Члены Савета Рэспублікі і работнікі Сакратарыята Савета Рэспублікі сёння высадзілі алею на тэрыторыі будучага Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі і парку Народнага адзінства — у лютым гэтага года ўказам Прэзідэнта № 50 музею быў прысвоены статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі.
Гэта мерапрыемства мае асаблівае значэнне ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі, адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. «Сёлета ідзе будаўніцтва музея гісторыі нашай роднай краіны (Нацыянальны гістарычны музей. — заўв. аўт.). Калі мы разам збіраемся для таго, каб паўдзельнічаць у добраўпарадкаванні нашай цудоўнай краіны, не перашкаджае ніякае надвор’е. Талакой мы можам усё. Мы можам разам зрабіць усё для таго, каб захаваць нашу краіну цудоўнай, прыгожай, добраўпарадкаванай, чыстай, дагледжанай. Сімвалічна, што мы сёння высаджваем дрэвы тут, у парку, які будзе называцца паркам Народнага адзінства», — падкрэсліла спікер.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы падкрэсліў, што праводзіць суботнікі не толькі вясной, але і напярэдадні лістападаўскіх святаў восенню стала ўжо добрай традыцыяй. «Пасадзіўшы дрэва, асабліва ў такім знакавым месцы, чалавек пакідае аб сабе знак. Тут будзе сабрана ўся наша гісторыя. Калі-небудзь можна будзе прыйсці сюды з унукамі, паказаць ім гэтую алею і расказаць, што мы таксама ўнеслі свой уклад у гэтую добрую справу. Я думаю, тут вырастуць добрыя дрэвы, якія мы пасадзілі ў добрую глебу для цудоўнага народа», — сказаў Міхаіл Русы.
Ён таксама нагадаў словы кіраўніка дзяржавы аб добраўпарадкаванні, якое не павінна абмяжоўвацца пэўнымі мерапрыемствамі, а сыходзіць ад душы: не толькі сёлета, а ў цэлым кожны чалавек павінен настройвацца на добрую працу, каб тэхналагічныя працэсы і эканоміка краіны працавалі. «Тэма добраўпарадкавання павінна пачынацца ўнутры кожнага з нас. Учора на мерапрыемстве ў Віцебску кіраўнік дзяржавы гаварыў пра гэта. Не можа быць так, што ў аднаго атрымліваецца, а ў іншага — не. Усе прычыны таго, што адбываецца ляжаць у нас саміх», — дадаў сенатар.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц адзначыў, што надвор’е не перашкаджае працаваць, а наадварот, загартоўвае характар: «Тое, што робіцца сёння на гэтай пляцоўцы, — гэта ў некаторай ступені даніна павагі нашай гісторыі. Сёння мы высаджваем алею каля грандыёзнага будынка, які збярэ ў сваіх сценах усю гісторыю Беларусі. І наша сённяшняя праца будзе ўпісаная ў летапіс краіны. Я лічу, што гэты суботнік, нават у такое надвор’е, сімвалізуе адзінства і братэрства нашых людзей».
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік звярнуў увагу на пераемнасць пакаленняў падчас суботніка: «Сёння з намі працуюць члены Маладзёжнага савета Савета Рэспублікі. І гэта вельмі важна ў плане пераемнасці. Асабліва важна, што гэты суботнік праводзіцца ў Год добраўпарадкавання, які накіраваны на тое, каб зрабіць нашу дзяржаву чысцейшай і прыгажэйшай», — рэзюмаваў Сяргей Алейнік.
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА