Трэцяя дэкада жніўня пачалася ў нас досыць некамфортным надвор’ем, калі ноччу і раніцай было дастаткова зябка. Сярэдняя тэмпература паветра ў гэты час была на некалькіх градусаў ніжэйшая за кліматычную норму. Але, як паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, нябесная канцылярыя ў апошні тыдзень лета пачне выпраўляцца.
Праўда, 26 і 27 жніўня будзе яшчэ не па сезоне холадна, таму, у аўторак умовы надвор’я будзе фарміраваць халодная няўстойлівая паветраная маса. Воблачна з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Днём у асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Вецер заходні ўмераны, удзень парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 6 да 11 °C, а днём будзе вагацца ад 15 да 20 °C. Атмасферны ціск пачне слаба расці.
Не будзе горача і ў сераду. У гэтыя суткі ноччу ў многіх раёнах, а днём па ўсходзе краіны ўмовы надвор’я працягнуць вызначаць халодныя няўстойлівыя паветраныя масы. У дзённыя гадзіны заходнія і цэнтральныя раёны краіны апынуцца пад уплывам вобласці павышанага атмасфернага ціску. Воблачна з праясненнямі. Ноччу і раніцай на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі па ўсходзе краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай месцамі слабы туман. Вецер заходняй чвэрці ўмераны, удзень месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы апусціцца да 4–11 °С, а днём будзе падымацца не вышэй за 16–23 °С.
Летняе надвор’е будзе вяртацца да нас 28 жніўня. У чацвер захаваецца ўплыў вобласці павышанага атмасфернага ціску, а ў дзённыя гадзіны ў паўднёва-заходнія раёны краіны пачнуць паступаць цёплыя паветраныя масы з Балканскага паўвострава. Пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў. Ноччу і раніцай месцамі слабы туман. Вецер паўднёвай чвэрці ўмераны, днём месцамі парывісты. Халодная хваля захаваецца толькі ўначы, калі тэмпература паветра будзе апускацца да 4–10 °C, месцамі да плюс 12 °C. Аднак днём ужо пацяплее — ад 18 °C па поўначы да 28 °C па паўднёвым захадзе краіны.
Сяргей КУРКАЧ