Начальнік упраўлення спецыялізаванай медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Іна ВАЗНЯК падкрэслівае: барацьба з анкалагічнымі захворваннямі — наша агульнанацыянальная задача, якая аб’ядноўвае намаганні дзяржавы, медыцынскай, навуковай супольнасці, сродкаў масавай інфармацыі і саміх грамадзян.
— У краіне штогод рэгіструюцца дзясяткі тысяч новых выпадкаў анкалагічных захворванняў. Па даных на 2025 год, зарэгістравана больш за 61 тысячу новых выпадкаў анкалагічных захворванняў — гэта агульнасусветная тэндэнцыя росту.
Структура анкалагічных захворванняў адрозніваецца ў мужчын і жанчын, адзначыла спецыяліст.
— У мужчын на першым месцы рак прастаты, затым — рак лёгкага і каларэктальны рак, у жанчын — рак малочнай залозы, каларэктальны рак і рак шыйкі маткі.
Іна Вазняк назвала фактары, якія ўплываюць на развіццё злаякасных новаўтварэнняў:
— Курэнне, ужыванне алкаголю, маларухомы лад жыцця, нерацыянальнае харчаванне, атлусценне, залішняя маса цела, празмернае захапленне салярыямі — тое, што мы можам рэгуляваць і ад чаго адмовіцца.
Вельмі важна, на якой стадыі выяўляецца захворванне. Гэта вызначае якасць жыцця пацыента, наколькі эфектыўным будзе лячэнне, яго працягласць, кошт.
Стратэгічна важны прыярытэт — прафілактыка
Начальнік упраўлення спецыялізаванай медыцынскай дапамогі паведаміла статыстыку па выжывальнасці пацыентаў:
— З першай і другой стадыяй — больш за 87 % пацыентаў, з трэцяй — 48,4 %, чацвёртай — 13,5 %. Адсюль вынікае стратэгічна важны прыярытэт — прафілактыка.
Да яе можна аднесці некалькі мер: захаванне здаровага ладу жыцця, своечасовую дыягностыку, вакцынацыю.
Гаворачы аб вакцынацыі, Іна Вазняк прывяла прыклад, як паспяхова ў наш час ажыццяўляецца прафілактыка ўзнікнення асацыіраваных пухлін (новаўтварэнні, развіццё якіх цесна звязанае з пэўнымі біялагічнымі фактарамі — вірусамі, генетычнымі мутацыямі) пры дапамозе прышчэпак.
— Пачну з вакцынацыі супраць віруса папіломы чалавека. Рэспубліка Беларусь далучылася да міжнароднай стратэгіі — з 2025 года вакцына супраць віруса папіломы чалавека ўключана ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак. Мы вакцынуем дзяўчынак адзінаццаці гадоў, вакцына бясплатная. Вынік бачым даволі добры.
Першую дозу вакцыны атрымалі практычна 89 % дзяўчынак, з якіх цалкам завяршылі вакцынацыю ўжо 85 %. Гэта важны крок у прафілактыцы раку шыйкі маткі і іншых злаякасных пухлін. Такая мера дазваляе сфарміраваць абарону ад найбольш анкагенных тыпаў віруса папіломы чалавека задоўга да магчымага інфіцыравання. Гэта мае прынцыповае значэнне для прафілактыкі раку шыйкі маткі, а таксама шэрагу іншых анкалагічных захворванняў, звязаных з ВПЧ-інфекцыяй.
Не менш важным кірункам застаецца прафілактыка вірусных гепатытаў. Вакцына супраць гепатыту В таксама ўваходзіць у Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак. Імунізацыя пачынаецца практычна з моманту нараджэння дзіцяці і на працягу многіх гадоў пацвярджае сваю эфектыўнасць. Што датычыцца віруснага гепатыту С, існуюць сучасныя супрацьвірусныя прэпараты прамога дзеяння, якія дазваляюць дасягнуць поўнай элімінацыі віруса з арганізма чалавека.

Прарыў — вакцынацыя супраць ВПЧ
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Н. Н. Аляксандрава Сяргей КРАСНЫ ў працяг тэмы назваў вакцынацыю супраць віруса папіломы чалавека сапраўдным прарывам для Беларусі, паколькі доўгі час атрымаць яе не ўдавалася.
— Справа ў тым, што ўсе баяцца эпідэміі адру, слупняку, дыфтэрыі, хаця гэта адзінкавыя выпадкі па краіне. А вірусам папіломы чалавека інфіцыравана да 20 % насельніцтва, па некаторых узроставых групах — да 40 %. Гэта, па сутнасці, сапраўдная эпідэмія. З вірусам папіломы чалавека звязаны цэлы шэраг злаякасных пухлін — гэта не толькі агульнавядомы рак шыйкі маткі, але таксама рак поласці рота і глоткі, гартані, мачавога пузыра, анальнага канала. Гэта толькі тое, што абсалютна даказана.
Яшчэ адным узбуджальнікам злаякасных новаўтварэнняў Сяргей Красны назваў хелікабактар пілары — мікраарганізм, які з’яўляецца асноўнай прычынай раку страўніка.
— Вельмі неабходна выяўленне гэтага агента і лячэнне ад яго. З гэтым звязана значнае зніжэнне ў Беларусі ў апошнія гады захворвання на рак страўніка і рак стрававода: вялікая колькасць эндаскапічных даследаванняў, біяпсія на хелікабактар і наступнае эфектыўнае лячэнне даюць вынік.
Эфектыўныя скрынінгавыя праграмы
Станоўча на ўзроўні першаснай прафілактыкі зарэкамендавалі сябе скрынінгавыя праграмы.
— Іх у краіне распрацавана пяць: скрынінг раку шыйкі маткі, малочнай залозы, прастаты, каларэктальнага раку і раку лёгкага ў курыльшчыкаў, — пералічыў вучоны-анколаг. — У цяперашні час пілотныя праекты скончыліся, яны паказалі высокую эфектыўнасць. Гэтыя праграмы сёння ўключаны ў дыспансерызацыю. У 2025 годзе па іх было праведзена каля мільёна даследаванняў.
Гаворачы аб эфектыўнасці скрынінгаў, Сяргей Красны абазначыў: на тысячу даследаванняў — пяць выпадкаў выяўлення захворванняў.
— Здаецца, няшмат, але ў маштабах краіны атрымліваецца, што дадаткова было выяўлена пяць тысяч новых выпадкаў злаякасных новаўтварэнняў. У 2025 годзе першая і другая стадыі з іх склалі 87 % — вельмі добрыя лічбы.
А ў 2026 годзе папярэднія даныя за дзевяць месяцаў паказваюць выяўляльнасць першай і другой стадый ужо 91 %, а па раку шыйкі маткі — 99,9 %.
Па словах анколага, скрынінг накіраваны не толькі на ранняе выяўленне злаякасных пухлін. Дзве праграмы — па раку шыйкі маткі і каларэктальнаму раку — нацэленыя менавіта на прадухіленне развіцця раку: на выяўленне перадпухлінных захворванняў і іх своечасовае лячэнне. Пры раку шыйкі маткі гэта дысплазія, пры каларэктальным раку — выяўленне і выдаленне паліпаў. Чым раней выяўлена пухліна, тым лепшыя вынікі лячэння. У сувязі з гэтым варта адзначыць развіццё эндаскапічных тэхналогій: пры выяўленні на ранняй стадыі не трэба рабіць вялікія аперацыі, выкарыстоўваць хіміятэрапію — можна вылечыць з дапамогай эндаскапічных малаінвазіўных тэхналогій.
Трэцім узроўнем прафілактыкі сярод пацыентаў, якія ўжо атрымалі лячэнне, анколаг назваў прадухіленне развіцця рэцыдыву захворвання.
Курэнне правакуе рак
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ пульманалогіі і фізіятрыі Дзмітрый РУЗАНАЎ адзначыў, што існуе каля паўтара дзясятка лакалізацый раку, якія звязаны з курэннем, і гэта не толькі рак лёгкага.
— На другім месцы — пухліны галавы і шыі: поласці рота, гартані і глоткі. На трэцім месцы па частаце — рак стрававода, — удакладніў пульманолаг. — Трэба сказаць, што ў цыгарэце змяшчаецца каля двух дзясяткаў толькі вядомых канцэрагенаў, здольных выклікаць пухліны розных лакалізацый.
Ад курэння можа таксама ўзнікаць рак страўніка, падстраўнікавай залозы, мачавога пузыра і нырак, дадаў ён.
— Каля 30 % усіх смерцяў ад раку ў свеце звязана з тытунём. Таму, калі мы гаворым пра прафілактыку анкалогіі, адмова ад курэння — гэта не адзін з пунктаў, а першачарговая ўмова.
Гаворачы аб сімптомах на ранніх стадыях, Дзмітрый Рузанаў нагадаў, што пухліна не баліць:
— Напрыклад, лёгкія не маюць болевых рэцэптараў. Аднак адзін з важных сімптомаў, які характэрны якраз для большасці формаў раку лёгкага, — кашаль. Калі пацыент пакутуе ад кашлю больш за два-тры тыдні, і кашаль не мае тэндэнцыі да згасання, — гэта падстава звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Наступны вельмі грозны сімптом, які часцей адносіцца да позніх, — крывахарканне. Агульныя прыкметы, да якіх павінен абавязкова прыслухоўвацца пацыент, — страта вагі без якой-небудзь дыеты, слабасць, якая нарастае, начная патлівасць, пнеўманія, што паўтараецца на адным і тым жа месцы, пнеўманіі, якія доўга не канчаюцца або пасля сябе пакідаюць змяненні ў лёгкіх.
Дарэчы, заўтра Міжнародны дзень адмовы ад курэння. Чым не нагода, з улікам прыведзенай інфармацыі, пазбавіцца ад гэтай шкоднай звычкі?
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ