У рэжыме надзвычайнай сітуацыі.
Ліквідацыя наступстваў урагану ў Магілёўскай вобласці працягваецца. У абласным цэнтры і раёнах, якія пацярпелі ад шквалістага ветру, працуюць камісіі па надзвычайных сітуацыях. У выхадныя дні работы не спыняліся. Аварыйныя брыгады аднаўлялі лініі электраперадачы, ліквідавалі завалы, наводзілі парадак. У суботу ў Магілёве прайшоў агульнагарадскі суботнік, у якім прынялі ўдзел прадпрыемствы, арганізацыі, моладзь, гараджане. Абстаноўка з самага пачатку знаходзіцца на кантролі ў Прэзідэнта.
Самы складаны ўчастак
Стыхія прывяла да адключэння электрычнасці ў больш за 1,3 тысячы населеных пунктаў Магілёўшчыны, разбурыла больш за 500 апор ліній электраперадачы. Над аднаўленнем сістэмы энергазабеспячэння працавала больш за 300 аварыйных брыгад, у іх складзе звыш 1,4 тысячы чалавек. У рэгіёны, якія найбольш пацярпелі, у дапамогу аператыўна накіроўваліся брыгады з іншых абласцей. Было задзейнічана больш як 430 адзінак тэхнікі і 12 дызель-генератарных установак.
У адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы, сістэма электразабеспячэння ў Магілёўскай вобласці адноўлена. Адзінае прадпрыемства, дзе засталіся праблемы з электрычнасцю — «Магілёўхімвалакно».
Па словах міністра энергетыкі Дзяніса МАРОЗА, гэта самы цяжкі ўчастак. Як ён паведаміў БелТА, пашкоджаны тэхналагічны токаправод, з-за чаго вельмі цяжка наладзіць паўнавартасную работу вытворчасці. Узнаўленне зойме досыць значны прамежак часу, таму што ўчастак, дзе адбылася аварыя, вельмі насычаны іншымі тэхналагічнымі камунікацыямі. «Намі распрацаваны план вырашэння праблемы. Поўнае аднаўленне электразабеспячэння „Магілёўхімвалакна“ зойме не менш за тыдзень», — адзначыў Дзяніс Мароз.
Міністр таксама ўдакладніў, што ўключана лінія 110 кВ, якая злучае Магілёўскую ЦЭЦ з энергасістэмай, адноўлены рэжым сілкавання дапаможных прыстасаванняў, ажыццяўляецца пуск асноўнага генератарнага абсталявання станцыі.
На ўборку талакой
На раніцу панядзелка Магілёў выглядаў ужо больш бадзёра. З абочын вуліц зніклі завалы з дрэў, адноўлены дарожныя знакі, рэкламныя шчыты, агароджы. У агульнагарадскім суботніку прынялі ўдзел каля 20 тысяч чалавек. На ўборку вуліц і двароў выйшлі прадстаўнікі абл- і гарвыканкама, калектывы прадпрыемстваў і ўстаноў, жыхары горада. Камунальнікі адзначалі, што такога разгулу стыхіі за апошнюю чвэрць стагоддзя не назіралася. І без дапамогі збоку было б складана хутка ліквідаваць наступствы.

У Магілёўскім раёне ў выхадныя дні парадак наводзіў мясцовы «Жылкамгас». Аднаўленне дахаў спатрэбілася 22 жылым дамам.
У рэжыме нон-стоп з ночы на 10 ліпеня працуе ратавальная служба. Супрацоўнікі МНС былі задзейнічаныя на самых цяжкіх участках, дапамагалі аднаўляць дзейнасць сацыяльных аб’ектаў. Прадстаўнікі Магілёўскага абласнога ўпраўлення ратавальнага ведамства шчыравалі на тэрыторыі дзіцячых садкоў № 101 і № 104 у Магілёве. Яны займаліся распілоўкай драўніны, выкарчоўваннем пнёў, прыбіралі абломкі небяспечных канструкцый.
Работнікі Магілёўскага лясгаса, «Магілёўэнерга» аднаўлялі работу інфраструктуры на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера «Каласок». Да іх далучыліся работнікі ўстаноў адукацыі, культуры і спорту Магілёўскага раёна. Некаторыя з іх працавалі цэлымі сем’ямі. На дапамогу прыйшлі таксама курсанты Магілёўскага інстытута МУС.Працоўныя калектывы, валанцёрскія брыгады з ліку навучэнцаў расчышчалі ад завалаў і воінскія пахаванні, аднаўлялі паваленыя ветрам агароджы. Не засталіся без увагі найбольш уразлівыя групы насельніцтва. Да інвалідаў, людзей сталага веку прыйшлі работнікі раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, валанцёры «сярэбранага ўзросту», навучэнцы школ.
Лясныя страты
- Па апошніх даных, ад шквалістага ветру 9-10 ліпеня ў Магілёўскай вобласці пацярпела 2057 гектараў зялёных насаджэнняў. З іх санітарнай суцэльнай вырубцы падлягае 1925 гектараў лесу. Найгоршая сітуацыя ў Магілёўскім лясгасе, дзе пацярпела сем лясніцтваў з дзесяці. На 12 ліпеня тут было выяўлена 1300 гектараў загінулых насаджэнняў. На другім месцы — Быхаўскі лясгас, дзе пашкоджаныя тэрыторыі складаюць 240 гектараў. За два дні непагоды ў Чавускім лясгасе страчана 80 гектараў лесу. У ноч на 10 ліпеня 300 гектараў лесу было знішчана яшчэ і ў Клімавіцкім раёне. Стыхія таксама закранула насаджэнні Горацкага лясгаса і Мсціслаўскага лясніцтва.
- На ліквідацыю наступстваў прыцягнуты больш за 450 чалавек і 60 адзінак тэхнікі, у тым ліку ў Магілёве — 102 вальшчыкі і 30 адзінак тэхнікі.

Памеры шкоды, якую нанесла стыхія, устанаўліваюцца.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Магілёўскага райвыканкама
У тэму
Пацярпелыя ад стыхіі могуць разлічваць на матэрыяльную падтрымку дзяржавы
У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны патлумачылі, хто можа атрымаць аднаразовую дапамогу, куды звяртацца і якія дакументы для гэтага спатрэбяцца.
Грамадзяне, чыя маёмасць пацярпела ад стыхіі, могуць звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнай абароны насельніцтва па месцы жыхарства па адрасную дапамогу ў выглядзе аднаразовай выплаты. Яе памер можа дасягаць 10 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. Пры гэтым ёсць адзін важны нюанс: права на аднаразовую дапамогу ў ТЦСАН маюць грамадзяне, чый сярэдні даход на аднаго члена сям’і за месяц не перавышае 693,87 рубля.
Каб атрымаць дапамогу:
Патэлефануйце ці звярніцеся асабіста ў ТЦСАН. Супрацоўнікі цэнтра выслухаюць вашу сітуацыю і дадуць адрасную кансультацыю менавіта пад ваш выпадак, а таксама дапамогуць пралічыць даход вашай сям’і — гэта ключавы момант для вызначэння права на аднаразовую дапамогу ў ТЦСАН. Яны ж растлумачаць, якія дакументы канкрэтна вам спатрэбяцца, і раскажуць аб працэдуры падачы заявы.
Наступны крок — трэба напісаць заяву ў ТЦСАН або службе «Адно акно». Дапамога аказваецца ў тэрмін ад 5 дзён да 1 месяца.
У сваю чаргу, інваліды і пенсіянеры, што не працуюць, якія пацярпелі ад непагадзі, могуць таксама звярнуцца па аказанне матэрыяльнай дапамогі са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.
Алена КРАВЕЦ