Перад пачаткам вучэбна-трэніровачнага збору ў Мінску настаўнік беларусаў Віктар Ганчарэнка адзначыў, што ў маючых адбыцца матчах з футбалістамі Сан-Марына і Албаніі камандзе не зможа дапамагчы нападаючы казахстанскага «Табола» Віталь Лісаковіч, які атрымаў траўму. Замест яго выкліканы форвард дацкага «Колдынга» Уладзіслаў Марозаў. Акрамя яго да гульняў рыхтуюцца:
-
варатары — Павел Паўлючэнка («МЛ Віцебск»), Фёдар Лапавухаў (ЦСКА, Сафія, Балгарыя), Андрэй Кудравец («Дынама», Мінск);
-
абаронцы — Кірыл Пячэнін («Крылы Саветаў», Самара, Расія), Захар Волкаў, Кірыл Гоманаў (абодва — «МЛ Віцебск»), Глеб Шаўчэнка («Тарпеда», Масква, Расія), Раман Бегуноў, Уладзіслаў Калінін (абодва — «Дынама», Мінск), Іван Ціхаміраў («Іслач», Мінскі раён), Антон Лукашоў («Арэнбург», Расія);
-
паўабаронцы — Макс Эбонг (ЦСКА, Сафія, Балгарыя), Валерый Грамыка, Валерый Бачароў, Арцём Канцавой (усе — «МЛ Віцебск»), Аляксандр Сялява («Дынама», Мінск), Арцём Шуманскі («Акрон», Тальяці, Расія), Антон Кавалёў («Факел», Варонеж, Расія), Кірыл Зіновіч («Дынама», Махачкала, Расія), Аляксандр Свірэпа («Іслач», Мінскі раён);
-
нападаючыя — Герман Баркоўскі («Палонія», Варшава, Польшча), Трафім Мельнічэнка («Порту», Партугалія), Карэн Варданян («Дынама», Мінск), Цімафей Сіманенка («Гомель»).
Учора каманда правяла трэніроўку на палях АБФФ у Вяснянцы, а 10 лістапада адправіцца ў Серавале, дзе 12 лістапада сустрэнецца са зборнай Сан-Марына. У першым крузе беларусы ўпэўнена перайгралі каманду Сан-Марына з сухім лікам 4:0. Сваю заключную сустрэчу гэтага сезона беларускія футбалісты правядуць 15 лістапада ў Будапешце з лідарам групы С1 камандай Албаніі. У першым крузе ў Тыране албанцы былі мацнейшыя — 2:0. Акрамя таго, зборная Беларусі двойчы згуляла з фінамі: у Хельсінкі сапернікі пераможцу не выявілі — 0:0, а ў намінальна дамашнім паядынку ў венгерскай сталіцы наша каманда выйграла з мінімальнай перавагай — 1:0. Турнірнае становішча пасля чатырох гульнявых дзён: Албанія — 9 ачкоў, Беларусь — 7, Фінляндыя — 7, Сан-Марына — 0.
Групавыя этапы ва ўсіх дывізіёнах Лігі нацый завершацца 17 лістапада. Вясной 2027 года барацьбу за ўзнагароды прадоўжаць каманды, якія зоймуць 1-2 месцы ў чатырох квартэтах лігі A. Чвэрцьфіналы адбудуцца ў сакавіку, потым чатыры лепшыя зборныя выйдуць у фінальную стадыю, якая пройдзе ў чэрвені.
Пераможцы лігі B выйдуць у лігу A, чатыры лепшыя каманды лігі C пяройдуць у лігу B. Акрамя таго, у сувязі са змяненнем фармату турніру ўсе каманды лігі D атрымаюць пропускі ў лігу C. Пачынаючы з сезона-2028/29 удзельнікі Лігі нацый УЕФА будуць падзелены на тры лігі. У кожным з трох дывізіёнаў A, B, C будзе сфарміравана па тры групы з шасці каманд.
Трыумфатарам Лігі нацый двойчы станавілася зборная Партугаліі (2019, 2025), па разе яе выйгравалі футбалісты Францыі (2021) і Іспаніі (2023).