У Вялікім каньёне Нічжухэ ў горадзе Сюаньвэй, што ў правінцыі Юньнань (Паўднёва-Заходні Кітай), увялі ў эксплуатацыю другі ліфт, пабудаваны на скале. Яго вертыкальная вышыня складае 288 метраў, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Разам з першым 268-метровым скальным ліфтам, адкрытым у 2022 годзе, і канатнай дарогай ён стаў для мясцовых дзяцей сапраўдным «нябесным школьным аўтобусам», скараціўшы небяспечны шлях да школы з больш чым трох гадзін да 30 хвілін.
Вёска Нічжухэ размешчана на дне глыбокага каньёна, а перапад вышынь паміж ёй і школай на вяршыні скалы перавышае 500 метраў. Раней дзецям даводзілася дабірацца на заняткі пешшу па вузкіх, крутых і слізкіх горных сцежках. На працягу некалькіх пакаленняў складаны рэльеф сур’ёзна ўскладняў перамяшчэнне мясцовых жыхароў.
У 2017 годзе ў Сюаньвеі пачалася рэалізацыя турыстычнага праекта, і тут пабудавалі першы скальны ліфт, якім жыхары вёскі і школьнікі могуць карыстацца бясплатна.
Па меры росту турыстычнага патоку прапускной здольнасці аднаго ліфта стала не хапаць. Пасля ўводу ў эксплуатацыю другога ліфта абодва аб’екты пачалі працаваць сумесна, што дало магчымасць значна павялічыць агульную прапускную здольнасць. Акрамя таго, для школьнікаў прадугледзелі спецыяльныя гадзіны, каб дзеці маглі бяспечна і бесперашкодна дабірацца на заняткі і вяртацца дадому.
Скальныя ліфты не толькі зрабілі аддаленую горную вёску больш даступнай, але і адкрылі новыя магчымасці для мясцовых жыхароў: ім стала прасцей дабірацца да месцаў працы і вывозіць сельскагаспадарчую прадукцыю на продаж. Паляпшэнне транспартнай даступнасці таксама садзейнічала развіццю турызму і культурнай сферы ў гэтым раёне.
Мікалай ЛІТВІНАЎ