Top.Mail.Ru

Летні турыстычны сезон у Мінску

23 мая ў Мінску стартуюць мерапрыемствы ў рамках летняга турыстычнага сезона. Сёлета арганізатары пашырылі геаграфію праекта: асноўныя пляцоўкі будуць працаваць не толькі на тэрыторыі Верхняга Горада, але і каля Палаца спорту, у гісторыка-культурным комплексе «Лошыцкі» і іншых кропках сталіцы.



Праграма абяцае быць насычанай і разлічанай на розныя густы — ад класічнай музыкі і джазавых вечароў да маладзёжных квізаў і караоке. Завяршыцца сезон у верасні.

Што падрыхтавалі арганізатары

«У гэтым годзе мерапрыемствы будуць праходзіць не толькі на тэрыторыі Верхняга Горада, як у папярэднія гады, — мы пашырылі маштаб нашага праекта, — расказала начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Кацярына Лучына. — Сярод галоўных лакацый — улюбёныя для мінчан і гасцей сталіцы пляцоўкі Верхняга Горада, дзе пройдуць „Класіка ля Ратушы“. Сёлета вяртаем праект „Джазавыя вечары“ каля Ратушы. Таксама будзе працаваць бібліятэка пад адкрытым небам, дзіцячая пляцоўка і зона караоке, дзе жыхары змогуць паспрабаваць сілы ў выканальніцкім мастацтве».

Новыя праекты і традыцыйныя пляцоўкі

Асаблівую ўвагу спікер звярнула на гісторыка-культурны комплекс «Лошыцкі» (вул. Чыжэўскіх). Па пятніцах там будуць праходзіць тэатральныя вечары. У суботу арганізатары запусцілі новы гарадскі праект «Формула поспеху», у якім змогуць прыняць удзел студэнты ўсіх вышэйшых навучальных устаноў, каб прадэманстраваць свае таленты.

«Напэўна, пляцоўка, якую чакаюць усе, — гэта пляцоўка каля Палаца спорту. Стартуе з 30 мая. Гэта будзе месца прыцягнення моладзі і не толькі. Чакаем усіх жыхароў і гасцей нашай сталіцы», — падкрэсліла Кацярына Лучына.

Расклад каля Палаца спорту:

Па пятніцах — вечаровыя кінапаказы каля амфітэатра, а таксама інтэлектуальныя і музычныя квізы.

Па суботах — канцэрты з удзелам радыёстанцый сталіцы. Першым выступіць радыё «Мінск», і да канца верасня кожную суботу свае праграмы прадэманструюць розныя радыёканалы.

Па нядзелях — больш спакойны фармат, магчымыя спартыўныя мерапрыемствы.

Як стаць удзельнікам?

У Мінску вярнулі праект «Пешаходка». Арганізатары запрашаюць жыхароў, якія жадаюць паказаць свае таленты, прыняць удзел.

«Палажэнне ёсць на сайце Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Там жа пазначаны электронны адрас, куды можна даслаць заяўку. Мы яе разгледзім і выдадзім афіцыйны дазвол, на якіх пляцоўках удзельнікі змогуць выступіць. Асноўнай пляцоўкай для „Пешаходкі“ будзе раён Палаца спорту», — удакладніла Лучына.

Адкрыццё сезона — 23 мая

Першым буйным мерапрыемствам стане Мінскі гарадскі фестываль майстроў народнай творчасці, які пройдзе каля Палаца спорту. Рамеснікі прадставяць сваё майстэрства ва ўсіх напрамках.

Поўная праграма мерапрыемстваў з 23 мая па верасень апублікавана на сайце Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Запрашаем усіх жыхароў і гасцей сталіцы на яркае і цікавае лета ў Мінску!

Надзея ЗУЕВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю