Top.Mail.Ru
179

Лічбавыя платформы і інвестыцыі: што дапаможа ў развіцці турызму ў Беларусі

Якія перспектывы развіцця турызму ў Беларусі, расказаў старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Раман Бродаў, перадае БелТА.



На думку Рамана Бродава, пытанні турызму адносяцца да адных з самых складаных задач. «У эканоміцы, як правіла, ёсць праблема і шлях вырашэння, які фарміруецца на стыку неабходнасці і мэтазгоднасці. У турызме ўсё значна складаней. Перш за ўсё турызм прадугледжвае ўзаемадзеянне з канчатковым спажыўцом у высока канкурэнтнай сферы, — растлумачыў ён. — Адпаведна патрабаванні да нацыянальных аператараў, унутраных умоў прад’яўляюцца адразу сусветнага ўзроўню — максімальныя. Таму няма часу на разварушванне, на спробы пратэставаць новыя формы аказання паслуг».

Раман Бродаў звярнуў увагу на яшчэ адзін нюанс — пошук міжгаліновых рашэнняў. «Мы сутыкаемся з цэлым ланцужком розных кірункаў. Гэта пытанні транспарту, гасцінічнага і рэстараннага бізнесу, культуры і гісторыі. І ўсе гэтыя сферы неабходна нанізаць на адну турыстычна-ідэалагічную нітку з тым, каб зацікавіць турыста па максімуме і канвертаваць эмоцыі ў рэальны даход», — расказаў ён.

Адной з самых важных задач ён назваў прыцягненне прыватных інвестыцый у сферу. І тут стаўка робіцца на нацыянальных інвестараў, якія не ставяць перад сабой мэту толькі атрымаць прыбытак, а з’яўляюцца носьбітамі культуры і традыцый, адраджаюць гістарычныя месцы.

«Па сутнасці, ускосны эфект — развіццё краіны, яе гісторыі, самабытнасці. Таму дзяржава ў рамках адпаведных дзяржаўных праграм прадугледзела значныя рэсурсы на комплекс работ па прывядзенні турыстычнай інфраструктуры ў адпаведнасць. У тым ліку банкі прапануюць вельмі зручныя і даступныя крэдытныя праграмы з сур’ёзным аб’ёмам фінансавання, каб прадпрымальнікі, якія маюць ініцыятыву, атрымлівалі добрую фінансавую падтрымку», — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі.


Таксама цяпер у рэспубліцы трэба засяродзіцца на стварэнні адзінай лічбавай платформы для аказання турпаслуг. «Неабходна, каб усе аб’екты, якія з’яўляюцца пунктамі прыцягнення турыстаў, былі ўзаемаўвязаныя, каб турыст мог лёгка дабрацца ад аднаго аб’екта да іншага і яму не даводзілася думаць, як пракласці маршрут, купіць білет», — сказаў Раман Бродаў. Каб усё «меню магчымасцяў» было ў зручным і даступным фармаце, важная скаардынаваная работа рэгіёнаў і розных ведамстваў.

Гаворачы аб міжнародным супрацоўніцтве на прасторы СНД, Раман Бродаў адзначыў, што бачыць шмат пунктаў судакранання інтарэсаў. У першую чаргу гэта агульнае гістарычнае мінулае. «Каб граматна, прыгожа, якасна і пераканаўча ўсё паднесці, краіны павінны выпрацоўваць сумесныя праграмы, маршруты, магчыма, нават сумесна субсідзіруючы нейкія праекты», — дадаў Раман Бродаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю