Top.Mail.Ru

Летапіс Перамогі. «Звязда». № 39 — 27 лютага 1945 года

У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.


На фронце

З цяжкімі баямі нашы войскі прабіваліся наперад ужо па тэрыторыі Усходняй Прусіі. Вораг адступаў павольна, упарта супраціўляючыся. Для чытачоў «Звязды», якія спазналі ўвесь жах фашысцкай акупацыі, шматлікія назвы нямецкіх гарадоў, якія згадваліся ў зводцы Саўінфамбюро, напэўна, гучалі як песня.

«На працягу 26 лютага не Земландскім паўвостраве, на паўночным захадзе ад Кёнігсберга, войскі Чырвонай Арміі паспяхова адбівалі атакі пяхоты і танкаў праціўніка. На паўднёвым захадзе ад Кёнігсберга нашы войскі з боем занялі населеныя пункты Эрнстфельдэ, Дзюстэрвальдэ, Науседэн, Хайлігенхоф, Янітц. За 25 лютага ў раёнах на паўночным захадзе і паўднёвым захадзе ад Кёнігсберга падбіта і знішчана 69 нямецкіх танкаў і самаходных гармат. У раёне Брэслау прадаўжаліся баі па знішчэнню акружанай групіроўкі праціўніка, у ходзе якіх нашы войскі занялі 15 кварталаў. На другіх участках фронту — баі мясцовага значэння і пошукі разведчыкаў. За 25 лютага на ўсіх франтах падбіта і знішчана 125 нямецкіх танкаў. У паветраных баях і агнём зенітнай артылерыі збіт 31 самалёт праціўніка», — пісала наша газета ў гэты дзень.

У Брэслау нашы войскі вялі баі па ліквідацыі акружанай у горадзе групоўкі праціўніка. Фашысты перагарадзілі вуліцу барыкадамі і равамі, а многія дамы ператварылі ва ўмацаваныя вузлы абароны. Але Сталінграда з Брэслау не выйшла. Савецкія штурмавыя групы, настойліва прасоўваючыся наперад, ачышчалі ад немцаў адзін дом за другім. 

«Асабліва жорсткія баі адбыліся за плошчу Гіндэнбурга. Нашы пехацінцы, сапёры і артылерысты з трох бакоў атакавалі праціўніка, які ўмацаваўся на плошчы. Немцы былі заціснуты ў ціскі. У выніку ўпорнага бою плошча занята нашымі войскамі. Другія нашы часці авалодалі трамвайным паркам. На працягу дня знішчана звыш 1 тысячы салдат і афіцэраў праціўніка. Захоплена ў немцаў 6 танкаў і другія трафеі. Узята ў палон больш 300 немцаў», — паведамляла «Звязда» 27 лютага.

У тыле

У Вялікую Перамогу Чырвонай Арміі ўнёсак зрабілі не толькі франтавікі, але і калгаснае сялянства. «Калгаснікі і калгасніцы забяспечваюць рабочых і інтэлігенцыю прадавольствам, а прамысловасць — сыравінай, забяспечваюць нармальную работу заводаў і фабрык, якія вырабляюць узбраенне і снаражэнне для фронту».

Наша газета ў гэты дзень згадвала калгас «Новае жыццё», што размяшчаўся ў Столінскім сельсавеце. А дакладней — яго каваля Калачынскага, які па закліку Радзімы з надыходам Вялікай Айчыннай вайны пайшоў у Чырвоную Армію, а на яго месца ў праўленне арцелі прыйшоў зусім нявопытны сын Віль. Юнак папрасіў старшыню калгаса назначыць яго кавалём замест бацькі. Прысутныя глядзелі на хлопца са здзіўленнем. Маўляў, работа складаная, патрабуе пэўных навыкаў.

«Цэлы тыдзень рамантаваў малады каваль першы плуг. Нямала прыклаў працы, праліў поту. Прышлі калгаснікі, прышоў старшыня арцелі. Аглядалі гэты плуг і прызналі, што работа выканана добра. З кожным днём у яго руках усё спрытней і спрытней узвіваўся молат, на вінтах і шрубах накладваліся акуратныя нарэзы. З кожным днём каля кузні павялічвалася колькасць адрамантаваных плугоў, боран».

Вілем жа была адрамантавана сапсаваная некалі калгасная малатарня, якая стаяла без справы не адзін год. «Машына працавала выдатна. Так Віль Калачынскі асвоіў складаную спецыяльнасць каваля. Ён стаў на месца свайго бацькі і дапамагае калгасу хутчэй і лепш падрыхтавацца да веснавой сяўбы».

Можа, гэтыя радкі пачытае хтосьці з родзічаў Віля Калачынскага, героя публікацыі «Звязды» 80-гадовай даўнасці. Магчыма, вы і не ведалі гэтай старонкі ў яго біяграфіі...

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю