Што можа лепш расказаць пра нейкую знакавую гістарычную падзею, чым дакументальныя сведчанні? Толькі дакументальныя сведчанні, аформленыя ў жывыя журналісцкія публікацыі. Менавіта таму сваім чытачам аб падзеях васьмідзесяцігадовай даўнасці, калі Перамога была так блізка, але кожны крок да яе быў паліты крывёю савецкіх салдат, мы вырашылі расказаць праз публікацыі «Звязды». Нашы калегі-папярэднікі рабілі газету ў разбураным Мінску, не маючы нават і блізка тых тэхнічных магчымасцяў, якія маем мы сёння. Але пры гэтым паспявалі кожны дзень даць сваім чытачам поўную карціну таго, што адбывалася на франтах, і паказаць, як наша амаль знішчаная, але няскораная фашыстамі Беларусь вяртаецца да жыцця.
Пачынаючы з сённяшняга нумара ў рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы будзем ісці да светлай і святой даты 9 Мая. Тыя, хто пісаў і выдаваў гэтыя матэрыялы восемдзесят гадоў назад, не ведалі, калі яна, гэта дата, дакладна здарыцца. Але яны ад самага пачатку верылі, што яна абавязкова будзе ў нашай гісторыі.
«Звязда». № 38 — 25 лютага 1945 года
На фронце
Да поўнай перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі заставаліся два месяцы. Нашы войскі ўсё яшчэ змагаліся за выхад з-пад гітлераўскай няволі. У Чырвонай Арміі было толькі адно жаданне: як мага хутчэй дайсці да Берліна і ўзняць над ім сцяг Перамогі. «Поўная перамога над немцамі цяпер ужо блізка. Але перамога ніколі не прыходзіць сама, — яна здабываецца ў цяжкіх баях і ва ўпорнай працы. Асуджаны вораг кідае ў бой апошнія сілы, адчайна супраціўляецца, каб пазбегнуць суровай адплаты», — пісала газета ў гэты дзень, уздымаючы баявы дух народа.
Паводле аператыўнай зводкі ад Савецкага інфармбюро, змешчанай у нумары газеты, «на працягу 24 лютага на Земландскім паўвостраве, на паўночным захадзе ад Кенігсберга, нашы войскі адбівалі атакі пяхоты і танкаў праціўніка. Адначасова на паўднёвым захадзе ад Кенігсберга яны вялі баі па знішчэнню ўсходне-прускай групіроўкі праціўніка і авалодалі населенымі пунктамі Экер, Кукенен, Лангендорф, Квішзн, Пербандэн, Шэнеберг, Раубшах, Анцікен, Швілгарбен».
На поўдні і паўднёвым захадзе ад Данцыга ў выніку наступальных баёў авалодалі населенымі пунктамі Жэранжно, Максхаузен, Вельбрандово, Осово, Замосц, Клодня, Грос-Іекцнік, Мосін, Штайнборн, Штрэтцын. У горадзе Грудзяндз (Граудэнц) прадаўжаліся баі па знішчэнню акружанага гарнізона праціўніка.
У раёне Брэслау нашы войскі, прадаўжаючы баі па знішчэнню акружанай у горадзе групіроўкі праціўніка, авалодалі прыгарадам Ольташын і занялі 15 кварталаў у паўднёвай частцы горада. На паўночным беразе Дуная, на ўсходзе ад Каморно, яны адбівалі атакі буйных сіл пяхоты і танкаў праціўніка. На другіх участках фронту — пошукі разведчыкаў і ў радзе пунктаў баі мясцовага значэння».
За 23 лютага на ўсіх франтах, паводле звестак, было падбіта і знішчана 116 нямецкіх танкаў. У паветраных баях і агнём зенітнай артылерыі збіта 34 самалёты праціўніка. Чым бліжэй перамога, тым мацней павінны былі быць пільнасць і ўдары па ворагу.
У тыле
У толькі нядаўна вызваленай разбуранай Беларусі 25 лютага нашы людзі рыхтаваліся да самай мірнай справы — сяўбы. Немцы за тры гады зруйнавалі гаспадарку, спустошылі палі. Значна скарацілася пасяўная плошча, таму неабходна было прыкласці ўсе намаганні, каб дабіцца ў самы кароткі тэрмін павелічэння ўраджайнасці. Саўнаркам СССР і ЦК ВКП(б) у дакуменце, які друкаваўся ў № 38 нашай газеты, асабліва адзначалі патрыятычны ўздым калгаснікаў і іх дапамогу Чырвонай Арміі ў справе канчатковага разгрому нямецкіх захопнікаў.
«Немцы зруйнавалі нашу гаспадарку, спустошылі нашы палі. Мы павінны напоўніць глебу новымі жывіцельнымі сокамі, у тэрмін засеяць добраякасным насеннем, арганізаваць добры догляд пасеваў, каб дабіцца ў самы кароткі тэрмін павышэння ўраджайнасці да даваеннага ўзроўню».
Да пачатку веснавых работ, пісала «Звязда», якія ў многім вырашаюць поспех усяго сельскагаспадарчага года, засталося не так многа. «Для перамогі над ворагам патрэбна не толькі добрае ўзбраенне, але і прадавольства». На старонках газеты размясцілі матэрыял з парадамі, як вырошчваць бульбу парасткамі. Гэты метад важны таму, што за час «гаспадарання» нямецка-фашысцкіх акупантаў у Беларусі засталося вельмі мала чыста сартавой бульбы. «Перад намі стаіць задача на працягу 1-2 года ствараць чыстасартавой фонд насеннай бульбы, у асаблівасці ракаўстойлівых сартоў. Паспяхова вырашыць гэту задачу ў многім дапаможа метад пасадкі бульбы парасткамі».