У Санкт-Пецярбургу стартуюць традыцыйныя міжнародныя спаборніцтвы па скачках на батуце «Кубак Дабравольскага» з удзелам беларускіх атлетаў, паведаміла БелТА.
На турніры выступяць больш за 350 батутыстаў з шасці краін — Расіі, Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Кітая і Казахстана. Нашу жаночую каманду прадставяць прызёр Алімпійскіх гульняў Віялета Бардзілоўская, чэмпіёнкі свету і Еўропы Яна Лебедзева і Кацярына Яршова, а таксама Злата Мініахметава і Лэйла Аліева. У хлопцаў заяўлены Мікіта Белавусаў, Ігар Мініахметаў, Бажэн Сілін, Елізар Гуцаў, Данііл Кірушкін і шматразовы чэмпіён свету Андрэй Буйлоў.
Удзельнікі вызначаць мацнейшых у чатырох узроставых катэгорыях: да 12, да 14, да 16 і старэйшых за 16 гадоў. У першы дзень турніру 26 мая адбудуцца кваліфікацыі ў сінхронных скачках, у сераду пройдуць адборачныя спаборніцтвы ў індывідуальных скачках. Медалі ва ўсіх групах будуць разыграны 28 мая.
Кубак Дабравольскага праводзіцца з 1973 года ў гонар лётчыка-касманаўта Георгія Дабравольскага, які быў першым кіраўніком Федэрацыі скачкоў на батуце Савецкага Саюза і ўнёс значны ўклад у папулярызацыю і развіццё гэтага віду спорту.