Беларускія і расійскія вучоныя будуць супрацоўнічаць у сферы рабатызацыі ферм і працэсаў у садаводстве. Пра гэта паведаміў падчас выязнога прэс-тура генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук (НПЦ НАН) Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі Дзмітрый Комлач.
Мікраклімат і буякі
Карысны вопыт быў атрыманы падчас рэалізацыі папярэдніх праграм Саюзнай дзяржавы. «Цяпер выбраны дзве праграмы — «Лічбавая ферма» і «Лічбавае садоўніцтва», — расказаў Дзмітрый Комлач. У сферы жывёлагадоўлі гаворка ідзе аб аўтаматызацыі догляду сельскагаспадарчых жывёл. Работа па некаторых праектах ужо вядзецца. Плануецца распрацаваць і асвоіць у вытворчасці наменклатуру тэхнікі, абсталявання, якія змогуць выконваць неабходныя дзеянні без удзелу чалавека, у тым ліку па раздачы кармоў і прыборцы памяшканняў. «Мы займаемся цяпер распрацоўкай сістэм рэгулявання мікраклімату. Сёлета яны ўжо праходзяць выпрабаванні», — паведаміў Дзмітрый Комлач.
Тым, хто займаецца садоўніцтвам, навукоўцы плануюць прапанаваць рабатызаваныя прылады для апрацоўкі раслін сродкамі аховы, збору ўраджаю. Як адзначыў Дзмітрый Комлач, праграма «Лічбавае садоўніцтва» з беларускага боку прайшла ўзгадненне, з расійскага — знаходзіцца на завяршальным этапе. Праграма «Лічбавая ферма» праходзіць праверку, каб не было дублявання заданняў, якія ўключаюцца ў яе. Узаемадзеянне наладжана з навукоўцамі з розных рэгіёнаў Расіі. Бакі абменьваюцца вопытам і ідэямі.
Напрыклад, ёсць ідэя стварыць разумную машыну па далікатнай зборцы на палях акультураных буякоў і іншай ягаднай прадукцыі.
Робаты на ферме
Значны ўклад у лічбавізацыю сельскай гаспадаркі ўнесла лабараторыя механізацыі працэсаў вытворчасці малака і ялавічыны НПЦ па механізацыі НАН Беларусі. Яе гонарам з’яўляецца праграмна-апаратны комплекс сістэмы ідэнтыфікацыі і кантролю фізіялагічнага стану жывёл для аўтаматычнага збору звестак, аналізу атрыманых даных і выдачы рэкамендацый. Гэты «фітнес-бранзалет» для каровы дазваляе ў рэжыме рэальнага часу кантраляваць неабходныя працэсы на ферме. Датчык паказвае каля 28 параметраў. Ён дазваляе з ашыйніка каровы здымаць і перадаваць на камп’ютар фермы значна больш інфармацыі ў параўнанні з замежнымі аналагамі.
Як паведаміў загадчык лабараторыі механізацыі працэсаў вытворчасці малака і ялавічыны Яўген Жыліч, па кожнай жывёле паступаюць даныя аб выніках кантрольных надояў, лактацый, ацёлаў, хвароб і многае іншае. Пры параўнальных выпрабаваннях айчынны комплекс паказаў перавагі перад замежнымі аналагамі. Пры гэтым датчыкі на працягу двух тыдняў самі падладжваюцца пад кожную жывёлу.
Ужо выкарыстоўваецца каля 30 тысяч такіх апаратаў у нашай краіне і ў Расіі. Экспартны патэнцыял прыбора велізарны. Цяпер на 93 фермах краіны дзейнічае такая сістэма. Там не трэба візуальна сачыць за жывёламі, бо сістэма выдасць дыяграму любога магчымага захворвання і нават рэкамендацыі па персанальным лячэнні. А каштуе такі патрэбны бранзалет для каровы ўсяго толькі 200 рублёў.
Таксама ў лабараторыі нам паказалі прататып айчыннага робата, які заменіць аператара машыннага даення. У спецыялістаў ён называецца сістэмай пазіцыянавання даільнай рабатызаванай устаноўкі. Ужо цяпер яна амаль цалкам складаецца з айчынных вузлоў і матэрыялаў, а кіруецца мясцовым праграмным забеспячэннем. Праз некалькі месяцаў будзе канчаткова сабрана даільная рабатызаваная сістэма, якая будзе абслугоўваць цэлыя статкі кароў.
Дырэктар Эксперыментальнага завода пры цэнтры Аляксандр Блізнюк расказаў аб апошніх распрацоўках вучоных для АПК, інавацыйных праектах, праблеме імпартазамяшчэння і супрацоўніцтве з Расійскай Федэрацыяй. Сёння больш за 50 % сельгастэхнікі і абсталявання, якія выпускаюцца прадпрыемствамі Міністэрства прамысловасці і Мінсельгасхарча, распрацавана ў цэнтры або пры яго ўдзеле. Гэта пазітыўны факт, лічыць дырэктар завода.