Каля 404 тысяч дзяцей летам 2026-га аздаравіліся ў дзіцячых лагерах нашай краіны. З іх 168 400 чалавек спынілі свой выбар на знаходжанні ў лагеры кругласутачна, 235 400 дзяцей — толькі ў дзённыя гадзіны. Пра гэта паведаміў намеснік дырэктара-начальнік аддзела дзяржаўных закупак, метадычнай і ідэалагічнай работы Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксандр ЦАЙ падчас прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы.
У прыярытэце — захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей
Па словах спікера, мінулая летняя аздараўленчая кампанія таксама вызначылася адсутнасцю надзвычайных сітуацый і здарэнняў.
— Усе ведамствы, у тым ліку і работнікі лагераў сапраўды праявілі высокую адказнасць за бяспеку дзяцей, за якасную арганізацыю мерапрыемстваў, іх занятасць, — падкрэсліў Аляксандр Цай. — У прыярытэце, вядома, — захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей. Гэта асноўная мэта нашай дзяржаўнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі. На рэалізацыю мерапрыемстваў, падрыхтоўку і правядзенне дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі дзяржавай штогод вылучаюцца значныя аб’ёмы фінансавых сродкаў. Сёлета гэтая лічба склала 84 мільёны рублёў, што на 11 мільёнаў рублёў больш, чым летась. З іх 82 мільёны 300 тысяч рублёў былі накіраваныя на патанненне кошту пуцёвак у дзіцячыя выхаваўча-аздараўленчыя, спартыўна-аздараўленчыя лагеры, 900 тысяч рублёў — на набыццё бясплатных пуцёвак для льготных катэгорый дзяцей і 700 тысяч рублёў — на аказанне дапамогі ў падрыхтоўцы выхаваўча-аздараўленчых, спартыўна-аздараўленчых лагераў да работы ў летні перыяд.
Асноўны акцэнт сёлета быў зроблены на загараднае аздараўленне. Яшчэ да пачатку дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі перад уласнікамі лагераў, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі была пастаўлена задача павысіць якасць паслуг лагераў, бяспеку дзяцей. Больш за 32 мільёны рублёў было ўкладзена ва ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы.
— Мы бачым пастаяннае павелічэнне аб’ёму фінансавання з мясцовых бюджэтаў, — адзначыў Аляксандр Цай. — Абласныя, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт уклалі больш за 12 мільёнаў рублёў.
Як і раней, асаблівая ўвага і падтрымка надавалася такім катэгорыям дзетак, як дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці з інваліднасцю.
— Што датычыцца дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, было аздароўлена 12 100 дзяцей і 7 000 дзетак з інваліднасцю, — адзначыў спікер.
Дзеці з інваліднасцю накіроўваліся ў месцы, дзе ёсць даступнае асяроддзе, і, як правіла, адпачывалі на арандаванай базе санаторна-курортных аздараўленчых арганізацый, — там, дзе можна аказаць ім яшчэ і медыцынскую дапамогу.
— Са знакавага — праводзіліся групавыя заезды, — расказаў Аляксандр Цай. — У Мінску была арганізаваная група дзяцей з 120 чалавек з кардыялагічнымі захворваннямі і з цукровым дыябетам, якая адпачыла на базе санаторыя «Сонейка».
Таксама павялічылася колькасць дзяцей, якія адпачылі ў лагерах ваенна-патрыятычнага профілю, што арганізоўваліся на базах воінскіх часцей, — каля 22 тысяч чалавек.
Павышаная ўвага надавалася і арганізацыі лагераў працы і адпачынку. Многія дзеці выказалі жаданне падзарабіць грошы, асвоіць новую прафесію — каля 16 тысяч чалавек.
У перыяд адпачынку асноўныя акцэнты, на якія звярталі ўвагу работнікі лагераў, — грамадзянска-патрыятычнае і ідэалагічнае выхаванне дзяцей. Праводзіліся такія акцыі, як «Крок да поспеху», дзе дзеці знаёміліся з лідарамі дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, тытулаванымі спартсменамі. Яны таксама ездзілі на экскурсіі па месцах баявой славы, наведвалі буйныя прамысловыя прадпрыемствы, хадзілі ў кінатэатры. Усе былі занятыя па інтарэсах.
Колькасць злачынстваў, учыненых падлеткамі, знізілася
Старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Беларусі Раман БАРДЗЕЕЎ расказаў, што за лета падлеткамі ў краіне было здзейснена больш за 200 злачынстваў, што на 13 % менш, чым за аналагічны перыяд 2025 года.
— У сваёй большасці падлеткі здзяйснялі маёмасныя злачынствы, такія як крадзяжы, згоны аўтамабіляў і матацыклаў, махлярства і вымагальніцтва з выкарыстаннем Інтэрнэту, а таксама хуліганства і незаконны абарот наркотыкаў, — пералічыў Раман Бардзееў.
У перыяд канікул па-ранейшаму фіксаваліся правапарушэнні. Напрыклад, за гэты час было зафіксавана больш за тысячу фактаў знаходжання падлеткаў да 16 гадоў на вуліцы без суправаджэння дарослых пасля 23:00, 172 падлетка купаліся ў забароненых месцах, што ў 2,5 разы больш, чым у мінулым годзе, прычым пры апытанні станавілася зразумела, што яны выдатна ведалі пра забарону.
Распаўсюджанымі праблемамі заставаліся пераход дарогі на чырвонае святло або ў неўстаноўленых месцах, раптоўны выхад на праезную частку, гульні паблізу яе, а таксама не ўсе юныя ўладальнікі веласіпедаў спешваліся пры пераходзе. Актуальнай праблемай заставалася выкарыстанне смартфонаў і навушнікаў на хаду.
— Што датычыцца дарожна-транспартнага траўматызму, за тры летнія месяцы бягучага года ў параўнанні з летам 2025 года зменшылася колькасць дарожных здарэнняў з удзелам непаўналетніх, а таксама колькасці параненых дзяцей у ДТЗ, — заўважыў спікер. — Пры гэтым восем непаўналетніх, якія атрымалі ў ДТЗ смяротныя траўмы, з’яўляліся пасажырамі транспартных сродкаў. Гэта на чатыры больш, чым летась. З мая па верасень зафіксаваны рост колькасці параненых непаўналетніх вадзіцеляў. Варта адзначыць, што расце папулярнасць на лёгкія матацыклы. Правы катэгорыі А1 з 16 гадоў атрымалі ўжо больш за 3,5 тысячы падлеткаў.
Таксама адной з прычын траўміравання падлеткаў з’яўлялася захапленне зачэпінгам. Фіксаваліся і небяспечныя гульні на чыгунцы, закінутых даўгабудах і безгаспадарных будынках. А колькасць траўмаў, атрыманых дзецьмі ў летніх лагерах, знізілася ў параўнанні з мінулым годам. Відавочна, што калі для дзяцей арганізаваць адпачынак з розумам, у іх проста не застанецца часу на ўдзел у глупствах, за якія потым прыйдзецца адказваць бацькам.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ