Месяц гісторыка-культурнага турызму, які быў аб’яўлены ў червені, прайшоў паспяхова. Аб гэтым карэспадэнту «Звязды» паведаміў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў.
«Месяц для актывізацыі гісторыка-культурнага турызму быў абраны невыпадкова, — заўважыў Дзмітрый Марозаў. — Як вядома, у пачатку чэрвеня праходзіць традыцыйная акцыя „Вандруй. Адчуй. Натхняйся“. Яна дазваляе пазнаёміцца з найбольш яскравымі аб’ектамі. Па сутнасці, гэта адметны пачатак месяца, калі тураб’екты прадставілі свае прапановы для турыстаў у спецыяльных фарматах. Гэта і бясплатныя экскурсіі, і зніжкі для наведвання. Атрымалася вельмі цікава. Сёлета быў пастаўлены рэкорд па наведвальніках падчас акцыі, а таксама па колькасці яе ўдзельнікаў — зарэгістравалася каля 1,4 тысячы. Гэта добры інструмент, які дазваляе пазнаёміць турыстаў з тым, што ў нас ёсць».
Як заўважыў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме, штогод цікавыя новыя аб’екты становяцца хітамі продажаў сярод падарожнікаў. Зразумела ёсць лідары па наведвальнасці, калі людзі ўпершыню прыязджаюць у Беларусь, — гэта комплексы ў Міры, Нясвіжы. Брэсцкая крэпасць таксама адзін з папулярных аб’ектаў.
Сфарміраваліся шэраг цікавых турыстычных кластараў, якія традыцыйна прыцягваюць шмат наведвальнікаў. «Зараз абнаўляецца турыстычная карта Беларусі. Сёлета яна выйдзе, папярэдняя выдавалася яшчэ да пандэміі, — адзначыў Дзмітрый Марозаў. — На Нацыянальным турыстычным партале belarus. travel ёсць даволі зручны маршрутызатар па ўсіх відах аб’ектаў. Калі вы пракладаеце маршрут, то атрымліваеце рэкамендацыі наконт таго, што паглядзець побач».
Як вядома, у Беларусі кожны месяц замацаваны за пэўным відам турызму. Як лічыць Дзмітрый Марозаў, такая практыка добра сябе зарэкамендавала. Ужо з канца красавіка ў нашай краіне пачынаецца ўязны турыстычны бум, пры гэтым паток гасцей стабільна павялічваецца.
У падзейны каляндар Беларусі, які фарміруе Нацыянальнае агенцтва па турызме, на гэтае лета ўвайшло 250 мерапрыемстваў. Як стала вядома, ліпень аб’яўлены месяцам актыўнага турызму.
Мікалай ЛІТВІНАЎ