«Мы пераходзім на прынцыпова новы этап»
Галоўнай падзеяй другога дня афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Карэйскую Народна-Дэмакратычную Рэспубліку сталі перагаворы беларускага лідара са Старшынёй Дзяржаўных спраў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Кім Чэн Ынам. 26 сакавіка 2026 года па праве стаў гістарычным у беларуска-паўночнакарэйскім узаемадзеянні яшчэ і таму, што Аляксандр Лукашэнка і Кім Чэн Ын падпісалі Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай. Акрамя таго, бакі заключылі каля дзясятка пагадненняў і мемарандумаў па супрацоўніцтве ў канкрэтных сферах, уключаючы адукацыю, ахову здароўя, сельскую гаспадарку, культуру, фізкультуру і спорт, інфармацыйную сферу, узаемадзеянне па лініі БелГПП і МЗС. Такім чынам, закладзены прававы падмурак далейшага цеснага сяброўства і паспяховага партнёрства дзвюх краін.

«Узаемадзеянне паміж намі цяпер значна актывізавалася»
Падчас перагавораў са сваім паўночнакарэйскім калегам кіраўнік беларускай дзяржавы перш за ўсё падзякаваў лідару КНДР за запрашэнне наведаць гэту краіну з візітам і за гасцінны прыём, асабліва адзначыўшы, што гэта першы яго візіт у КНДР. Звярнуў увагу Прэзідэнт і на пэўнае гістарычнае падабенства Мінска і Пхеньяна, якія былі моцна разбураны, практычна сцёрты з зямлі ў выніку ваенных дзеянняў, а потым была праведзена маштабная работа па аднаўленні гэтых гарадоў.
«Я вам па-сяброўску магу сказаць, як чалавек, які ўбачыў ужо ўсё ў гэтым свеце: вашу краіну чакае вялікая будучыня з гэтым працавітым, дысцыплінаваным народам, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — І другое, што я ўбачыў: вы ўмееце рабіць усё, і вы гэта робіце так, як ніхто іншы». Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтыя словы сказаны ім не проста ў знак павагі, яны адлюстроўваюць рэчаіснасць.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, беларускі і карэйскі народы збліжаюць агульныя інтарэсы — патрыятызм, захаванне гістарычнай памяці і глыбокая павага да старэйшага пакалення.
«Дружалюбныя адносіны нашых дзяржаў, якія зарадзіліся яшчэ ў часы Савецкага Саюза, ніколі не перапыняліся, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Сёння ў выніку ўсебаковага паступальнага развіцця мы пераходзім на прынцыпова новы этап. З вялікім спазненнем, але тым не менш пераходзім на новы этап. Так, мы сапраўды не мелі цеснага супрацоўніцтва, у асноўным па нашай віне. Але я вельмі рады адзначыць, што ўзаемадзеянне паміж намі цяпер значна актывізавалася».
У прыватнасці, адноўлена работа міжурадавай камісіі пад кіраўніцтвам намеснікаў кіраўнікоў урадаў дзвюх краін, плённа супрацоўнічаюць знешнепалітычныя ведамствы. У час перагавораў зроблены яшчэ адзін важны крок у нарошчванні двухбаковай дагаворна-прававой базы — падпісаны Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве.
Гаворачы аб важнасці гэтага дакумента, Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на яго фундаментальны характар. Паколькі там дакладна і адкрыта выкладзены мэты, прынцыпы двухбаковага ўзаемадзеяння, вызначаны інстытуцыянальныя рамкі будучых узаемавыгадных працэсаў.

«Новы міждзяржаўны дагавор будзе прававым фундаментам, які ў далейшым гарантуе стабільнае развіццё двухбаковых адносін», — ахарактарызаваў дакумент Кім Чэн Ын.
«У сучасных рэаліях глабальнай трансфармацыі, калі ўладнымі людзьмі адкрыта ігнаруюцца і парушаюцца нормы міжнароднага права, незалежным краінам неабходна ўзаемадзейнічаць больш цесна, кансалідаваць намаганні, накіраваныя на абарону свайго суверэнітэту і паляпшэнне дабрабыту нашых грамадзян», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Па яго словах, Беларусь, як і КНДР, выступае за шматпалярны свет, заснаваны на ўзаемнай павазе прынцыпаў роўнасці дзяржаў, неўмяшання ва ўнутраныя справы і ўліку інтарэсаў адзін аднаго.
«Я, як і Вы, прыхільнік таго, каб мы развівалі нашы адносіны, не азіраючыся на іншыя краіны, якія, вядома, будуць не ў захапленні ад нашых адносін, бо яны — канкурэнты», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы, звяртаючыся да Кім Чэн Ына.
«Нашы эканомікі ўзаемадапаўняльныя, мы патрэбны адзін аднаму, і ў гэтым напрамку давайце рухацца, — прапанаваў беларускі лідар. — Мы зробім высновы з мінулага, са сваіх памылак. І зробім усё для таго, каб адносіны паміж КНДР і Беларуссю былі ўзорнымі».

«КНДР выказвае салідарнасць і поўную падтрымку ў адрас Беларусі»
Старшыня Дзяржаўных спраў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Кім Чэн Ын, у сваю чаргу, цёпла вітаў Аляксандра Лукашэнку, заўважыўшы, што гэты візіт і перагаворы кіраўнікоў дзвюх краін праходзяць упершыню, але ў цэлым адносіны Беларусі і КНДР маюць даўнія традыцыі і гісторыю.
Лідар КНДР адзначыў, што абедзве краіны імкнуцца да пабудовы шматпалярнага свету, заснаванага на прынцыпах самастойнасці і справядлівасці, а таксама прытрымліваюцца падобнай пазіцыі па многіх пытаннях міжнароднага парадку дня. «Думаю, што гэта служыць перадумовай магчымасці далейшага пашырэння і развіцця двухбаковых адносін у адпаведнасці з узаемнымі інтарэсамі дзвюх краін», — сказаў ён.
Кім Чэн Ын падкрэсліў, што КНДР выказвае салідарнасць і поўную падтрымку ў адрас Беларусі, якая імкнецца праводзіць адпаведную сваёй рэальнасці самастойную палітыку, дасягнуць міру і развіцця, прадаўжаючы пры гэтым развіццё адносін з традыцыйна дружалюбнымі краінамі. «Мы выступаем супраць неправамернага націску на Беларусь з боку Захаду і выказваем падтрымку і разуменне мерам кіраўніцтва Беларусі, накіраваным на сацыяльна-палітычную стабільнасць, эканамічнае развіццё», — акцэнтаваў увагу паўночнакарэйскі лідар.
Асаблівую ўвагу ён звярнуў на тое, як урад і народ Беларусі «дасягаюць вартых увагі поспехаў у справе абароны суверэнных правоў і інтарэсаў, у сферы бяспекі, а таксама ў стабільным развіцці эканомікі».
Кім Чэн Ын падкрэсліў зацікаўленасць КНДР у далейшым развіцці і нарошчванні супрацоўніцтва з Беларуссю, у тым ліку ў кантэксце прынятага нядаўна ў краіне перспектыўнага плана сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступныя пяць гадоў, у якім перад дыпламатычнай службай ставілася задача далей развіваць адносіны з незалежнымі, самастойнымі дзяржавамі, уключаючы Беларусь.
«Нашы краіны вельмі падобныя»
У час афіцыйнага візіту ў КНДР Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абмяняўся падарункамі са Старшынёй Дзяржаўных спраў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Кім Чэн Ынам.
Лідар КНДР перадаў кіраўніку беларускай дзяржавы ў падарунак шаблю і вялікую вазу, дэкарыраваную ў традыцыйнай для гэтай краіны стылістыцы з выкарыстаннем мноства разнавіднасцяў ракавінак, а таксама сувенірную залатую манету, вырабленую з нагоды візіту Прэзідэнта Беларусі ў КНДР.

Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў Кім Чэн Ыну падарункі ад беларускага боку. Традыцыйна гэта былі айчынныя прадукты харчавання, у тым ліку шакалад «Прэзідэнт», беларускі зефір і чорны хлеб. Асаблівым падарункам для лідара КНДР стаў аўтамат VSK.
«Стралковая зброя заўсёды патрэбна будзе для салдата», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што ў Беларусі арганізавана вытворчасць уласнай стралковай зброі і боепрыпасаў.
Кім Чэн Ына зацікавіў гэты падарунак. Лідар КНДР выказаў словы падзякі, уважліва вывучыў аўтамат, удакладніў яго характарыстыкі і нават паспрабаваў перазарадзіць. «Усё правільна! Зброяй валодае Кім Чэн Ын», — заўважыў на гэты конт Прэзідэнт Беларусі.
«На ўсялякі выпадак, калі ворагі з’явяцца», — дадаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы таксама падарыў карэйскаму лідару слуцкі пояс, растлумачыўшы, што гэта беларуская святыня. Такія доўгія шырокія паясы з прыгожым малюнкам і складаным пляценнем з каштоўных нітак былі распаўсюджаны на беларускіх землях некалькі стагоддзяў таму і сведчылі аб высакародным паходжанні іх уладальнікаў. Пазней унікальная вытворчасць была адроджана па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі. Вытанчаны ювелірны букет васількоў перададзены ў падарунак жонцы Кім Чэн Ына, а мастацкая шкатулка — яго дачцэ.

Кіраўнік беларускай дзяржавы прыняў удзел у афіцыйным прыёме ад імя лідара КНДР. «Нашы краіны вельмі падобныя. Падобныя нашымі народамі — працавітымі, якія вельмі трапятліва ставяцца да сваёй справы», — сказаў Прэзідэнт, узняўшы тост за народы Беларусі і КНДР.
Аляксандр Лукашэнка разам з Кім Чэн Ынам наведаў прымеркаваны да візіту ўрачысты канцэрт, на якім карэйскія артысты выканалі як нацыянальныя творы, так і вядомыя беларускія песні. Старшыня Дзяржаўных спраў КНДР асабіста правёў Прэзідэнта Беларусі ў аэрапорце.
Лідары краін цёпла развіталіся. На цырымоніі ў аэрапорце разам з членамі дэлегацый прысутнічалі некалькі соцень чалавек і аркестр.
Паводле прэс-службы Прэзідэнта Беларусі
Даслоўна
«Нам трэба выбудоўваць дакладныя эканамічныя адносіны»
Намеснік Прэм’ер-міністра Юрый ШУЛЕЙКА, які ў складзе беларускай дэлегацыі прысутнічаў на перагаворах лідараў дзвюх краін, у размове з журналістамі адзначыў, што Беларусь збіраецца выбудоўваць дакладныя эканамічныя адносіны з КНДР на ўзаемавыгаднай аснове.
Паводле яго слоў, эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і КНДР паступова развіваецца, у тым ліку пры актыўным садзейнічанні пасольства гэтай краіны ў Мінску. У аснове ўзаемнага гандлю — пастаўкі харчовай прадукцыі з Беларусі (уключаючы сухое малако і мясную прадукцыю), а таксама фармацэўтычнай і сельскагаспадарчай. Акрамя таго, у КНДР працуюць айчынныя БелАЗы. «Гэта першыя крокі ў тых кірунках, якія мы ў далейшым будзем прасоўваць у бліжэйшы час», — сказаў віцэ-прэм’ер.
Юрый Шулейка патлумачыў, што пакуль бакі не ставяць перад сабой мэту па дасягненні пэўных канкрэтных лічбаў тавараабароту, бо ёсць шэраг аб’ектыўных і суб’ектыўных цяжкасцяў для нарошчвання ўзаемадзеяння. Гэта, напрыклад, геаграфічная аддаленасць адно ад аднаго, санкцыйныя абмежаванні.
«Прэзідэнт сказаў: „Працуйце“. Гэта будуць лічбы, якія мы ў спакойным рэчышчы будзем абмяркоўваць з нашымі партнёрамі, — адзначыў віцэ-прэм’ер. — Нам трэба выбудоўваць дакладныя эканамічныя адносіны, каб быць узаемавыгаднымі адно аднаму».
Беларусь і КНДР абмяркоўваюць рэалізацыю сумесных узаемавыгадных праектаў у сферы прамысловасці
Аб гэтым журналістам у Пхеньяне расказаў міністр прамысловасці Беларусі Андрэй КУЗНЯЦОЎ.
«Мы павінны працаваць адкрыта, займацца двухбаковымі выгаднымі ўзаемаадносінамі, — канстатаваў кіраўнік ведамства. — Мы абмяркоўвалі ўжо пытанні па механізацыі сельскай гаспадаркі, інтэграцыі нашых прамысловых прадпрыемстваў. І за гэтыя рабочыя дні намецілі сабе планы. Мы чакаем у госці нашых карэйскіх партнёраў для таго, каб мы маглі паказаць, у чым мы цікавыя адно аднаму».
Міністр прамысловасці выказаў упэўненасць у тым, што ў выніку такое супрацоўніцтва надасць імпульс развіццю абедзвюх краін.
Андрэй Кузняцоў адзначыў, што ў КНДР ёсць і ўласныя кампетэнцыі па шэрагу кірункаў у прамысловасці. Сярод іх, напрыклад, трактарная вытворчасць. «Вырашылі аб’яднаць нашы намаганні, — заявіў кіраўнік Мінпрама. — Будзем адно аднаму карысныя ў гэтым кірунку. Кампетэнцыі ёсць, і гэтыя адносіны трэба развіваць. Не толькі ў трактарабудаванні. У цэлым у машынабудаванні».
Андрэй Кузняцоў прывёў прыклад, што перспектыўнай у гэтым плане бачыцца сумесная работа адносна сельскагаспадарчай тэхнікі або мадэрнізацыі трамваяў.
«Сфера аховы здароўя з’яўляецца актуальнай і цікавай для кожнага з бакоў»
Міністр аховы здароўя Беларусі Аляксандр ХАДЖАЕЎ адзначыў цікавасць да развіцця супрацоўніцтва з КНДР у сферы аховы здароўя. Па яго словах, кіраўнік КНДР на перагаворах абазначыў сферу аховы здароўя як адну з тых, якой вельмі цікавіцца і ў якой гатовы да глыбокага супрацоўніцтва.
«Мы разглядаем аспекты ўзаемадзеяння ў такіх сферах, як лячэбны працэс, санэпіддабрабыт, — канкрэтызаваў міністр. — Мы гатовы прадставіць усе формы ўзаемадзеяння па лекавым забеспячэнні, што з’яўляецца таксама актуальным у святле таго, што раней ужо былі пункты ўзаемадзеяння, але яны могуць быць значна большыя і глыбейшыя. Таму сфера аховы здароўя з’яўляецца актуальнай і цікавай для кожнага з бакоў».
Паводле БелТА