Дом Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея супрацоўнічае з рознымі ўстановамі культуры Беларусі. У тым ліку з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы. Музейшчыкаў злучыла адна важная ў гісторыі беларускай літаратуры падзея — прыезд у Ліду народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ў сакавіку 1940 года. Роўна 85 гадоў назад. Між іншым, горад рыхтуецца да Дня беларускага пісьменства!
Было гэта 13, 14, 15 сакавіка. Гэтымі днямі Янка Купала пабываў у горадзе Лідзе ў якасці кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Лідскай Слабадской акрузе № 306. Сакавіцкія даваенныя дні былі вельмі насычаныя. Тыя аб’екты, дзе адбываліся выступленні, на жаль, не захаваліся. Засталіся толькі ўспаміны. Сустрэць Івана Дамінікавіча Луцэвіча было даручана Валянціну Таўлаю і іншым маладым паэтам, якія пражывалі ў Лідзе і на Лідчыне (Ніна Тарас, Якуб Міско, Пятрусь Граніт, Анатоль Іверс, Іосіф Альбірт). Адна з сустрэч прайшла і ў гарадской бібліятэцы, якая размяшчалася каля Лідскага замка. Тады на яе паліцах былі кнігі на яўрэйскай, польскай мовах. Янка Купала дастаў з партфеля сваю кнігу «Над ракою Арэсай» і падарыў бібліятэкарам. Яна стала першым беларускамоўным выданнем на той час. Пазней гэтую ж кнігу атрымаў і Валянцін Таўлай з дароўным надпісам ад аўтара. Так склалася, што ваенныя падзеі не пашкадавалі ні гарадскую бібліятэку, ні асабістую, якая была ў Валянціна Таўлая. І вось праз 85 гадоў у Дом Валянціна Таўлая, што па вуліцы Замкавая, 7, кніга вярнулася як страчаная спадчына. З вялікай радасцю яе перадалі на часовае захоўванне калегі з Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Гэта тая ж зялёная кніжачка, якую ўспамінаў Валянцін Таўлай і якая таксама ляжала на паліцах у яго пакоі! Выданне арыгінальнае за 1937 год, выйшла накладам 5000 экзэмпляраў. Але ж гэта не адзінае, што перадаў музей Янкі Купалы. Усіх кніг з паэмай «Над ракою Арэсай» экспануецца пяць: 1933, 1934, 1936, 1937, 1940 гг. Акрамя іх — партрэты, фотаздымкі народнага паэта, а таксама альбом да паэмы «Над ракою Арэсай» з ілюстрацыямі чытачоў Лідскай гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы Н. Рашэтнікавай і Н. Мосіна.
На ўрачыстае адкрыццё выстаўкі «Ад Арэсы да Лідзейкі» прыйшлі прыхільнікі спадчыны Янкі Купалы. Сярод гасцей — навуковы супрацоўнік аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы Ганна Ісакава. Яна падзякавала за супрацоўніцтва, за сумесны праект, які яшчэ больш зблізіць два літаратурныя музеі ў знакавы для Ліды год, калі горад стане пляцоўкай святкавання Дня беларускага пісьменства. В. Таўлай у свае апошнія гады працаваў навуковым супрацоўнікам і намеснікам дырэктара літаратурнага музея Янкі Купалы. У той час ён змог сабраць значны матэрыял пра свайго старэйшага таварыша, у тым ліку падрыхтаваў знакамітую купалаўскую паэму «Гарыслава».
Бібліёграф Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Галіна Курбыка прадэманстравала альбом «Беларускі народны арнамент» з аўтографам жонкі Янкі Купалы Уладзіславы Францаўны Луцэвіч ад 29 чэрвеня 1956 года. Гэтая рэліквія і цяпер радуе чытачоў Лідскай бібліятэкі. Разам з тым прысутныя і госці змаглі пачуць голас Песняра праз аўдыязапіс — верш «Трэба нам песень». Неабходна адзначыць, што ў чэрвені споўніцца і 100 гадоў, як Янку Купалу было нададзена званне народнага паэта Беларусі. Сышліся даты і падзеі ў Лідзе!
Да гэтага часу нібы чуецца голас з такімі радкамі:
Дзесь там, з-пад нябесся,
нам дзякуе дзеяч:
«Удзячны Вам, Ліда!
Ваш І. Д. Луцэвіч...»
Выстаўка будзе працаваць да канца верасня 2025 года.
Алесь ХІТРУН
Фота даслана аўтарам