Top.Mail.Ru

Лічбавы беларускі рубель плануецца задзейнічаць ужо налета

Першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр ЯГОРАЎ расказаў пра перавагі і рызыкі анлайн-гандлю для айчынных вытворцаў падчас канферэнцыі «E-Com Day. 2025».


Не сакрэт, што анлайн-гандаль істотна ўплывае на эканамічнае развіццё краіны. «Першы фактар, які спрыяе росту айчыннай эканомікі, — гэта зніжэнне транзакцыйных выдаткаў. Раней, каб атрымаць спажыўцу тавар, трэба было выдаткаваць вялікую колькасць часу. Цяпер час праходжання ад вытворцы да кліента істотна зніжаецца. Гэта прыводзіць да росту тавараабароту і росту ВУП. Другі важны фактар — выключэнне асіметрычнасці інфармацыі. Раней кліент мог прыходзіць у краму побач з домам, і толькі там ён мог набыць тавар. Цяпер у спажыўца шырокі выбар тавараў ад розных вытворцаў, калі пакупнік самастойна вызначае мінімальную цану тавару непасрэдна для сябе. Гэта вельмі важна для спажыўца і эканомікі краіны ў цэлым, — адзначыў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка.

Ён звярнуў увагу, што разам з тым існуюць рызыкі, да якіх прыводзіць анлайн-гандаль.

— Узнікае рызыка, што па гэтых каналах гандлю ў краіну пранікае досыць вялікі паток імпартных тавараў, што можа негатыўна ўплываць на гандлёвы абарот унутры краіны. Тут на ўзроўні ўрада трэба прымаць комплекс мер, якія б мінімізіравалі гэтыя негатыўныя наступствы.

Аляксандр Ягораў патлумачыў, што ў першую чаргу гэта напаўненне з боку вытворцаў анлайн-платформ беларускімі таварамі.

— Неабходна распрацаваць спецыяльныя таварныя лініі, якія былі б падмацаваныя пэўнымі фінансавымі інструментамі на тавары айчыннай вытворчасці для таго, каб іх было выгадна купляць, — выказаў меркаванне ён. — Акрамя таго, анлайн-гандаль спрыяе спрашчэнню ланцужкоў паставак — ад беларускіх вытворцаў наўпрост да спажыўца. Цяпер мы назіраем, што ёсць па-ранейшаму вытворцы, якія не напрамую прадаюць свой тавар, а праз пасрэднікаў. І анлайн-платформы як бы дазваляюць гэтых пасрэднікаў прыбраць. Самае важнае, задача нашых прадпрыемстваў — выкарыстоўваць гэтыя транснацыянальныя анлайн-платформы для прасоўвання нашай прадукцыі і для максімізацыі даходнасці экспарту.

Што датычыцца будучага анлайн-гандлю ў Беларусі, паводле ацэнак Нацбанка, ён будзе адыгрываць лідзіруючую ролю.

— Задача нашых вытворцаў — гэта ўлічваць, што калі раней у кліента быў абмежаваны выбар і ён купляў тавары ў двух-трох крамах паблізу, то цяпер у спажыўца існуе максімальна шырокі выбар. І вытворцу трэба змагацца за спажыўца і забяспечыць яго найбольш якасным, найлепшым таварам. А задача астатніх інстытутаў, напрыклад банкаўскай сістэмы, — даць інструменты (крэдытныя лініі на спецыяльных умовах і іншыя фінансавыя прадукты), якія б спрыялі падтрымцы менавіта беларускіх тавараў пры продажах — як на экспарт, так і ўнутры краіны.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта «Звязды», прадстаўнік Нацбанка адзначыў, што Беларусь — экспартна арыентаваная краіна, таму мы павінны прапанаваць канкурэнтаздольны тавар для выхаду на знешнія рынкі.

— Задача, якая была пастаўлена перад намі кіраўніком дзяржавы, — выходзіць на знешнія рынкі і перамагаць там у адкрытай канкурэнтнай барацьбе. 

З моцнымі пазіцыямі на знешніх рынках мы будзем упэўненыя ў тым, што не аддадзім каму-небудзь свой унутраны рынак, — падкрэсліў Аляксандр Ягораў.

Асобна ён выказаўся аб дзейнасці замежных маркетплэйсаў на рынку Беларусі.

— На мой погляд, задача ў тым, каб тыя платформы, што прыходзяць на беларускі рынак, працавалі па нашых правілах, якія існуюць у Беларусі, каб гэтыя структуры функцыянавалі праз беларускіх рэзідэнтаў. У гэтым выпадку яны будуць выплачваць тут падаткі, плаціць заработную плату людзям і будаваць лагістычныя цэнтры. А гэта, па сутнасці, з’яўляецца прамымі інвестыцыямі ў нашу эканоміку. Акрамя таго, праца электронных платформ павінна быць накіравана ў абодва бакі, гэта значыць, не толькі сюды павінен прыходзіць імпартны тавар, але і адсюль ісці тавар на экспарт. Калі гэта ўсё выконваецца, то істотнай рызыкі ад гэтых платформ для нас не будзе. Гэта такія ж драйверы росту для нас, як і іншыя пляцоўкі, — выказаў упэўненасць першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка.

Паводле яго слоў, тэма анлайн-гандлю будзе вызначаць развіццё і сусветнай эканомікі, і эканомікі Беларусі ў найбліжэйшыя пяць—дзесяць гадоў.

— Гэта датычыцца таго, што дзеянні чалавека пераводзяцца ў лічбавыя каналы, — адзначыў ён.

Па словах Аляксандра Ягорава, анлайн-гандаль ідзе рука аб руку з анлайн-плацяжамі. Так, калі раней пры звычайным гандлі выкарыстоўваўся, умоўна, аднаканальны спосаб аплаты, то-бок або наяўным, або карткай, то цяпер, на яго думку, трэба пераходзіць да мультыканальнага ўзаемадзеяння ў гэтым плане.

— У прынцыпе для гэтых і іншых мэт мы плануем з 2026 года (але актыўна — з 2027 года) задзейнічаць такі інструмент, як лічбавы беларускі рубель. Ён дазволіць, па-першае, адсочваць плацяжы, па-другое, гарантаваць, што калі чалавек купляе тавар, то плацеж будзе праходзіць тады, калі гэты тавар будзе дастаўлены, — патлумачыў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка.

Сяргей КУРКАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю