Top.Mail.Ru

Ліпічанскай пушчы ўдалося злучылць змест патрыятычны і экалагічны

У рэспубліканскім заказніку можна даведацца аб гераічным ваенным мінулым гэтых мясцін, пабываць у партызанскай зямлянцы, адкрыць для сябе дзівосны свет прыроды і атрымаць асалоду ад маляўнічага ландшафту. Дырэктар заказніка Андрэй Варабей гатовы правесці па спецыяльным пешым маршруце і расказаць аб самых знакавых мясцінах Ліпічанскай пушчы.


Наша экскурсія пачынаецца ў самым сэрцы заказніка, дзе ўстаноўлены інфармацыйныя карты і шыльды. Побач аўтамабільная стаянка, на якую прыбываюць як турыстычныя аўтобусы, так і асобныя турысты. Адзін з папулярных маршрутаў — пешы, які працягнуўся на два кіламетры. Ён вельмі змястоўны і налічвае больш за два дзясяткі розных лакацый. За год тут прымаюць да паўтары тысячы турыстаў, большасць з якіх — жыхары сталіцы. «На гэтых двух кіламетрах усё пераплялося, — заўважае дырэктар, — гісторыя, экалогія, патрыятызм». І папярэджвае, што экскурсія разлічана на тры гадзіны.

— Зараз мы падыходзім да аднаго са знакавых аб’ектаў, які знаходзіцца проста ў лясной зоне. Такіх аб’ектаў у Беларусі нямала, яны сведчаць аб жудаснай трагедыі. Вось і гэты прысвечаны ўсім мастаўчанам, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, партызанскім руху ці былі вывезены падчас акупацыі. На помніку больш за 2680 прозвішчаў, — расказвае Андрэй Міхайлавіч. — Трагедыя гэтага месца ў тым, што менавіта ўсе вёскі, якія знаходзіліся ўздоўж ракі Шчары, былі спаленыя падчас карнай аперацыі «Гамбург» у 1942 годзе. За адзін дзень за сувязь з партызанамі было знішчана шэсць вёсак з жыхарамі. Выжылі адзінкі.

Крыху далей, на ўзвышшы, стаіць помнік «сямёрцы смелых». Так назвалі мясцовыя жыхары абаронцаў, якія пры наступленні немцаў замацаваліся на гэтай вышыні. Адсюль яны білі па ворагу і трымаліся да той пары, пакуль акупанты не выклікалі авіяцыю. Імён іх ніхто не ведае, але памяць аб іх подзвігу жыве.

Далей шлях ляжыць да партызанскай зямлянкі. Яе ўсталявалі, як і помнік, 40 гадоў таму. У адным пакоі — ваенныя атрыбуты, карты, зброя, снарады. Многае знаходзілі тут, у пушчы. Гэта быў партызанскі край. Другі пакой дэманструе быт, тут ёсць нават сапраўдны ваенны гармонік партызана, які на ім іграў. Яго перадалі сюды родныя музыканта-партызана.

Падчас экскурсіі можна даведацца аб гістарычным аспекце гэтых мясцін. Напрыклад, аб тым, што падчас раскопак па берагах рэк Шчары і Нёмана знаходзілі стаянкі старажытных людзей. У ХІХ стагоддзі ў гэтай мясцовасці тагачасны ўладар князь Чацвярцінскі разгарнуў вытворчую дзейнасць — гарбарную і шкляную. Яшчэ можна ўбачыць нават рэшткі дзягцярнага промыслу.

Даволі цікавы раздзел маршруту — экалагічны. Дырэктар пушчы звяртае ўвагу на інфармацыйныя стэнды з рэдкімі раслінамі і жывёламі. Згодна з імі, тут жывуць такія чырванакніжныя віды жывёл і птушак, як барсук, соня арэшнікавая, малы падорлік, белая чапля, вялікі крахаль, вераб’іны сыч. З раслін — лілея кудраватая, любка зялёнакветкавая, баранец звычайны, жывучка пірамідальная. Побач растуць чорная і белая бярозы, дарэчы, са сваім паданнем. Незвычайнай лакацыяй можна назваць вялікае дрэва з дзясяткамі розных гнёздаў і шпакоўняў. Для наведвальнікаў нават праводзіцца віктарына на тэму «Якому віду птушак адпавядае тое ці іншае гняздо». Сцежка выводзіць да дубравы, што займае больш як 30 гектараў. Непадалёку масток з асінавых калоў, які, згодна з паданнем, знімае нагавор, варта прайсці па ім ці патрымацца за асіну.

Падчас падарожжа, асабліва ў халоднае надвор’е, прыемна апынуцца ў лясным музеі і пагрэцца каля каміна. 

Тут сабраны пароды дрэў, якія растуць у пушчы. Студэнты біёлага-экалагічнага факультэта ГрДУ падчас практыкі дапамаглі стварыць калекцыю насельнікаў лесу.

На маршруце створана 13 месцаў адпачынку. Праўда, гэта толькі тэрыторыя для палатак. Але ў хуткім часе ў пушчы з’явіцца і першы атэль для турыстаў. Ён будзе размешчаны ў так званым візіт-цэнтры. Будынак на 250 «квадратаў» доўгі час пуставаў, і цяпер там вядуцца работы па яго аднаўленні. Такім чынам, у заказніка будзе свой адміністрацыйны аб’ект з пакоямі для турыстаў і музеем лесу. Сюды можна будзе звярнуцца з пытаннямі арганізацыі пешых і веламаршрутаў, сплаваў на байдарках, якія становяцца вельмі папулярнымі ў беларусаў.

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю