Як вядома, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў да 1 сакавіка паставіць на лінейку гатоўнасці ўсю глебаапрацоўчую тэхніку, якая будзе занятая вясной. І даручыў сваім памочнікам і прадстаўнікам ва ўсіх рэгіёнах самым строгім чынам пракантраляваць сітуацыю на месцах, што і было зроблена. Якая сітуацыя цяпер?
Апошнім часам надвор’е досыць хутка прырастае станоўчымі тэмпературамі. З кожным днём набліжаецца «гадзіна пік» — старт актыўных работ на палях. Цалкам верагодна, што масавая сяўба збожжавых пачнецца адразу пасля выхадных, а можа, і раней, адзначыў начальнік Галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Лешык. Усё залежыць ад таго, як хутка прагрэецца зямля.
Усяго запланавана апрацаваць 1,9 мільёна гектараў зямель, з якіх 1,5 мільёна зоймуць збожжавыя культуры, а больш за 400 тысяч гектараў — азімы рапс. У рамках яравой сяўбы аграрыям трэба пасеяць 600 гектараў ранніх яравых культур, 330 тысяч гектараў кукурузы на зерне і каля 900 тысяч гектараў гэтай культуры на кармавыя мэты.
На плошчы больш за 100 тысяч гектараў будзе праведзена сяўба цукровых буракоў. З гэтых палёў разлічваюць атрымаць каля пяці мільёнаў тон караняплодаў. На 50 тысячах гектараў будзе вырошчвацца лён-даўгунец, а таксама бульба і агародніна, каб забяспечыць патрэбнасці насельніцтва ў так званым наборы для баршчу. Гэта дасць магчымасць не толькі задаволіць унутраны попыт, але і стварыць патэнцыял для экспарту і атрымання валюты.
Асобныя сельскагаспадарчыя арганізацыі Брэсцкай вобласці пачынаюць сяўбу аднагадовых культур, а дзесьці — ранніх яравых, у першую чаргу аўса. Ва ўсіх рэгіёнах краіны арганізацыі ўжо прыступаюць да сяўбы шматгадовых траў.
Большасць насення — уласнай селекцыі
Усе неабходныя аб’ёмы насення для запланаванай пасяўной па збожжавых культурах ужо засыпаны і закладзены страхавы фонд. Сёлета падрыхтавана 27 тысяч тон насення кукурузы, што складае 71 % ад патрэб краіны. Імпарт насення гэтай культуры таксама склаў больш за сем тысяч тон, што гарантуе поўнае забеспячэнне насенным матэрыялам на запланаваных плошчах.
Цалкам падрыхтавана насенне лёну-даўгунцу, яно практычна на 100 % айчыннай селекцыі. А вось па цукровых бураках сітуацыя складаней. У гэты сезон ёсць толькі 5 % «салодкага» насення з беларускай прапіскай, астатняе даводзіцца завозіць. На сёння пацверджана наяўнасць 117,5 тысячы высяўных адзінак, што складае 91 % ад патрэбы. Пры гэтым, дзякуючы імпарту, забяспечанасць насеннем ужо дасягнула 96 %.
Тэхніка і паліва — у наяўнасці
Як адзначыў Мікалай Лешык, сёлета назіраецца станоўчая дынаміка ў тэмпах падрыхтоўкі тэхнікі. У цэлым па краіне тэхніка падрыхтавана на 95 %. Маецца больш чым 33 тысячы трактароў, звыш сямі тысяч з іх — энерганасычаныя. Іх гатоўнасць складае больш за 93 %. Завяршаюцца асобныя рамонты найбольш складаных механізмаў. «Па запэўненнях і пастаўшчыкоў запчастак, і нашых аграсэрвісаў рамонт тэхнікі, асабліва трактарнай, будзе завершаны ў найбліжэйшыя два-тры дні», — заўважыў Мікалай Лешык.
Па пасяўных глебаапрацоўчых агрэгатах гатоўнасць па краіне складае 93 %. Паводле слоў спецыяліста, гэтага больш чым дастаткова, каб у аптымальныя тэрміны правесці сяўбу ранніх збожжавых культур. Гатоўнасць машын для ўнясення мінеральных угнаенняў — больш за 95 %. Тэмпы назапашвання мінеральных угнаенняў вышэй за леташнія практычна на 25 %.
Пралічаны варыянты забеспячэння сельскагаспадарчых арганізацый палівам. Частка гаручага будзе запазычаная з матэрыяльнага рэзерву з прадастаўленнем растэрміноўкі. Гэта падтрымка дзяржавай сельскагаспадарчых арганізацый. Таксама выдзяляецца больш за 128 тысяч тон безакцызнага паліва, гэта значыць па больш нізкай цане.
Адказваючы на пытанне аб кадрах, Мікалай Лешык адзначыў, што ў гэты сезон дапамагаць вяскоўцам сеяць будуць і зусім маладыя работнікі. Хлопцы, якія дасягнулі сямнаццацігадовага ўзросту, атрымалі права на кіраванне самаходнымі машынамі сельскагаспадарчага прызначэння, а таксама колавымі трактарамі.
Сяргей КУРКАЧ
У тэму
За мінулы год забяспечана станоўчая дынаміка развіцця аграпрамысловага комплексу. У поўным аб’ёме выкананы патрэбнасці ўнутранага рынку і асноўныя параметры харчовай бяспекі краіны, павялічаны экспартныя пастаўкі харчавання, адзначыў на калегіі ведамства намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун.
Ураджайнасць годная, але можна лепш
У нашай краіне летась забяспечана прыбаўка ў вытворчасці збожжавых і зернебабовых культур у дапрацаванай вазе больш за 674 тысячы тон пры сярэдняй ураджайнасці 33,9 ц/га, што на 0,6 ц/га вышэй за 2023 год, рапсу — больш за 143 тысячы тон пры сярэдняй ураджайнасці 24,8 ц/га, што таксама больш на 1,7 ц/га да ўзроўню папярэдняга года. Разам з тым Уладзімір Гракун зрабіў упор на тое, што вынік мог быць яшчэ лепшым.
Фактычныя заданні па вытворчасці збожжа і рапсу летась выканалі Брэсцкая, Гродзенская і Мінская вобласці, цукровых буракоў — Віцебская і Гродзенская, ільновалакна — Брэсцкая, агародніны — Брэсцкая, Віцебская і Мінская, пладоў і ягад — Брэсцкая вобласць.
Уладзімір Гракун дадаў, што ўсе неабходныя рашэнні на ўзроўні кіраўніка дзяржавы і ўрада па фінансаванні сельгасвытворцаў прынятыя. Бюджэтныя крыніцы акумуляваныя ў мясцовых бюджэтах. Льготныя крэдыты даступныя пры належнай дысцыпліне іх вяртання. Для рэсурснага забеспячэння палявых работ сёлета павінны быць максімальна задзейнічаны ўласныя сродкі арганізацый.
Прапрацоўваюцца пытанні павелічэння рэсурснай базы льготнага крэдытавання на 400 мільёнаў рублёў і павелічэння бюджэтнага фінансавання на суму 200 мільёнаў рублёў для закупкі сельгасарганізацыямі гаруча-змазачных матэрыялаў.
Экспарт прырос мільярдам у валюце
Аб’ём валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі за 2024 год склаў 36,3 мільярда рублёў з ростам да 2023 года 103,4 % у супастаўных цэнах. Забяспечана станоўчая дынаміка росту вытворчасці асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі: малака — 105 %, вырошчвання жывёлы і птушкі — 102,5 %, збожжавых і зернебабовых — 108,8 %, рапсу — 116 %, цукровых буракоў — 102,2 %. Аб’ёмы вытворчасці ў перапрацоўчай прамысловасці па ўсіх асноўных таварных пазіцыях у натуральным выражэнні таксама павялічыліся.
Нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці дазволіла не толькі задаволіць патрэбы ўнутранага рынку, але і павялічыць экспарт харчовых тавараў і сельскагаспадарчай сыравіны на 14,4 %. Атрымана 8,5 мільярда долараў валютнай выручкі, што на 1 мільярд больш чым за 2023 год. Нягледзячы на санкцыйны ціск, пастаўкі харчавання вяліся ў 117 краін, уключаючы 19 дзяржаў — упершыню.
60 малочных комплексаў
У гэтым і наступным гадах запланавана фінансаванне будаўніцтва з дзяржаўнай падтрымкай, 60 малочнатаварных комплексаў у розных рэгіёнах краіны, адзначыў Уладзімір Гракун. У прыватнасці, ён заўважыў, што вынікі ў малочнай жывёлагадоўлі наўпрост звязаныя з удасканаленнем тэхналогіі вытворчасці малака за кошт мадэрнізацыі, рэканструкцыі і будаўніцтва малочнатаварных фермаў і комплексаў. Так, у мэтах выканання даручэння кіраўніка дзяржавы ў краіне ў 2023 годзе пачата маштабная работа па пераводзе дойнага статка на сучасныя ўмовы ўтрымання.
Летась са 101 аб’екта будаўніцтва або рэканструкцыі 64 — новыя будоўлі сучасных малочнатаварных комплексаў. Найбольшая іх колькасць размешчана ў Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцях. У гэтых жа рэгіёнах больш інтэнсіўна будуюцца і мадэрнізуюцца аб’екты спадарожнай інфраструктуры для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы і захоўвання кармоў.
У цэлым па краіне ўдзельная вага вытворчасці малака на малочнатаварных комплексах склала 77 % ад агульнага аб’ёму вытворчасці, а прадуктыўнасць дойнага статка сфарміравалася на ўзроўні 6739 кілаграмаў, што на 541 кілаграм вышэй за сярэдні паказчык па краіне. Лагічным у Мінсельгасхарчы лічаць і такі факт: у Брэсцкай вобласці, якая традыцыйна дэманструе адны з найлепшых паказчыкаў па надоях, 89 % кароў утрымліваецца на малочнатаварных комплексах з даільнымі заламі і робатамі.