненыя шчыткі, няспраўныя прыборы і звычайная дзіцячая цікаўнасць становяцца прычынамі цяжкіх траўм. З 2019 года ў Беларусі зафіксавана 33 выпадкі паражэння электрычным токам сярод непаўналетніх, 10 з іх — са смяротным зыходам. У асноўным — з-за пранікнення на энергааб’екты і кантакт з няспраўным электраабсталяваннем.

Андрэй Варанцоў, намеснік начальніка аддзела электратэхнічнай інспекцыі Дзяржаўнага энергетычнага і газавага нагляду, адзначае: сёлета ўжо адбылося тры няшчасныя выпадкі. У студзені ў Мінску загінуў 16-гадовы падлетак, які вырашыў зрэзаць правады ў трансфарматарнай падстанцыі; у маі ў Магілёве пацярпела 12-гадовае дзіця, якое дакранулася да правадоў электрычнага шчыта. А ў жніўні ў Мінскай вобласці 17-гадовы юнак залез на высакавольтную апору лініі электраперадачы, спускаючыся, страціў раўнавагу і закрануў кантактны провад сеткі. Хлопец атрымаў 40 % апёкаў цела.

Бяспечны шлях да ведаў

Маніторынг стану бяспекі ў школах супрацоўнікі міліцыі праводзяць вось ужо два гады. У красавіку былі наведаны ўсе ўстановы адукацыі краіны. Правяралася абсталяванне ўваходаў і выхадаў замыкаючымі прыладамі, наяўнасць аховы, спраўнасць прапускнога рэжыму, сістэм відэаназірання. Высветлілася, што апошнія ўсё яшчэ рэдкасць для многіх школ. Але камеры відэаназірання аказваюць амаль магічнае ўздзеянне: адно толькі веданне таго, што ўсё, што адбываецца на тэрыторыі школы, фіксуецца, дысцыплінуе дзяцей і дарослых, дапамагае прадухіляць супрацьпраўныя ўчынкі.

Засцерагаць дзіця ад траўм трэба не толькі ўнутры школы, але і на прылеглай да яе тэрыторыі, тым больш што кожны год фіксуюцца трагічныя выпадкі. Да іх нярэдка прыводзяць, здавалася б, банальныя гісторыі — падзенне незамацаванага баскетбольнага кальца або футбольных варот. За два апошнія гады — чацвёра цяжка пацярпелых. У дадатак да гэтага небяспеку ўяўляюць закінутыя будынкі і спадарожныя ім пліты, арматура, бітае шкло, трухлявыя і амаль паваленыя дрэвы. І такія будынкі, паводле слоў Васіля Дземідовіча, былі знойдзены без агароджаў і на тэрыторыі некаторых устаноў адукацыі

Падобныя факты не застаюцца без увагі: аб іх інфармуюцца кіраўнікі ўстаноў, прымаюцца меры па ўхіленні недахопаў. Сёння большасць выяўленых праблем ужо ліквідавана. Напрыклад, сёлета праверылі больш за шэсць тысяч аб’ектаў вулічна-дарожнай сеткі паблізу месцаў, дзе часта бываюць дзеці: школ, дзіцячых садкоў, паліклінік. У ходзе праверак выяўлена больш за 4800 недахопаў, тры тысячы з іх звязаны з адсутнасцю або дрэннай бачнасцю гарызантальнай дарожнай разметкі. Цяпер, у жніўні, гэтыя недахопы актыўна выпраўляюцца. Абнаўляецца разметка каля школ, прыводзяцца ў парадак дарожныя знакі, ствараюцца бяспечныя зоны для высадкі дзяцей каля школ.

Аміна Назарава

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю